Новости Новости Движения

Лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» стала Ада Райчонак

Лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» стала Ада Райчонак

4227 просмотров Бычки
На ўжо традыцыйным штогадовым уручэнні прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, якое ладзіцца ў дзень народзінаў сапраўднага нацыянальнага пісьменніка на яго радзіме, удзельнічала каля ста чалавек.

Імпрэза арганізаваная Рухам «За Свабоду». Менавіта лідэр арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч заснаваў прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава для ўшанавання асобаў, чыя творчая і грамадская дзейнасць скіравана на карысць Беларусі і Свабоды.

Ушанаваць памяць Васіля Быкава, якога беларуская інтэлігенцыя лічыць без перабольшвання сумленнем нацыі, прыехалі пісьменнікі, палітолагі, мастакі, музыкі, журналісты, прадстаўнікі мясцовых уладаў. Ролю вядучага імпрэзы ўзяў на сябе старшыня Віцебскага ТБМ Іосіф Навумчык.

Сярод удзельнікаў урачыстага мерапрыемтсва былі Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Ада Райчонак, Алесь Марачкін, Алесь Пушкін, Аляксандр Класкоўскі, Міхал Гіль, Валер Мазынскі, Фелікс Шкірманкоў ды шэраг іншых вядомых асобаў. Прысутнічалі таксама кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, ягоныя намеснікі Юрась Губарэвіч і Віктар Карнеенка, памочнік кіраўніка арганізацыі Алесь Лагвінец.

Уздоўж сценаў хаціны і гаспадарчых пабудоў былі замацаваныя карціны і габелены. Выставу пад адкрытым небам «Постаці эпохі» арганізаваў мастак Алесь Пушкін.

Напачатку выступалі літаратары, якія прысвяцілі свае прамовы памяці Васіля Быкава. Сваімі ўспамінамі падзялілася сястра пісьменніка Валянціна. Яна таксама шчыра дзякавала прысутным, што яны памятаюць пра яе брата.

Адзначаны прэміяй «За свабоду думкі» у 2009 году Алесь Пушкін абвясціў, што сёлетнім лаўрэатам стала Ада Райчонак. Яна ўганаравана за самааданую культурніцкую і асветніцкую працу на ніве нацыянальнага адраджэння.

Як адзначыў у сваёй прамове Аляксандр Мілінкевіч, гэта прэмія для тых людзей, якія сваёй руплівай дзейнасцю ідуць дарогай Свабоды і вядуць за сабой гэтым шляхам іншых.

Ада Эльеўна Райчонак значную частку жыцця прысвяціла збіранню і папулярызацыі спадчыны вядомага мастака, этнографа і асветніка Язэпа Драздовіча. Ада Райчонак стварыла ў сваёй вёсцы Германавічы Ўшацкага раёну два музеі: Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі імя Міхася Райчонка. Зараз Ада Эльеўна кіруе Культурна-адукацыйным цэнтрам імя Язэпа Драздовіча — грамадскай арганізацыі, якую яна заснавала з паплечнікамі ў 1995 годзе. З таго часу паспела арганізаваць аж 14 пленэраў. Апошні быў прысвечаны творчасці Рыгора Барадуліна, папярэдні — Васіля Быкава, ранейшы — Уладзіміра Караткевіча. Беларускія мастакі, пісьменнікі, паэты лічаць за гонар наведаць Германавічы. У вольны час Ада Эльеўна выдае газету «Бацькаўшчына», займаецца краязнаўствам, палітыкай, арганізуе мастацкія выставы ў Віцебску, Мінску. Яна выкупіла і прыводзіць у належны стан сядзібу вядомага селекцыянера Сікоры.

Пасля віншавання лаўрэаткі саліст Белдзяржфілармоніі цымбаліст Алесь Лявончык падарыў прысутным цудоўныя музычныя хвіліны. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка прачытала дыктоўку — урывак з кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». Гурт «Рэха» узняў настрой прысутных сваімі лірычна-жартаўлівымі песнямі.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Премия «За свободу мысли» имени Быкова

Последние новости