Новости Новости Движения

Вызначаны пераможцы віктарыны да дня народзінаў Васіля Быкава

Вызначаны пераможцы віктарыны да дня народзінаў Васіля Быкава

4595 просмотров Минск Бычки
Найбольш грунтоўныя адказы далі Мікалай Зайкін з Мінску і Аляксандр Ганчароў з Нісімкавічаў Чачэрскага раёну Гомельшчыны.

Прапануем Вашай увазе адказы на пытанні віктарыны Мікалая Зайкіна, якія падаліся нам найбольш разгорнутымі

1.
Анёл з’явіўся ў Беларусі
Нечысць на зямлю бяду наклікала.
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь без Быкава — Беднай хатай
Без Гаспадара.

Хто аўтар гэтага верша на смерць пісьменніка, датаванага 22 чэрвеня 2003 года?

* Адказ: Аўтар гэтага верша — Рыгор Барадулін.

2. Першая асадка Быкава? (Пытанне ад Рыгора Барадуліна)

* Адказ: Першая асадка Быкава была выраблена з чарацінкі (з трыснягу), у якую ён уставіў пяро.

3. Па якім з твораў Быкава быў пастаўлены балет?

* Адказ: Па аповесці «Альпійская балада»

4. Дзе ў Беларусі ёсць вуліца імя Васіля Быкава?

* Адказ: Вуліца Быкава знаходзіцца у пасёлку Ждановічы мінскага раёну.

5. У якім горадзе цягам 30 гадоў да пераезду ў Мінск жыў Быкаў?

* Адказ: Да пераезду у Мінск Васіль Быкаў жыў у Гародні.

6. Якую прэмію атрымаў Васіль Быкаў за аповесць «Знак бяды»?

* Адказ: За аповесць «Знак Бяды» Васіль Быкаў у 1986 годзе атрымаў Ленінскую прэмію.

7. Якую медычную прыладу насіў з сабой Быкаў і чаму?

* Адказ: Быкаў хварэў на бранхіяльную астму, таму зажды з сабой насіў інгалятар.

8. Апошні горад, дзе жыў пісьменнік на эміграцыі?

* Адказ: Прага, Чэхія.

9. Што ў якасці прэміі за добрую вучобу атрымаў Васіль Быкаў у школьныя гады?

* Адказ: Аднойчы дырэктар школы купіў Быкаву гамашы ў сельмагу.

10. Калі б не недахоп грошаў, Васіль Быкаў мог бы атрымаць спецыяльнасць... каго? Пра што гаворка?

* Адказ: Мог бы атрымаць спецыяльнасць скульптара ці мастака, бо Быкаў вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні. Пасля таго, як адмянілі дзяржаўную стыпендыю, у яго не стала сродкаў для існавання, ён быў вымушаны бросіць мастацкую вучэльню, вярнуцца ненадоўга ў вёску, а пасля зноў вярнуцца ў Віцебск вучыцца ў школе прафесіянальнага навучання (фабрычна-завадское навучанне, ФЗН), дзе давалі інтэрнат, харчаванне і вопратку.

11. Як называўся першы апублікаваны твор Васіля Быкава ў 1947 годзе ў часопісе «Вожык»?

* Адказ: Апавяданне «Дапякло».

12. Які фільм, зняты па творы Быкава, стаў самым знакамітым?

* Адказ: Фільм «Знак Бяды», рэжысёр Міхаіл Пташук.

13. Якога веравызнання быў Васіль Быкаў?

* Адказ: Хрысціянін (грэка-каталік).

14. Чаму кажуць, што Быкаў нарадзіўся двойчы?

* Адказ: У 1944 годзе Быкаў быў цяжка паранены пры наступленні пад Кіраваградам у вёсцы Вялікая Севярынка, камандзіры палічылі, што ён забіты, і родныя атрымалі «пахаронку», але апошні ліст з фронту ад Быкава быў датаваны пасля даты, пазначанай у «пахаронцы», таму родныя хоць сумавалі, але мелі надзею што Быкаў жывы, і што «пахаронка» — гэта памылка. Так і атрымалася.

І яшчэ да гэтага, у самым пачатку вайны, Быкава ледзь не растралялі чырвонаармейцы як шпіёна, бо знайшлі ў кішэні кавалак старонкі з картай, дзе ён пазначаў лнію фронту. Быкава вывелі на растрэл, але яго пашкадаваў чырвонаармеец і адпусціў. Таму насамрэч можна казаць, што Быкаў нарадзіўся тройчы, а не двойчы.

15. Каго Быкаў называў сваім настаўнікам у літаратуры?

* Адказ: Не магу адназначна адказаць. Мне падаецца — Віктар Някрасаў, але таксама мог бы быць і Аляксандр Твардоўскі. Калі казаць пра класікаў, то на Быкава паўплывалі Леў Талстой, Фёдар Дастаеўскі, Эрых Марыя Рэмарк і Эрнэст Хэмінгуэй.

16. Які выпадак на фронце стаў асновай для аповесці «Сотнікаў» і як яна спачатку называлася?

* Адказ: Першапачаткова твор называўся «Ліквідацыя». Сам Быкаў у «Доўгай дарозе дадому» піша пра аповесць, што яна нарадзілася з пачуццяў, а не «з галавы», была натхнёная сучаснасцю і што яна апісвае, як пісьменнікаў забівалі не літаральна, а праз забойства іх твораў (забарону выдаваць).

У кнізе С.Шапрана узгадваюцца іншыя папярэднія назвы твору — «Двое ўначы», «Рыбак і Сотнікаў», «Два лёсы», «Пяты пад шыбеніцай», «пяцёра пад шыбеніцай», «Лёс». У кнізе С.Шапрана узгадваецца таксама, што Быкаў прысутнічаў на судзе над былым карнікам Ляпчанка, і што магчыма Ляпчанка з’яўляецца прататыпам Рыбака.

Сам Быкаў пісаў, што хоць у яго няма досведу партызанскай вайны, але яго сябар гарадзенец, былы партызан, распавёў пра выпадак з партызанскага быту, гэты выпадак апісаны ў «Сотнікаве», калі Рыбак забірае ў старасты авечку, каб занесці ў партызанскі атрад.

Нагадаем, узнагароджанне пераможцаў віктарыны адбудзецца 19 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава ў Бычках падчас цырымоніі уручэння прэміі «За свабоду думкі», заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе.

Узнагароджанне Мікалая Зайкіна, які не меў магчымасці патрапіць у Бычкі, адбылося 22 чэрвеня ў Мінску.

Теги: віктарына,

Люди: Юрась Губарэвіч, Мікалай Зайкін,

Места: Мінск, Бычкі,

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Премия «За свободу мысли» имени Быкова

Последние новости