Новости Новости Беларуси

Сваякі Юліуса Столе паабяцалі падтрымку ва ўсталёўцы ягонага помніка ў Бярозаўцы

Сваякі Юліуса Столе паабяцалі падтрымку ва ўсталёўцы ягонага помніка ў Бярозаўцы

1345 просмотров Берёзовка
Прапраўначка заснавальніка шклозавода «Нёман» Юліюса Столе Вольга Рачыньская сустрэлася ў Бярозаўцы з ініцыятыўнай групай, якая займаецца ўсталёўкай яму помніка. Ад гэтага дня ў нас сур’ёзна паболела саюзнікаў, лічыць сябра Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак.

Сустрэча з ініцыятыўнай групай адбылася 15 жніўня. Ідэя ўсталяваць помнік знайшла гарачы водгук у прапраўначкі Столе, адзначыў сябра Руху «За Свабоду» Сяргей Пантус. Па ягоных словах, Вольга абяцала ўсебаковую падтрымку ў гэтай справе, прыехаць для сустрэчы з уладамі ў патрэбны момант.

«Я яшчэ больш упэўніўся, што мы робім годную справу і давядзем яе да канца. Помнік абавязкова будзе стаяць у цэнтральным скверы Бярозаўкі», — лічыць Пантус.

«Сама сустрэча — гэта ўжо факт таго што мы атрымалі падтрымку з яшчэ аднаго боку, пры чым вельмі важнага боку. Нашыя пазіцыі ўзмацніліся», — адзначыў Ашурак.

Па ягоных словах, прапраўначка Столе падалася яму рашучым чалавекам. «Мы знайшлі паразуменне, яна станоўча ацаніла нашу ініцыятыву, абяцала падтрымку. З яе ўдзелам мы вывелі пытанне ўсталёўкі помніка на міжнародны ўзровень», — дадаў сябра Руху «За Свабоду».

Вольга Рачыньская прыехала ў Бярозаўку на некалькі дзён. За гэты час яна наведала шклозавод, наведалі старыя цэхі (Гуты), месца пахавання Юліуса Столе, наведала будынкі, дзе калісьці жылі продкі, касцёл, які фундаваў Столе.

«Мы таксама з’ездзілі ў наваградскі музей Адама Міцкевіча. Вольга хацела наведаць музей, бо яе дзядуля, калі быў у лагерах напамяць вывучыў „Пана Тадэвуша“, і гэта дапамагло яму выжыць», — адзначыў журналіст, сябра Руху «За Свабоду», які суправаджаў гасцей, Юрась Дзяшук.

Зараз сябры Руху «За Свабоду» пад кіраўніцтвам Вітольда Ашурка распачалі кампанію па збору подпісаў у падтрымку ўсталёўкі помніка. «Гэта перадусім кантакт з грамадствам, каб адказаць на пытанні людзей, пераканаць далучыцца і падтрымаць нашу ініцыятыву. У Бярозаўцы павінны стаяць помнік рупліваму чалавеку Юліусу Столе, які шмат зрабіў для нашага горада», — заключыў Ашурак.

Автор: Ольга Быковская

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости