Новости Новости Беларуси

В МИД и Сейме Польши встретились с белорусскими политиками

В МИД и Сейме Польши встретились с белорусскими политиками

580 просмотров Варшава
4 июля делегация белорусских партий и общественных организаций посетила Варшаву.

Прадстаўнікі Беларусі на пасяджэньні камісіі па міжнародных справах Сэйма Польшчы. Зьлева направа: Алена Анісім, Юрый Губарэвіч, Віталь РымашэўскіФота: PAP/Tomasz Gzell

4 ліпеня прайшлі сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў, а ў міжнароднай камісіі Сэйма Польшчы адбыліся слуханьні па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх партый і грамадзкіх арганізацый, якія знаходзяцца ў апазыцыі да цяперашніх улад Беларусі, і прадстаўнікоў улад Польшчы адбываюцца ў Варшаве рэгулярна. Гэтым разам у Варшаву прыбылі кіраўнікі вядучых апазыцыйных сіл: ад “Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч, ад “Руху салідарнасьці “Разам” Ігар Лялькоў, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, ад арганізацыі “Гавары праўду!” Тацьцяна Караткевіч, ад Беларускага нацыянальнага кангрэса Ўладзімір Някляеў, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Варшава, 4 ліпеня 2018 г. Сэйм Польшчы. Сустрэча беларускіх і польскіх палітыкаў. Фота: facebook.com/Anatol.Liabedzka

Беларусы на працягу гадзіны вялі размову з намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Барташам Ціхоцкім. На гэтай сустрэчы таксама прысутнічалі кіраўнікі дэпартамэнтаў і аддзелаў міністэрства, якія адказваюць за ўсходнюю палітыку Польшчы.

Апрача сустрэчы ў МЗС адбылося слуханьне ў міжнароднай камісіі польскага Сэйма. Прысутнічалі члены камісіі, якія прадстаўлялі як кіруючую, так і апазыцыйныя партыі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі беларускіх арганізацый у Варшаве (у прыватнасьці, Алесь Зарэмбюк ад фонда “Беларускі дом”).

Юрый Губарэвіч, кіраўнік “Руху “За свабоду”: Галоўны тэзіс перагавораў: Беларусь не застанецца без увагі Польшчы, і тыя прынцыпы палітыкі, якія заклаў яшчэ Ежы Гедройць, г. зн. падтрымка незалежнасьці суседніх з Польшчай краін, застаюцца актуальнымі і сёньня. Польшча хацела б бачыць Беларусь як моцнага суседа, які мае рэальную незалежнасьць і сувэрэнітэт і цьвёрда стаіць на нагах у эканамічным пляне. На думку польскіх суразмоўцаў, гэта немагчыма ў адрыве ад зьмены палітычнага клімату, ад рэальнай магчымасьці беларусам абіраць сваю ўладу.

Варшава, 4 ліпеня 2018 г. Дэпутат Міхал Каміньскі (на першым пляне), Ірына Вештард, Тацьцяна Караткевіч падчас пасяджэньня камісіі па міжнародных справах Сэйма Польшчы. Фота: PAP/Tomasz Gzell

У Варшаву плянаваўся таксама прыезд двух вядомых беларускіх палітыкаў — старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалая Статкевіча. Аднак напярэдадні візыту яны былі затрыманы беларускай міліцыяй. Іх крэслы на варшаўскіх сустрэчах былі пустыя.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі: Гэта крок сілавых структур Беларусі, якія традыцыйна выступаюць за міжнародную ізаляцыю Беларусі, за страту беларускай незалежнасьці, яны адчуваюць піетэт перад расейцамі. Затрыманьне Кастусёва і Статкевіча выклікала нэгатыўную рэакцыю ў польскім Сэйме і не палепшыла міжнародны імідж Беларусі. Гэтыя затрыманьні паказваюць сытуацыю ў Беларусі такой, якая яна ёсьць на самай справе: брутальнае парушэньне правоў чалавека, адсутнасьць у краіне дэмакратычных свабод. Такія выпадкі робяць немагчымым паглыбленьне адносін паміж Эўрапейскім саюзам і Беларусьсю.

Варшава, 4 ліпеня 2018 г. На першым пляне -- Малгажата Гасеўска, намесьнік кіраўніка камісіі па міжнародных справах Сэйма Польшчы. Фота: PAP/Tomasz Gzell

На сустрэчы ў Сэйме прадстаўнікі ўсіх польскіх партый — і кіруючай і апазыцыйнай — былі аднадушныя ў ацэнцы сытуацыі ў Беларусі. Прадстаўнікі Беларусі зьвярнуліся да польскіх калег з заклікам праводзіць пасьлядоўную палітыку ў дачыненьні да афіцыйнага Менска.

Віталь Рымашэўскі: Мы казалі пра тое, што Польшчы, Эўрапейскаму саюзу бракуе стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, можа быць, да ўсяго Ўсходняга партнэрства. І мы заклікалі Польшчу стаць правадніком гэтай стратэгіі, якая б уключала ня толькі супрацоўніцтва зь беларускімі алігархамі, кіраўніцтвам беларускага рэжыму, але ўключала і ўвесь беларускі народ, грамадзянскую супольнасьць, дэмакратычную апазыцыю. І ў гэтым пытаньні мы дайшлі да паразуменьня як у МЗС, так і ў міжнароднай камісіі Сэйма. І мы будзем далей працаваць над тым, каб паводзіны Эўрапейскага саюза, Польшчы ў дачыненьні да Беларусі не выглядалі мітусьлівымі, калі спачатку прымаюцца санкцыі, гучаць жорсткія заклікі, а потым усе патрабаваньні здымаюцца і адчыняюцца ўсе дзьверы для беларускага рэжыму.

Заява камісіі па міжнародных справах Сэйма Польшчы аб сытуацыі ў Беларусі. 4 ліпеня 2018 г. Фота: facebook.com/Anatol.Liabedzka

На сустрэчах у Варшаве прадстаўнікі Беларусі паднялі таксама пытаньне аб дыскрымінацыі беларускай мовы ў Беларусі. З дакладам на гэту тэму выступіла Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы.

Алена Анісім: Падчас сустрэчы я падзякавала польскаму ўраду за тую падтрымку, якую ён аказвае СМІ і іншым праектам грамадзянскай супольнасьці, у аснове якіх ляжыць пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ўнутры Беларусі. І я зьвярнула ўвагу на тое, што для нас беларуская мова зьяўляецца фактарам нацыянальнай бясьпекі. Гэта паказалі і падзеі ва Ўкраіне, і вопыт усіх дзяржаў, якія будуюцца на аснове нацыянальнай мовы і культуры. Гэта той цэмэнт, які фарміруе нацыю, нацыянальную ідэнтычнасьць і забясьпечвае ўстойлівае разьвіцьцё краіны.

Юрый Губарэвіч: Нашы польскія калегі разумеюць моўную праблему ў Беларусі. Для іх гучыць натуральным, што асноўная нацыя, якая фарміруе краіну, павінна мець магчымасьць карыстацца сваёй мовай, і любыя зьнешнія ўплывы толькі аслабляюць незалежнасьць.

Варшава, 4 ліпеня 2018 г. Ірына Вештард і Тацьцяна Караткевіч падчас пасяджэньня камісіі па міжнародных справах Сэйма Польшчы. Фота: PAP/Tomasz Gzell

Каб паглыбіць сувязі паміж беларускімі палітыкамі і іх польскімі калегамі ў Варшаве адбылося падпісаньне двухбаковага дагавора аб супрацоўніцтве. Зь беларускага боку дакумэнт падпісалі прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, “Руху “За свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, з польскага — “Грамадзянская плятформа”.

Беларусы ў той жа час заявілі аб жаданьні больш шчыльнага супрацоўніцтва з кіруючай партыяй “Права і справядлівасьць”.

Віктар Корбут

Источник: radyjo.net

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости