Новости Новости Беларуси

Каля парку Чалюскінцаў у Менску высякуць 273 дрэвы. Тут будуюць бізнэс-цэнтар

Каля парку Чалюскінцаў у Менску высякуць 273 дрэвы. Тут будуюць бізнэс-цэнтар

1524 просмотра Минск
На месцы былога дзіцячага садка на праспэкце Незалежнасьці, 93б мае зьявіцца новы бізнэс-цэнтар. Менгарвыканкам дазволіў сьпілаваць больш за 300 дрэваў і кустоў вакол будоўлі — у дварах навакольных дамоў. Жыхары лічаць рашэньне ўладаў незаконным, і цяпер яны пільнуюць рабочых зелянбуду.

«Тут паўтараецца сытуацыя з Курапатамі»

«Увесь квартал ад праспэкту Незалежнасьці ўваходзіць у ахоўную зону. Тут нельга будаваць нічога, што павялічвае нагрузку на навакольнае асяродзьдзе», — распавядае Свабодзе Галіна Сінілевіч, жыхарка раёну.

Два тыдні таму ў квартале паміж праспэктам Незалежнасьці, вуліцамі Талбухіна і Мяржынскага зьнесьлі закінуты дзіцячы садок. Па словах мясцовых жыхароў, ад сярэдзіны 1990-х у ім разьмяшчаўся адзін з аддзелаў КДБ. Больш за дзесяць гадоў будынак пуставаў.

Увосень 2017 году стала вядома, што кампанія «Вецер» зьбіраецца пабудаваць бізнэс-цэнтар на тэрыторыі садка. Замест двухпавярховага пасьляваеннага будынка тут маюць узьвесьці дом вышынёй 18 мэтраў. Гэта максымальна дазволеныя памеры, каб дом не было відаць з праспэкту Незалежнасьці.

Пазьней выявілася, што пад бізнэс-цэнтрам будзе яшчэ паркінг на 129 аўтамабіляў. А каб зрабіць пажарны праезд, забудоўнік плянуе выйсьці за межы сваёй тэрыторыі і высекчы дрэвы каля суседніх дамоў.

«На маю думку, тут паўтараецца сытуацыя з Курапатамі, — сказаў Свабодзе Юрась Губарэвіч, старшыня руху „За свабоду“. Ён займаецца праблемай будоўлі з часу выбараў у мясцовыя дэпутаты, калі балятаваўся ад гэтай акругі. — Ідзе відавочнае парушэньне заканадаўства. За нейкі хабар, дамоўленасьці, зацікаўленасьці бізнэс атрымлівае магчымасьці для забудовы. І ня ўтойвае гэтага».

«Тут, як у маленькай вёсцы, дзе ўсе ведаюць адно аднаго»

За два апошнія тыдні зьнесьлі былы садок і высеклі ўсе дрэвы на тэрыторыі будучай забудовы. Потым зьявіліся ўлёткі, што рабочыя зелянбуду высякуць і дрэвы па-за тэрыторыяй былога садка. У лісьце Менгарвыканкаму ідзе гаворка пра 273 дрэвы і 63 кусты.

«Калі зелянбуд прасілі абрэзаць і акультурыць дрэвы, ніхто не адказваў. А як сьпілаваць — адразу», — кажа Мікалай, мясцовы жыхары.

Людзі абураныя, што яны пацярпяць праз будоўлю бізнэс-цэнтру. Вакол садка шмат дрэваў і кустоў, мясцовыя называюць гэтую частку квартала «нашым паркам».

«Гэта добры зялёны кавалак Менску побач з асноўнымі магістралямі, — кажа Юрась Губарэвіч. — Тут людзі могуць вольны дыхаць. Іх хочуць усяго гэтага пазбавіць».

Віталь Ухванаў жыве ў доме каля праспэкту Незалежнасьці. З 1950-х у гэтым раёне жылі ягоныя бабуля і дзед. Разам з суседзямі яны высаджвалі дрэвы каля сваіх дамоў больш як 50 гадоў таму.

«Мне раён вельмі падабаецца, — кажа Віталь. — Тут ціха, спакойна, зелена. Ёсьць адчуваньне сувязі з суседзямі. Тут, як у маленькай вёсцы, дзе ўсе ведаюць адно аднаго і дапамагаюць адно аднаму».

Многія старыя жыхары маюць нейкае дачыненьне да войска, бо раней тут выдзялялі кватэры для вайскоўцаў і адстаўнікоў. Самі двары і тэрыторыі некалькіх дамоў адносяцца да каапэратываў. Гэта значыць, толькі жыхары дамоў могуць вырашаць, што рабіць зь любымі насаджэньнямі.

«Яны брэшуць нахабна, пакуль не запахла смажаным»

21 ліпеня, калі зелянбуд зьбіраўся пілаваць дрэвы, жыхары пільнавалі рабочых. Яны гатовыя бараніць дрэвы, бо лічаць рашэньне ўладаў незаконным.

На месцы будоўлі была сустрэча з намесьнікам міністра архітэктуры і будаўніцтва. Двойчы жыхароў прымалі ў адміністрацыі Першамайскага раёну. Але адказаў на спрэчныя пытаньні жыхары не атрымалі. Усе афіцыйныя асобы адказваюць, што забудоўнік усё робіць паводле закону.

«Адзінае, што засталося, гэта трымацца за дрэвы і судзіцца», — кажа Ірына, жыхарка квартала.

Цяпер жыхары падалі пазоў у суд, каб спыніць будоўлю. Да кампаніі-забудоўніцы ёсьць тры асноўныя прэтэнзіі. Па-першае, у жылой зоне нельга будаваць стаянкі і паркоўкі для больш як 50 аўтамабіляў. Па-другое, будаўніцтва вядзецца ў ахоўнай зоне. Па-трэцяе, дагэтуль забудоўнік не падаў дакумэнтаў, зь якіх была б вядомая аддаленасьць новага будынка ад жылых дамоў.

Якія дакладна дрэвы зьбіраюць высекчы, да канца невядома. Плошчу высечкі жыхары вызначаюць па тым, дзе зьявіліся паперяджальныя аб’явы

Якія дакладна дрэвы зьбіраюць высекчы, да канца невядома. Плошчу высечкі жыхары вызначаюць па тым, дзе зьявіліся паперяджальныя аб’явы

«Яны могуць паставіць свой будынак, але ня маюць права пагоршыць жыцьцё кварталу, — кажа Галіна Сінілевіч. — А ў адказах чыноўнікаў супярэчнасьць на супярэчнасьці. Яны брэшуць нахабна і перакідваюць адказнасьць адзін на аднаго, пакуль не запахла смажаным».

Чарговае слуханьне прызначана на 12 ліпеня. Жыхары ўпэўненыя, што яны могуць спыніць будаўніцтва. З адказаў забудоўніка незразумела, якога кшталту паркоўку зьбіраецца будаваць «Вецер». А гэта падстава, каб дамагчыся новага грамадзкага абмеркаваньня і перагляду ацэнкі ўплыву на навакольнае асяродзьдзе.

«Гэта добры квартал, яго трэба захаваць. Нельга яго пачварыць, — кажа Альберт Пятровіч, яшчэ адзін мясцовы жыхар.

Канфлікт з забудоўнікамі мабілізаваў мясцовых жыхароў. Цяпер яны зьбіраюцца правесьці пікет у абарону дрэваў. А таксама разважаюць, як можна прыдаць раёну новае жыцьцё.

«Будынак даўно трэба было зрабіць культурным цэнтрам, зрабіць тут парк добры і пастаіць лаўкі, — кажа Віталь Ухванаў. — Тут шмат клясных людзей, якім бракуе месца для сацыялізацыі. Тут такое месца мусіла быць».

Парк Чалюскінцаў забудоўваюць зь некалькіх бакоў

Бізнэс-цэнтар на месцы дзіцячага садка — чарговы інвэстыцыйны праект вакол парку Чалюскінцаў. Раней на месцах старых двухпавярховых дамоў у суседнім квартале пабудавалі некалькіх шматпавярховікаў. Працягваецца будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу сэрбскай кампаніі «Дана-Астра» за паркам Чалюскінцаў. Каб пашырыць вуліцу, уздоўж вуліцы Макаёнка высеклі цэлую алею. Неўзабаве пачнецца будаўніцтва пасярод дзіцячай чыгункі.

Антон Трафімовіч

Источник: www.svaboda.org

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости