Новости Новости Беларуси

Губарэвіч сустрэўся ў Віцебску з актывістамі руху «За свабоду»

Губарэвіч сустрэўся ў Віцебску з актывістамі руху «За свабоду»

1423 просмотра Витебск
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч правёў 27 траўня чарговую сустрэчу з прадстаўнікамі ўсходняй Віцебшчыны. Абмен думкамі і наладжваньне рэгулярнай камунікацыі паміж кіраўніцтвам і рэгіянальнымі актывістамі — важны элемэнт зваротнай сувязі.
У сваёй прамове Губарэвіч паспрабаваў ахапіць зробленае рухам за апошнія паўтары гады. Маўляў, агучанае спатрэбіцца для далейшай дыскусіі.

Як ён адзначыў напачатку, адметнасьць руху палягае ў максымальным прыярытэце эўрапейскага выбару для Беларусі. У тым сэнсе, што эўрапейскі выбар – гэта ня толькі магчымая інтэграцыя краіны ў Эўрапейскі Зьвяз, але і разуменьне Эўропы як стратэгічнага партнэра, як пэўны арыентыр у пляне каштоўнасьцяў, дзяржаўнага кіраваньня, дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека. Такі выбар вынікае з досьведу, што пошук «свайго шляху», як паказвае практыка, прыводзіць да ўсталяваньня дыктатарскага рэжыму і ізаляцыі краіны. Беларусь якраз і знаходзіцца паміж супрацьлеглымі цывілізацыйнымі полюсамі: полюсам эўрапейскай дэмакратыі і полюсам расейскай аўтакратыі, якая ўсё больш спаўзае да таталітарызму.

Удзел рухаўцаў у «маршах недармаедаў»

Леташнія «маршы недармаедаў» скаланулі ўсю краіну, у тым ліку і Віцебск, дзе на вуліцы гораду выйшлі каля дзьвюх тысячаў гараджанаў. Было адзначана, што на першым этапе пасьля прыняцьця дэкрэту аб дармаедзтве рух аказваў юрыдычную дапамогу грамадзянам, якія атрымалі «лісты шчасьця». Дапамагалі зьвяртацца ў падатковую, выканкамы. Частка такіх зваротаў з дапамогай юрыстаў дала плён.

Стыхійныя выступы ў Бабруйску, Віцебску, Гомлі, Воршы сталі нечаканымі як для ўлады, так і для апазыцыі, для якой паўстала пытаньне яе ўдзелу ў гэтых падзеях. Разам з тым яшчэ напярэдадні гэтых выступаў правай кааліцыяй, сябрам якой рух зьяўляецца, падаваліся заяўкі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, ішла падрыхтоўчая праца, а ў складзе ініцыятыўных групаў на месцах былі чальцы кааліцыі. Яны рабілі абвесткі, прызначалі час праз сацыяльныя сеткі. Таму было прынятае рашэньне ня толькі далучыцца да пратэстаў, але і ўзначаліць іх там, дзе тое было магчыма. Рыхтавалася гукаўзмацняльная тэхніка, плякаты, складаліся сьпісы выступоўцаў, распрацоўваліся маршруты, пісаўся зьмест рэзалюцыяў, якія мусілі прыняць пратэстоўцы. У тых гарадох (прыкладам, Пінск), дзе такая папярэдняя праца не была праведзеная, людзі наўпрост хадзілі вакол камэраў «Белсату» ды «Свабоды» і выказвалі свае меркаваньні.

Неабходнасьць перахопу правай кааліцыяй пратэставай ініцыятывы вынікала яшчэ і з рэальнай пагрозы выкарыстаньня народнай актыўнасьці прадстаўнікамі «рускага сьвету». Замест нас маглі прыйсьці людзі, якія б заявілі, што Лукашэнка дрэнны, але ёсьць альтэрнатыва: Пуцін.

Ці трэба браць удзел у выбарчых кампаніях?

Удзел руху ў выбарчых кампаніях вызначаецца некалькімі мэтамі.

Па-першае, гэта дэманстрацыя альтэрнатывы і ў асобах новых лідэраў, і ў праграмах, і ў падыходах. Месяц агітацыйнай кампаніі – гэта магчымасьць пачуць на жыва тых, каго не пакажуць па БТ. Гэта дэманстрацыя таго, што ў краіне ня ўсё так безнадзейна і ня ўсё завязанае толькі на адну кіруючую сям'ю, што ёсьць альтэрнатыва, вартая падтрымкі.

Другі момант – гэта магчымасьць вырашэньня канкрэтных праблемаў у працы зь людзьмі, бо ў міжвыбарчы пэрыяд той жа збор подпісаў зазвычай можа стацца платным – у некалькі базавых велічыняў. Выбарчая кампанія дае ўнікальную магчымасьць выказваньня грамадзкіх патрабаваньняў да гарадзкой адміністрацыі наўпрост праз мэгафон, які дазваляе нават запісацца на прыём да старшыні райвыканкаму літаральна за пяць хвілінаў. Калі ж такіх прыкладаў у тваёй дзейнасьці няма, цяжка зматываваць людзей на актыўны пратэст.

Важным момантам зьяўляецца і назіраньне за выбарамі. На ўчастках, дзе апазыцыйных назіральнікаў і кандыдатаў у дэпутаты не бывае, там для заходніх назіральнікаў ствараецца ідэальная карцінка «празрыстасьці»: прыяжджай, назірай, прызнавай.

Сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР

Як адзначыў выступоўца, дазвол на правядзеньне сьвяточнага мерапрыемства ў цэнтры Менску вынікае з усьведамленьня Лукашэнкам, што саюзьніка на ўсходзе для яго няма. Таксама зьмянілася і ягонае стаўленьне да разуменьня пабудовы дзяржавы, якая ня можа трымацца толькі на сілавым апараце і чынавенстве.

Сьвяткаваньне стогадовага юбілею БНР у цэнтры Менску стала самай масавай акцыяй апошніх гадоў. Важнасьць гэтага мерапрыемства палягае ў тым, што вялікая колькасьць наведнікаў прадэманстравала – у Беларусі шмат прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасьцяў. І менавіта такі фармат мерапрыемства 25 сакавіка дазволіў гэтым людзям сабрацца разам.

Дыскусійная частка

Першым дыскусію пачаў прадстаўнік Аршаншчыны Юры Нагорны. Ён адзначыў, што сярод новых сяброў руху замала моладзі. Яна ўсьведамляе, што, займаючыся апазыцыйнай дзейнасьцю у Беларусі, не пракорміш сям'ю, ня зробіш кар'еру. У адрозьненьне ад Менску, у рэгіёнах адным і тым жа людзям даводзіцца займацца і культурніцкімі справамі, і палітычнай дзейнасьцю.

Каардынатар руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці Леанід Гаравы адзначыў праблематычнасьць суіснаваньня ў межах руху палітычнага і грамадзкага пачаткаў. Частка рухаўцаў больш схільная да грамадзкай дзейнасьці, частка – да палітычнай, камусьці даводзіцца іх спалучаць. Ёсьць выпадкі, калі залішняя канцэнтрацыя на грамадзкай дзейнасьці не дае плёну падчас выбарчых кампаніяў. Так, у Полацку на апошніх мясцовых выбарах ня быў вылучаны ніводзін кандыдат у дэпутаты, хаця актывісты там арганізоўваюць шмат адукацыйных сустрэч зь цікавымі асобамі.

Выказаў Леанід і крытычныя заўвагі на адрас кампаніі «Права выбару», у працы якой рух удзельнічае. Паводле яго, якасных зрухаў у назіраньні не адбываецца. Ён адзначыў, што мала зафіксаваць парушэньне – трэба абскардзіць яго ў вызначаным парадку, аж да судовага разбору.

Абласны каардынатар руху падкрэсьліў, што Віцебская вобласьць – адно з наймацнейшых структурных падразьдзяленьняў, якое мае разгалінаваную сетку прысутнасьці сяброў арганізацыі на мапе рэгіёну. Ёсьць і новыя чальцы, але пашырэньне колькасьці рухаўцаў – найгалоўнейшая задача, якую мусяць вырашаць рэгіянальныя каардынатары.

Выказаў спадар Гаравы і сваё стаўленьне да будучых прэзыдэнцкіх выбараў, падкрэсьліўшы важнасьць вылучэньня адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай кааліцыі.

Колішні віцебскі кіраўнік руху Хрыстафор Жаляпаў сваім выступам дадаў аптымізму. Ён нагадаў, што некалі арганізацыя стваралася як вялікае рушэньне дэмакратычных сілаў. Час зьмяняецца, абставіны зазвычай вышэйшыя за чалавечыя магчымасьці, але ня трэба губляць імпэту. Кожнае пакаленьне мусіць рабіць сваю справу дзеля будучыні краіны. Нягледзячы ні на што, актывістамі руху робіцца шмат карысных справаў і на палітычнай і на культурнай ніве.

Дыскусія была цікавай і плённай. Яна акрэсьліла шэраг важных момантаў па арганізацыі ўнутрыпартыйнага жыцьця на найбліжэйшы час і на пэрспэктыву.

С. Горкі

Источник: vitebskspring.org

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости