Новости Новости Беларуси

Праграма «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка ў Мінску да 100-годдзя БНР

Праграма «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка ў Мінску да 100-годдзя БНР

1852 просмотра Минск
25 сакавіка ў Мінску на плошчы каля Вялікага тэатра оперы і балета адбудзецца маштабны фестываль да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі «Свята Незалежнасці». Мерапрыемства афіцыйна дазволена Мінгарвыканкамам.

Падрабязная і канчатковая праграма «Свята Незалежнасці» з мапай фестывалю будуць апублікаваныя за некалькі дзён да юбілейнай даты і будзе распаўсюджвацца валанцёрамі разам з іншай прома-прадукцыяй да 100-годдзя БНР падчас мерапрыемства.

25 сакавіка а 13-й гадзіне пачатак Урачыстага збору. З гэтага часу на галоўнай сцэне Свята пачнецца музычная праграма з выступамі гуртоў «Мутнаевока» і Amaroka.

Паралельна на тэрыторыі фестывалю распачнуць працу тэматычныя пляцоўкі:

♦ пляцоўка «Вуліца БНР» з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад творчых, культурніцкіх, грамадскіх і палітычных арганізацый краіны;

♦ пляцоўка «Ежа БНР» з кропкамі харчавання, дэгустацыйнымі стэндамі, фуд-кортамі і беларускімі стравамі;

♦ пляцоўка «Кірмаш БНР» з сувенірамі і падарункамі ў нацыянальным стылі, беларускамоўнай літаратурай і настольнымі гульнямі, прэзентацыяй разнастайнай прадукцыі да 100-годдзя БНР;

♦ пляцоўка «Дзеткі БНР» з адукацыйна-забаўляльнымі заняткамі для дзетак, гульнямі і аквагрымам у нацыянальным стылі.

А 14-й гадзіне пачнецца ўрачыстае адкрыццё «Свята Незалежнасці», якое правядуць легендарная дыктарка беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка і вядучы тэлеканалу «Белсат» Усевалад Сцебурака.

У межах урачыстай часткі запланаваныя выступы запрошаных гасцей свята, зачытванне 3-й Устаўной граматы, тэатральна-музычная праграма з удзелам актораў «Свабоднага тэатра» і музыкаў. Спявачка Таццяна Грыневіч і мужчынскі хор Headspring выканаюць нацыянальныя гімны беларусаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа» і «Пагоня».

З 15:00 да 19:00 на галоўнай сцэне Свята запланаваныя выступы Ігара Варашкевіча і гурта «Крама», Касі Камоцкай з песнямі гурта «Новае Неба», Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, папулярных гуртоў Akute, «РСП», Dzieciuki. Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць аб’яўленыя за некалькі дзён да 25 сакавіка.

Весці музычна-забаўляльную частку свята будуць акторы «Свабоднага тэатра» Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.

У межах Свята на галоўнай сцэне таксама адбудуцца:

♦ анлайн-прэзентацыя песні Лявона Вольскага да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі;

♦ Спеўны сход з Сяржуком Доўгушавым з праграмай «Песні і гімны БНР»;

♦ розыгрыш падарункаў ад генеральнага партнёра свята — беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, ад афіцыйных спонсараў: кампаніі «Цесляры», гульнявой прасторы Quvalda, каталога беларускамоўнага бізнесу і паслугаў «Свае.бел», крамы «Мой модны кут», Мінскага гадзіннікавага завода «Луч»;

♦ віншавальныя выступы ад вядомых і паважаных беларусаў ды прадстаўнікоў арганізатараў свята: Партыі БНФ, руху «За Свабоду», установы «Амарока» (Арт Сядзібы), Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Галоўная пляцоўка фестывалю будзе абсталяваная вялікімі экранамі з трансляваннем выступаў гасцей і музыкаў на сцэне, відэа-віншаваннямі ад паважаных беларусаў з усяго свету, праектаваннем тэкстаў песень падчас «Спеўнага сходу» ды іншай святочнай візуалізацыяй.

Уваход на мерапрыемства вольны. Набыць сімвалічны квіток і падтрымаць падрыхтоўку «Свята Незалежнасці» варта на Talaka.by.

► Афіцыйны сайт мерапрыемства: bnr100.by.

Дата правядзення: 25 сакавіка 2018 года.

Месца: плошча Парыжскай Камуны, 1 (пляцоўка каля Вялікага тэатра оперы і балета).

Час мерапрыемства: 13:00 — 19:00.

Выкарыстанне нацыянальнай сімволікі Беларусі і гістарычнай сімволікі БНР узгодненыя з Мінгарвыканкамам і ГУУС.

Увага, у праграме магчымыя змены!

Дазвол Мінгарвыканкама аб правядзенні масавага мерапрыемства

№ 1/2-22/1935 ад 01.03.2018.

Источник: naviny.by

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

День Воли

Последние новости