Новости Новости Беларуси

Прыпіскі, «каруселі» і іншыя фальсіфікацыі — сябры Руху «За Свабоду» пра мясцовыя выбары

Прыпіскі, «каруселі» і іншыя фальсіфікацыі — сябры Руху «За Свабоду» пра мясцовыя выбары

1449 просмотров Могилев Барановичи Брест Витебск Горки Дрибин Лида Берёзовка Минск Слоним Гродно
Па выніках кампаніі ў мясцовыя саветы апыталі сябраў Руху «За Свабоду», якія прайшлі этап рэгістрацыі і ўдзельнічалі ў іх у якасці кандыдатаў у дэпутаты саветаў розных узроўняў.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Мінгорсавет

«На маёй акрузе быў стандартны набор парушэнняў. Па-першае, выбаркам, каб забяспечыць патрэбны вынік маніпуляваў з яўкай выбарцаў пад час датэрміновага галасавання. Па-другое, быў зафіксаваны недопуск назіральнікаў да падліку галасоў», — распавёў сайту Pyx.by Губарэвіч.

Выключэннем ў гэтым шэрагу стаў участак № 7, дзе назіральнікі і давераныя асобы дамагліся справядлівага падліку галасоў. «І ў выніку гэта быў адзіны ўчастак, дзе была афіцыйна прызнана, што я перамог», — падкрэсліў палітык, адзначыўшы, што падаў скаргу на непрызнанне вынікаў выбараў.

Чытаць далей

Юрый Казакевіч, брэсцкі абласны каардынатар Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога і Брэсцкага абласнога саветаў

«У гэтым годзе члены „выбарчых“ камісій хлусілі асабліва нахабна і бессаромна — ніхто і не чакаў іншага, вядома, але каб так ... Вялікая колькасць парушэнняў іх жа заканадаўства. Але затое як старанна яны правяралі подпісы грамадзян пры рэгістрацыі незалежных кандыдатаў! Вось тады яны былі ну вельмі прынцыповымі», — сказаў Юрый Казакевіч.

Па ягоных словах, «кандыдатам не ад уладаў у Баранавіцкі горсавет напісалі ад 8,3% до 21,6% (камуністу)». «Мне менш за ўсіх! Я вось думаю, гэта добра ці кепска? Думаю, добра!» — сказаў Казакевіч.

Чытаць далей

Данута Васілюк, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Баранавіцкі гарадскі савет

«Па афіцыйных дадзеных, я набрала 16,7%, я чакала, што ўсё так і будзе, — адзначыла Данута Васілюк. — Людзі галасавалі, мяне падтрымлівалі. Удзячная усім, хто прагаласаваў за мяне».

Пасля выбараў яна плануе працягнуць сваю дзейнасць і надалей змагацца за свой раён. «Падрыхтую зварот у гарвыканкам, пачну збіраць подпісы, размаўляць з людзьмі, распавяду пра падман на мясцовых выбарах і патрабаваць, каб дарабілі дарогу і пачалі будаўніцтва каналізацыі», — дадала актывістка Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Мікіта Семяненка, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Мінскі гарадскі савет

«На сёння ў мяне няма выніковых лічбаў па выбарах, бо не на ўсіх участках захаваліся на падліку галасоў незалежныя назіральнікі», — распавёў Мікіта Семяненка.

Ён нагадаў, што менавіта на ягонай акрузе адбыўся скандал з кодам 000-179, калі ў пашпарты быў упісаны код і па ім можна было прагаласаваць некалькі разоў. «Вынікі галасавання па маім раёне — Кунцаўшчыне — я прызнаць не магу. Адбыўся скандал 000-179, зафіксаваныя „каруселі“, была накручаная яўка, адбыўся падлог выбараў. Выбары ў Кунцаўшчыне не адбыліся», — лічыць Мікіта Семяненка.

Малады палітык падаў скаргу на непрызнанне выбараў і скаргі і праваахоўныя органы для раследвання фальсіфікацыяў.

Чытаць далей

Хрыстафор Жаляпаў, сябра Рады Руху «За Свабоду», экс-кандыдат в Віцебскі гарсавет


«Як чакалася, так і адбылося на гэтых выбарах. Не было ніякіях ілюзіяў, што будзе рабіцца па-іншаму», — адзначыў Хрыстафор Жаляпаў.

Ён падкрэсліў, што менавіта для таго, каб было лягчэй фальсіфікаваць была накрутка яўкі і вялікі працэнт людзей, якія прыйшлі галасаваць на датэрміновае галасаванне.

Уладзімір Сіманковіч, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Віцебскі гарадскі савет

«Мне „намалявалі“ 3,82%, гэта другое месца з двух кандыдатаў», — распавёў Сіманковіч. Сярод парушэнняў ён назваў неверагодную колькасць выбарцаў, якія прагаласавалі па месцу знаходжання на адным з участкаў: 200 чалавек за адну гадзіну.

Але агулам, кажа палітык, уражанні ад гэтых выбараў больш светлыя, чым ад мінулых: менш змрочна і подла ўсё адбывалася.

«Далейшыя планы сумесна з Рухам „За Свабоду“ не спыняць палітычную дзейнасць і рыхтавацца да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. У Віцебску гатовыя да ўсяго», — дадаў Уладзімір Сіманковіч.

Чытаць далей

Аляксей Гаўруцікаў, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Віцебскі абласны і гарадскі саветы

«Мне далі другое месца. Прычым, што самае дзіўнае на ўсіх трох участках — двое з іх новыя, а адзін, дзе я жыву, ад якога быў дэпутатам, 7,5 гадоў, тут людзі ходзяць звяртаюцца да мяне як дэпутата, бо яны прагаласавалі і не ведаюць, што „абралі“ іншага. Дык вось на гэтым участку з 1245 выбарцаў — 92 за мяне, а за кіраўніка аддзела райвынкама — 1053. Гэта проста здзек», — распавёў Аляксей Гаўруцікаў.

Па ягоных словах. далей чакае праца: «нас чакаюць парламенцкая, прэзідэнцкая кампаніі». «На парламенцкай кампаніі буду працягваць прасоўваць свае ідэі. Частка з іх, дзякуючы кампаніям, ужо трапіла ў заканадаўства», — дадаў актывіст Руху «За Свабоду» Аляксей Гаўруцікаў.

Чытаць далей

Зміцер Шыманскі, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Брэсцкі гарадскі савет

«Афіцыйны мой вынік на выбарах — 21,4%, гэта другое месца на акрузе», — распавёў Зміцер Шыманскі.

Парушэнні, па ягоных словах, пад час выбараў «былі самы стандартныя»: «не пускалі да сталоў назіральнікаў, калі ішоў падлік галасоў, адмяралі для іх тры метры». «На адным хіба што ўчастку прагортвалі ўсе стопкі з бюлетэнямі. Там я перамог», — дадаў палітык.

«Нічога не змянілася насамрэч. Нехта кажа, што ўлада пакрыху лібералізуецца, але гэта зусім не кранае кіраванне краінай, прыняццё рашэнняў. Выбары — цалкам падкантрольныя, цалкам кіраваныя, у дэпутаты абіралі не тых, хто можа адстойваць інтарэсы людзей, а паважаных, тых, хто мае статус, да каго можна звярнуцца па спонсарскую дапамогу. Гэта не дэпутаты, з мясцовых саветаў стварылі нейкі клуб дырэктараў, клуб начальнікаў. Яны адстойваюць інтарэсы мясцовых уладаў перад выбарцамі, а павінна быць наадварот», — лічыць актывіст Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Алесь Масюк, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Слонімскі раённы савет дэпутатаў

«Адчуванне шмат у каго, што гэтыя выбары былі яшчэ больш брутальныя, чым мінулыя. Напрыклад, я пад час падліку галасоў заўсёды падыходзіў да стала. На гэты раз пайшоў падлік галасоў, я падышоў да скрыні з датэрміновым галасаваннем на 1,5 метра, каб было бачна. Адразу падскочыла старшыня камісіі: „Адыдзіце, вы перашкаджаеце працы камісіі“ Чаму я перашкаджаю? Хіба што рабіць беззаконні?» — распавёў Алесь Масюк.

Па ягоных словах, усяго ён па афіцыйных дадзеных прайграў 29 галасоў. «Але я перамог адназначна. Мы прайшлі ўсю акругу, уручалі ўлёткі асабіста кожнаму ў рукі, толькі калі каго не было, ўстаўлялі ў дзверы», — дадаў Алесь Масюк.

Пад час падліку камісіі «згубілі» 106 выбарцаў, таму экс-кандыдат напісаў скаргу пра непрызнанне выбараў і збіраецца ісці да канца.

Чытаць далей

Андрэй Юркоў, сябра Рады Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Дрыбінскі раённы савет дэпутатаў

«На гэтых выбарах я зрабіў усё, што мог: артыкул у газеце надрукавалі, сустрэчу з жыхарамі правёў. А вынікі былі прадказальныя», — адзначыў Андрэй Юркоў.

Надалей сябра Рады Руху «За Свабоду» плануе працягнуць сваю дзейнасць у звычайным рэжыме і ўдзельнічаць у іншых кампаніях.

Ілля Дабратвор, сябра абласной Рады Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Мінскі абласны, раённы і Калодзішчанскі сельскі саветы

«Па афіцыйных дадзеных, у мяне паўсюдна больш за 10%, на трэцяе месца мяне паўсюдна пакідалі. Пры гэтым, у дзень выбараў была перамога, амаль паўсюдна, але вось на датэрміновым галасаванні супрацьлеглая карціна», — распавёў Дабратвор.

Агулам, лічыць ён, на беларускіх выбарах сітуацыя мяняецца толькі ў горшы бок. «Умовы — вельмі жорсткія, ладна мы палітычныя актывісты, але ў сельскі савет, падрабіўшы ўлётку, знялі кандыдатку ад народа», — адзначыў палітык.

Ён бачыць перспектыву ў далейшай працы з людзьмі, якія прыйшлі назіраць на ягонай акрузе. «На гэтай кампаніі амаль усе назіральнікі ў мяне сабраліся мясцовыя. Трэба сабрацца, паразмаўляць, падумаць, як будзем працаваць далей. Атрымліваецца, што ўлада сваімі рукамі збірае мне каманду», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Сяргей Вакуленка, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Брэсцкі абласны савет

«Вынікам я не задаволены. Я стаў другім на акрузе. Разлічваў, што людзі стаміліся ад усяго і будуць галасаваць па-іншаму. Можа быць, так і было, але датэрміновае галасаванне перашкаджае ўсяму: лічбы ў асноўны дзень і датэрмінова фактычна супрацьлеглыя. З гэтага можна зрабіць выснову, што нехта ўмешваецца ў працэс і фальсіфікуе вынікі», — адзначыў Сяргей Вакуленка.

Пры гэтым, ён прызнае, што даказаць гэтыя фальсіфікацыі складана: няма магчымасці ўвесь час назіраць за датэрміновым галасаваннем і засведчыць захаванасць бюлетэняў у скрынях для галасавання.

Надалей ён плануе працягнуць грамадска-палітычную працу, у прыватнасці супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце: " гэтай справе ўлада слухае толькі бізнес, а павінна думаць пра насельніцтва«.

Чытаць далей

Яраслаў Грыгор’еў, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Магілёўскі гарадскі савет


«Заняў чацвертае месца з чатырох, сабраў 500 галасоў. Лічу, што няблага правёў выбарчую кампанію для 19 год», — сказаў Грыгор’еў.

Па ягоных словах, ён сустракаўся з выбаршчыкамі, улёткі расклейваў — адзіны, хто ўвогуле праводзіў кампанію на акрузе.

«Назіральнікаў на датэрміновым галасаванні ў мяне не было. А падлік галасоў, дзе мы былі, праходзіў па законе. Ды і навошта на ім парушаць, калі ўсё што трэба можна зрабіць на датэрміновым галасаванні», — адзначыў малады чалавек.

Чытаць далей

Вітольд Ашурак, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Бярозаўскі гарадскі савет


«Згодна пратаколу выбарчай камісіі я атрымаў 15,9%. На маім участку было 2 кандыдата, то бок „срэбра“ маё», — распавёў Ашурак.

Па ягоных словах, на акрузе назіралася завышэнне яўкі: падчас датэрміновага галасавання дапісалі лішніх 132 голаса, у асноўны дзень дакінулі яшчэ 500 — усе гэтыя парушэнні зафіксаваныя, пададзеная афіцыйная скарга. Больш за ўсё спадабалася, адзначыў палітык, «як фальсіфікатары спрабавалі схаваць свой падман: лічылі галасы шэсць гадзін, вышлі мы з участка а трэцяй гадзіне ночы».

«То бок, мае амаль 16% атрыманыя мною нават ва ўмовах страшэннай фальсіфікацыі», — адзначыў сябра Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Сяргей Пантус, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Бярозаўскі гарадскі савет

«Заняў другога месца з двух, набраўшы 19,5 % ад колькасці прыняўшых удзел у галасаванні. Зразумела, што па дадзеных камісіі», — распавёў Сяргей Пантус.

Сярод парушэнняў ён назваў завышэньне яўкі, забарону пры падліку галасоў фота-, аўдыё- і відэафіксацыю, негалосны падлік у цэлым.

Агулам ад выбараў у палітыка «нармалёвыя ўражанні». «Ілюзіяў наконт вынікаў не меў. Сваю задачу па ўдзелу у якасці кандыдата і арганізацыі назірання, на маю думку, выканаў», — падкрэсліў экс-кандыдат у дэпутаты.

Чытаць далей

Валер Мінец, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Траццякоўскі сельскі савет Лідскага раёну

«Па афіцыйных звестках, я набраў 15,2%. Перад пачаткам мясцовых выбараў перанарэзалі акругу, вёску, дзе я жыву, аднеслі да іншай. Жыхары нашай вёскі, калі што звяртаюцца да мяне, таму калі б пайшлі прагаласаваць, то за мяне», — распавёў Валер Мінец.

Самае галоўнае, лічыць сябра Руху «За Свабоду», «што на гэтых выбарах мы атрымалі досвед, практыку, магчымасць сябе паказаць жыхарам, падзяліцца думкамі, праграмамі». «Выбары — гэта праца на будучыню: фармаванне сталай грамадзянскай супольнасці без якой немагчымыя ніякія перамены. Таму гэтыя выбары — частка працы», — падкрэсліў палітык.

Чытаць далей

Дзяніс Турчаняк, сябра Рады Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Брэсцкі гарадскі савет

Дзяніс Турчаняк падаў заяву наконт пра прызнанне вынікаў выбараў у гарадскую выбарчую камісію і яшчэ трое экс-кандыдатаў. «Паседжанне пачалі з таго, што будуць зацвярджаць вынікі. „Перад тым, як зацвярджаць вынікі вы павінны разгледзець вынікі павінны скаргаў“, — кажу. Гэта выклікала паўзу, старшыня камісіі не знайшлася, што адказаць. Перахапіла ініцыятыву член камісіі і заявіла: „Павестку дня мяняць не трэба. А іх заявы будзем разглядаць на іншым паседжанні“», — распавёў экс-кандыдат

Па ягоных словах, скаргі назіральнікаў таксама не прынятыя да ўвагі.

Вынікі выбараў — цалкам чаканыя, лічыць Дзяніс Тураняк. «Я ставіў мэту — унікнуць у існуючыя механізмы фальсіфікацыі. Гэтыя вынікі дасягнутыя. На наступных выбарах узмацнім назіранне па некаторых момантах», — паабяцаў ён.

Чытаць далей

Юрый Меляшкевіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Мінскі гарадскі савет

«Улады далі мне трэцяе месца, 7,7%», — распавёў Меляшкевіч.

Назірання ў яго на акрузе не было арганізавана, таму пра канкрэтныя парушэнні экс-кандыдат не кажа. «Выбары ў Беларусі — гэта і ёсць масавыя парушэнні», — лічыць Меляшкевіч. Але пры гэтым пасля гэтай кампаніі ў яго засталіся добрыя ўражанні ад выбарцаў.

У планах палітыка займацца самаадукацыяй, самаразвіццём, а таксама справамі акругі. «Буду займацца больш справамі асабістага плана, каб паказаць, што ад дэмакратычнай супольнасці сыходзіць якасна лепшая прапанова », - патлумачыў намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Яўген Дудкін, сябра Руху «За Свабоду», экс-кандыдат у Гродзенскі гарадскі савет

«У мяне выніковае другое месца па акрузе, 30% галасоў на некаторых участках. Сапраўды, галасы скралі, таму такі вынік», — адзначыў Дудкін.

Сярод парушэнняў ён назваў незаконнае выдаленне назіральнікаў і давераных асобаў з участку, закрыты і негалосны падлік галасоў, лічбы назіральнікаў і лічбы ў пратаколах па датэрміновым галасаванні разыходзіліся.

«Зараз для мяне важна паказаць выбарцам, як праходзілі выбары, і таксама кошт тых абяцанак, якія дэкларавалі кандыдаты ад улады», — заключыў Яўген Дудкін.

Чытаць далей

***

«У цэлым я задаволены актыўнасцю сябраў Руху „За Свабоду“. Ім было няпроста весці кампаніі ва ўмовах фальсіфікацыяў, але пры гэтым у Мінску, напрыклад, у нас былі самыя актыўныя кампаніі», — заявіў старшыня Руху Юрый Губарэвіч.

Акрамя таго, дадаў старшыня Руху, пад час кампаніі далучыліся новыя людзі, якія актыўна дапамагалі ў хадзе агітацыі і назірання, была вялікая колькасць выбарцаў, якія падтрымлівалі нашых кандыдатаў.

«Гэтыя выбарцы пераканаліся, што ўлада крадзе іх галасы, немагчыма ўскладаць спадзяванні на тых, каго не абіраюць, а прызначаюць. Надалей нашы кандыдаты могуць разлічваць на падтрымку такіх людзей», — патлумачыў палітык.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Местные выборы 2018

Последние новости