Новости Новости Беларуси

Юрий Меляшкевич: «Спорт и политика — дело сильных»

Юрий Меляшкевич: «Спорт и политика — дело сильных»

681 просмотр Минск
Юрий Меляшкевич — заместитель председателя Движения «За Свободу», бизнесмен, который занимается туризмом, и один из тех, кто решил принять участие в местных выборах. С Юрой мы решили поговорить об экономике и социальных проблемах, суверенитете и независимости, семье и роли спорта в его жизни.

Паводле Юрася, кожная выбарчая кампанія — гэта новы досвед. Штораз людзі настроеныя па-рознаму. У 2007-м, пасля «Плошчы» і кампаніі Мілінкевіча, адчуваўся запыт на перамены, надзея. Пасля сумных вынікаў Выбараў–2010 — расчараванне і страх. А як зараз?

«Неабаронены чалавек не ў стане ствараць прадукты і паслугі»

— Падчас сёлетняй кампаніі, на дзіва, я назіраю цудоўную рэакцыю: людзі з задавальненнем ставяць подпісы. Ніхто не кажа, што ў краіне ўсё «ідзе па плану», а перамены не патрэбныя — не, такога няма! Людзі разумеюць, што альтэрнатыва патрэбная, як паветра! Трэба сыходзіць з сённяшняга курсу, пытанне: куды сыходзіць? Мы даем адказ: дэмакратызацыя, рэформы ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, мадэрнізацыя грамадскага жыцця.

— Але людзям, мабыць, найперш цікавыя заробкі, тарыфы ЖКГ, не?

— Безумоўна, але дэмакратызацыя ў палітыцы і лібералізацыя ў эканоміцы — гэта жорстка звязаныя працэсы. Без палітычнай трансфармацыі не бывае зменаў у эканоміцы. Самы красамоўны прыклад — гэта сувязь настрояў любога камерсанта, які гатовы працаваць і нешта ствараць, са ступенню яго абароненасці праз суды. Калі адчування бяспекі няма, калі ён не верыць, што законнасць на ягоным баку, — не можа быць эканамічнага росту! Неабаронены чалавек не ў стане ствараць новыя якасныя прадукты ці паслугі.

Юрась Меляшкевіча падчас збору подпісаў за сквер у Малінаўцы, восень 2017 года


«Людзі ў інтэрнатах — на мяжы роспачы ды адчаю»

— Ці распавядаюць вам людзі пра канкрэтныя сітуацыі са свайго жыцця, крыўды, асабістыя гісторыі?

— Малінаўка, дзе я балатуюся, збольшага забудаваная звычайнымі панельнымі дамамі, але ёсць і інтэрнаты. Калі заходзіш туды, знікаюць ілюзіі пра Беларусь як сацыяльную дзяржаву. Людзі жывуць вельмі бедна, часам у адчаі ды роспачы. Адпрацаваўшы ўсё жыццё на дзяржаву, яны не маюць магчымасці на пенсіі мець сваю кватэру, дзе сустрэнуць старасць. Тое жытло, што давала дзяржава, — часовае, «ведамаснае» — адбіраецца пасля заканчэння кантракту… У людзей няма ўжо магчымасці эфектыўна працаваць, каб зарабіць нават на здымную кватэру. Куды ім ісці?

Я кажу зараз пра інтэрнат Мінтранса. Самае горкае ў тым, што на гэтай акрузе дзве кадэнцыі адбыў дэпутат, які сам быў прадстаўніком Мінтранса. Ён пальцам аб палец не ўдарыў, каб абараніць інтарэсы сваіх выбарцаў, сваіх калегаў, з якімі працуе ў адной арганізацыі! Гэта толькі падкрэслівае цынізм і мярзотнасць падобных «абранцаў». Прозвішча вядомае, але называць яго не лічу вартым зараз — пра яго мы ўзгадаем у іншых месцах.

— Хто вінаваты?

— Адказнасць на тых, хто прымае рашэнні. З аднаго боку, адказнасць на людзях, якія самі абіраюць такую ўладу ці наўпрост не цікавяцца, хто ў іх улада: жывуць па прынцыпе «мы палітыку не чапаем». Далей — адказнасць улады. Якім бы спосабам тыя людзі, што стаяць «у руля», не атрымалі свае месцы, яны абавязаныя клапаціцца пра годнае жыццё грамадзянаў.

Гэта таксама адказнасць урада, які прымае рашэнні пра парадак прыватызацыі службовага жытла. Гарадскія ўлады адказныя за рашэнні пра спосабы карыстання зямлёй і маёмасцю ў давераным ім горадзе, на тэрыторыі той жа Малінаўкі. Я бачу і свой узровень адказнасці за ўсё, што адбываецца на маім раёне, таму — іду ў дэпутаты.

— Што вы можаце даць людзям?

— Прыярытэтна для мяне было б разабрацца з трагічнай сітуацыяй, што склалася ў інтэрнаце Мінтранса. Бо гэта лёсы людзей, якія апынуліся ў бядзе, гэта дзясяткі людзей! Другое — пытанне ўпарадкавання тэрыторыі раёна, дзе мы гадамі дамагаемся пераўтварэння пляцоўкі з пустыра ў цэнтры раёна на сквер з дрэўцамі ды лавачкамі, дзе мамы маглі б гуляць з дзецьмі, адпачываць, бавіць час. Гэта дзве канкрэтныя сітуацыі, за якія я вазьмуся ў выпадку перамогі. Мы з камандай збіраем прапановы ад жыхароў раёна, якіх не чулі і не чуюць сучасныя дэпутаты — будзем прыслухоўвацца і працаваць.

Юрась Меляшкевіча падчас збору подпісаў за сквер у Малінаўцы, восень 2017 года

«На акрузе сустракаю землякоў-чарнобыльцаў»

— Ці пазнаюць вас у Малінаўцы?

— Былі выпадкі, якія мяне добра натхнілі цягам гэтай кампаніі. Адна жанчына мяне нават не стала запытвацца, як завуць, якая праграма, але кажа: «Я вас ведаю, вы — Юры Меляшкевіч, а ваша бабуля вучыла мяне ў школе. Дзе падпісаць?..» Сапраўды, я балатуюся ў раёне, дзе жыве вялікая колькасць перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Сустрэў, такім чынам, зямлячку, якая прыехала з Церахоўкі на Слаўгарадчыне.

— Вы ж таксама «чарнобылец»?

— Я нарадзіўся ў Слаўгарадзе. Мая мама — ураджэнка вёскі Церахоўка Слаўгарадскага раёна. Мае бацькі пазнаёміліся ў Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Маці — выкладчыца. Бацька — чыноўнік, галоўны аграном раёна. Бліжэй да перабудовы бацька кінуў тую працу: ніколі не быў партыйным, яму не падабалася сістэма, дзе партыйная корачка значыла болей за кваліфікацыю. Ён сышоў у камерцыйную дзейнасць, заснаваў кааператыў. У 1993-м, праз сем гадоў пасля Чарнобыля, бацькі скарысталіся праграмай для перасяленцаў ды выехалі ў Мінск. З таго часу я і жыву ў Малінаўцы.

— Ці сутыкаецеся вы з негатывам, маўляў, «апазіцыя», БНФ?

— Вельмі рэдка. Быў надзвычай цікавы выпадак: чалавек раскрытыкаваў БНФ, апазіцыю, Еўропу, а пасля… сталася неймавернае. Спачатку выйшаў і падпісаўся ягоны сын, пасля — жонка, у выніку… ён сам паставіў подпіс! Чалавек, відаць, слухаючы нашу размову, зрабіў нейкія высновы. Гэта было вельмі прыемна!

Разам з італьянскай сям'ёй, якая дапамагала чарнобыльцам, Слаўгарад, 1992 год. (Юрась — крайні справа, побач з бацькам)


«Трэба прапаноўваць прадукт, а не голыя лозунгі»

— Вы працуеце ў турыстычным бізнесе, як так сталася?

— За гэты я ўдзячны пану Антону Астаповічу, старшыні «Таварыства аховы помнікаў», чалавеку, які яшчэ ў часы майго студэнцтва захапіў мяне расповедамі пра гісторыю і памятныя мясціны Беларусі. Упершыню я адправіўся з ім на экскурсію годзе ў 2003-м. Праз шмат год я арганізоўваў вандроўку для сяброў Руху «За Свабоду» і звярнуўся да Астаповіча па дапамогу — усё атрымалася цудоўна!

Так я зразумеў, што з гэтага можна зрабіць бізнес. Зараз я дырэктар турыстычнай агенцыі «Куфэрак падарожжаў», Астаповіч — намеснік. Ён займаецца метадычнай працай, піша сцэнары, распавядае на месцы як лектар, я — займаюся арганізацыйнымі пытаннямі.

— Атрымліваецца, гэта і бізнес, і папулярызацыя роднай гісторыі?

— Так, гэта цудоўная магчымасць спалучыць веды пра нашу краіну, умацаваць гістарычную памяць і зарабіць грошы. Калі казаць шырэй пра папулярызацыю гісторыі і патрыятызм, то нам трэба шукаць новыя формы, быць творчымі, жывымі, прапаноўваць людзям нейкі прадукт ці паслугу, а не голыя, хай і прыгожыя, лозунгі. Трэба быць гнуткім, умець змяняцца, але захоўваць свой стрыжань — гэта запатрабаванне часу. Для мяне Беларусь, наша гісторыя, разуменне сябе як часткі Еўрапейскай цывілізацыі — гэта нязменныя рэйкі.

Юры Меляшкевіч на офісе турыстычнай агенцыі ''Куфэрак падарожжаў''

«Будзе давер — абаронім і суверэнітэт, і межы»

— То бок, у 2006-м ці 2008-м былі іншыя запатрабаванні часу?

— Так, безумоўна. Змянілася адчуванне бяспекі ў рэгіёне. Найперш я кажу пра той канфлікт, які быў раздзьмуты ва Украіне. Для нас гэта мае стаць урокам, а нашы дзеянні, як палітыкаў і грамадскіх актывістаў, не могуць быць безадказнымі ды эмацыйнымі — мы не маем на гэта права. У нашым грамадстве ёсць розныя пазіцыі і думкі, усё гэта трэба ўлічваць, каб захаваць еднасць. На гэтым этапе нашай гісторыі выбудоўванне даверу — гэта вялікая каштоўнасць. Толькі ўзаемны давер дае еднасць.

— Што рабіць для гэтага?

— Мы павінны гуртавацца вакол таго, што нас, беларусаў, аб’ядноўвае, будаваць масты, а не сцены. Пытанні незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці — гэта фактары аб’яднання. Але і суверэнітэт, і дзяржаўнасць маюць сэнс толькі тады, калі нацыянальны праект паспяховы. Простымі словамі — калі тут утульна і хочацца жыць кожнаму. Інакш, калі мы маем і суверэнітэт, і абароненыя межы, але ствараем дзяржаву-монстра, дзе асобны чалавек нічога не варты, не мае правоў, не можа зарабіць сабе на жыццё — каму тое трэба?.. Аб’яднаць народ вакол такога праекту немагчыма.

Так, мы патрыёты, але нашы патрыятычныя заклікі людзі наўпрост не пачуюць, калі жыць у роднай Беларусі для іх стане невыносна. Таму вельмі важна, каб ідэя незалежнасці служыла будаўніцтву такой Беларусі, у якой кожнаму хацелася б жыць — мадэрновай, сучаснай, тэхналагічнай, заможнай і камфортнай. Мы маем дакладна бачыць гэтую дзяржаву, давяраць дзяржаўным органам — тады абаронім і суверэнітэт, і межы, і незалежнасць.

Юрась Меляшкевіч разам з жонкай Ганнай і дзецьмі — Стасем і Янінай

— Ці падтрымлівае вас сям’я?

— У бізнесе, канешне, падтрымлівае — гэта ж спосаб існавання сям’і. Датычна палітыкі: я шмат гадоў з’яўляюся сябрам БНФ, Руху «За Свабоду», працаваў у камандзе Мілінкевіча — усё гэта тычылася ў рознай ступені і родных, яны дапамагалі як маглі. Мой бацька сябар Фронту яшчэ з часу яго заснавання, таму дапамагаў і ў зборы подпісаў, і ў агітацыі. Але сёння бацькі ўжо пенсійнага ўзросту, таму — спачуваюць, цікавяцца. Тое самае з жонкай — падтрымлівае маральна.

— А хто ваша жонка?

— Ганна — псіхатэрапеўт. А сустрэліся мы некалі ў тэхналагічным універсітэце, яна вучылася на біятэхнолага, пасля змяніла накірунак. У нас двое дзяцей — Станіслаў і Яніна. Стасік зараз у трэцім класе, Яня — у першым.

— Стась ужо мае нейкія цікавасці?

— Сын хадзіў на гімнастыку, спрабаваў іншыя віды спорту. Зараз мы спыніліся на вольнай барацьбе. Справа ў тым, што я сем гадоў некалі займаўся вольнай барацьбой. Пачаў яшчэ ў спортзале школы №205 на Малінаўцы. У мяне быў цудоўны трэнер, які выхаваў прызёраў еўрапейскага ўзроўню. Я дасягнуў першага дарослага разраду па вольнай барацьбе — ганаруся гэтым! Спадзяюся, Стась зачэпіцца за гэта, а спорт, у далейшым, дапаможа яму зачапіцца ў жыцці.

— А вам дапамог?

— Я зразумеў, што барацьба — гэта высакародная справа, ёсць правілы, ёсць стыль. Трэба працаваць над сабой кожную хвіліну, практыкавацца, напрацоўваць тэхнічныя навыкі. Агулам — гэта цудоўны спосаб падрасці і ўнутрана, і фізічна. Спорт, як і палітыка, у маім разуменні, — гэта справа моцных і валявых людзей. Таму мне гэта блізка.

Автор: Алесь Киркевич

Источник: novychas.by

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Местные выборы 2018

Последние новости