Новости Новости Беларуси

Юрий Губаревич о встрече с еврокомиссаром Ханом, уход Логвинца и фото с Ермошиной

Юрий Губаревич о встрече с еврокомиссаром Ханом, уход Логвинца и фото с Ермошиной

1117 просмотров Минск
Гость «Интервью недели» — лидер движения «За свободу» Юрий Губаревич. Он отвечает на вопрос, обижается ли белорусская оппозиция на Запад, объясняет, изменилось ли движение после ухода Александра Логвинца, и заявляет, что его селфи с Ермошиной привело к десакрализации ее образа.

«Камісар Ган запэўніў, што ніякай зьмены стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі няма»

— 30 студзеня вы разам зь іншымі беларускімі апазыцыйнымі лідэрамі сустракаліся ў Менску з эўракамісарам Ганам. Ці была гэтая сустрэча нечым большым, чым проста стандартным момантам для кожнага эўрапейскага палітыка — прыехаўшы ў Менск, сустрэцца і з апазыцыяй? Ці дае гэтая сустрэча падставы рабіць аналіз цяперашняга стаўленьня эўрапейцаў да беларускай сытуацыі?

— Трэба адразу адзначыць, што спадар Ган дастаткова дэталёва абазнаны ў беларускай сытуацыі, у тых зьменах, якія ў нас адбываюцца — хаця хутчэй мы можам казаць пра адсутнасьць усялякіх зьменаў. Сустрэча цягнулася больш за гадзіну, у нас была магчымасьць выказацца па ўсіх пытаньнях, пачынаючы з чарговай хвалі рэпрэсій адносна СМІ. У прыватнасьці, мы зьвярнулі ўвагу на перасьлед журналістаў «Белсату» і абмежаваньне доступу да сайту «Хартыі». А таксама закранулі выбарчую кампанію, бо ўжо цяпер можна зрабіць ацэнку таго, што мы маем і што будзем мець па выніках выбараў у мясцовыя Саветы.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і Ёханэс Хан (справа)

— Калі перайсьці да больш стратэгічнага пытаньня стаўленьня Захаду да беларускай апазыцыі, то апошнія год-два назіралася нават пэўная крыўда з боку дэмакратычных сілаў на тое, што Захад відавочна стаў меней надаваць увагі і падтрымкі. Ці можна сказаць, што гэтая тэндэнцыя працягваецца, альбо пэўныя падзеі мінулага году — напрыклад, разгон акцыі 25 сакавіка — паспрыялі зьмяненьню стаўленьня заходніх палітыкаў?

— Цяжка казаць адназначна наконт узроўню падтрымкі і зьменаў у стаўленьні, бо для гэтага трэба заслухаць і прадстаўнікоў незалежных СМІ, праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Але што тычыцца агульнага стаўленьня да сытуацыі ў Беларусі, то яно нязьменнае з боку кіраўніцтва Эўразьвязу. Бо сустрэчу спадар Ган пачаў са слоў, што немагчыма сёньня чакаць прагрэсу ў разьвіцьці стасункаў паміж Эўропай і Менскам без прагрэсу ў пытаньнях правоў чалавека, адмены або мараторыя на сьмяротнае пакараньне, а таксама зьменаў у выбарчым кодэксе. Гэта тыя камяні, якія ляжаць на шляху Беларусі ў дыялёгу з Захадам. На жаль, тут ніякі прагрэс ня быў прадэманстраваны.

— А ці няма ў вас уражаньня, што эўрапейцы хочуць нейкім чынам «памірыць» беларускую ўладу і апазыцыю? Вось яны кажуць уладам — дайце спакойна і мірна правесьці 100-годзьдзе БНР. А апазыцыі кажуць (магчыма, не публічна, але ў кулюарах) — вы ж разумееце, што зараз галоўнае — гэта геапалітычныя пытаньні, а не праблема дэмакратызацыі. Ёсьць такая лінія, па-вашаму?

— Ёсьць разуменьне, што без нацыянальнага кансэнсусу па важных для краіны пытаньнях Беларусь будзе няздольная прадэманстраваць прагрэс. Што да нейкіх зьменаў у стратэгіі адносін да Беларусі, пераходу да больш прагматычных пытаньняў — то якраз у сваім звароце я закрануў гэтую тэму і запытаўся, ці зьмянілася эўрапейская стратэгія адносна Беларусі? Можа, на першае месца выходзіць пытаньне эўрапейскай стабільнасьці, і тут Эўропа можа «працаваць» нават з паліцэйскай дзяржавай?

Аднак камісар Ган запэўніў, што ніякай зьмены стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі няма. І гэтая стратэгія аднолькавая для ўсіх краінаў — суседак Эўропы. Перадусім яны хацелі б бачыць cуседзяў, якія разьвіваюцца паводле мадэляў, блізкіх да мадэляў Эўразьвязу — з павагай да правоў чалавека і свабодаў. Толькі так, дарэчы, і можна гарантаваць бясьпеку ў рэгіёне. І камісар Ган запэўніў, што да Беларусі ня будуць прымяняцца нейкія падвойныя стандарты. Вядома, магчымасьцяў і рычагоў уплыву на Беларусь у Эўразьвязу значна менш у параўнаньні зь іншымі краінамі.

Разам з Лагвінцом сышло каля 15 ягоных сяброў і паплечнікаў

— Пасьля апошніх выбараў кіраўніцтва руху «За свабоду», на якіх вы сталі пераможцам, ваш канкурэнт на выбарах Алесь Лагвінец сышоў з руху. Ці шмат чалавек сышло разам зь ім? І як гэта адбілася на актыўнасьці вашай арганізацыі?

— Актыўнасьць не зьмянілася, хоць апошні год мы існуём у вельмі складаных эканамічных умовах. Арганізацыя жывая, яна здольная перажыць любыя складаныя ўмовы. Магу выказаць хіба што жаль, што ў свой час Алесь Лагвінец вырашыў сысьці з арганізацыі. Разам зь ім сышло недзе каля 15 ягоных сяброў і паплечнікаў.

Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец, 2016 год

Але за апошні год у наш рух прыйшло 45 новых людзей, як у Менску, гэтак і ў рэгіёнах. Таму на сёньня ёсьць як паступовы рост колькасьці, так і падвышэньне нашай актыўнасьці.

Нават калі нехта з апазыцыі трапіць у мясцовыя Саветы, то гэта будзе выключна рашэньне, прынятае кіроўным рэжымам

— Большасьць апазыцыйных структураў бярэ ўдзел у цяперашніх выбарах у мясцовыя Саветы. Якія вашы мэты ў гэтай кампаніі як кіраўніка руху «За свабоду» і як зарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты менскага гарсавету?

— Трэба быць рэалістамі і разумець, што выбараў у Беларусі па-ранейшаму няма. Нават калі нехта з апазыцыі трапіць у мясцовыя Саветы, то гэта будзе выключна рашэньне, прынятае кіроўным рэжымам. Аднак 2 месяцы выбарчай кампаніі даюць шмат дадатковых магчымасьцяў па працы зь людзьмі. У маёй акрузе гэта пытаньні ўшчыльненьня забудовы, калі проста пасярод двароў узводзяцца новыя будынкі, і адміністрацыя не цікавіцца думкай жыхароў. Па гэтых праблемах можна нашмат большы ціск аказваць на ўладу менавіта падчас выбарчай кампаніі, праз правядзеньне публічных акцый, пікетаў, што я і мяркую рабіць літаральна ў бліжэйшы час. Мясцовыя жыхары ўжо гатовыя пераходзіць да больш актыўных дзеяньняў, калі яны бачаць, што перапіска з уладай не дае ніякага плёну.

Юрась Губарэіч (справа) на першым перадвыбарным пікеце Правацэнтрысцкай кааліцыі

— Пасьля таго як улады ўзялі курс на «лібэралізацыю», яны павінны крок за крокам паказваць пэўны «прагрэс». На парлямэнцкіх выбарах прапусьцілі ў Палату прадстаўнікоў двух альтэрнатыўных кандыдатаў. Але на гэтых, мясцовых выбарах падчас фармаваньня камісій ніякага «прагрэсу» не назіралася, — многія нават кажуць, што стала горш. Чым бы вы гэта патлумачылі?

— Улада не зацікаўленая ў карэнных зьменах і рэформах. Тое, што мы назіраем, можна назваць «кантраляванай лібэралізацыяй». Калі зьнешнія атрыбуты пашырэньня свабодаў нібыта прысутнічаюць, але ўсё застаецца пад жорсткім татальным кантролем. Я перакананы, што калі нехта і будзе прапушчаны ў склад мясцовых саветаў, то гэта адбудзецца хутчэй на ўзроўні сельскіх ці раённых саветаў, дзе актывісты ня маюць магчымасьці неяк істотна ўплываць на рашэньні ўлады.

Што да Менску і абласных гарадоў, то наўрад ці ўлада наважыцца прапусьціць у мясцовыя Саветы хоць аднаго актыўнага прадстаўніка апазыцыі. Бо дэпутацкі мандат дае пэўную абарону ад свавольства чыноўнікаў і сілавікоў, і дзякуючы яму можна больш галосна і публічна ўздымаць мясцовыя праблемы і аказваць ціск на ўладу.

Сытуацыя разьвіцьця адносін паміж Менскам і Эўразьвязам зайшла ў тупік і знаходзіцца ў нейкім ступары. Улады чакаюць ад ЭЗ выключна фінансавай дапамогі, але Эўразьвяз не гатовы адмовіцца ад патрабаваньняў паляпшэньня сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека. Бакі фармальна сядзяць за адным сталом, але дыялёг дэ-факта не вядзецца.

Мой здымак зь Ярмошынай прывёў да дэсакралізацыі яе вобразу

— У сацыяльных сетках і незалежных СМІ шырокі розгалас атрымаў ваш фатаздымак разам з старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Значная колькасьць камэнтароў была ў стылі «Да чаго дайшла апазыцыя. Яна хоча сябраваць з гэтай уладай, а не змагацца зь ёй». Ці вы ня лічыце, што гэтая фотка стала вашым палітычным праколам?

— Мне нават дзіўна, чаму гэты здымак выклікаў такую рэакцыю. Магчыма, ён прывёў да дэсакралізацыі вобразу Ярмошынай у вачах пэўнай часткі апазыцыі. Гэта ж вельмі проста — сьпісваць усе праблемы з адсутнасьцю дэмакратыі на аднаго чалавека.

Лідзія Ярмошына — фармальны кіраўнік працэсу здушэньня свабоды і дэмакратыі падчас выбараў. Але ў гэтым працэсе задзейнічана армія чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, міліцыі, якія дазваляюць падмяняць бюлетэні на ўчастках, і самае галоўнае — 80 тысяч сябраў выбарчых камісій: нашы суседзі, сваякі ці знаёмыя. У гэтых фальсыфікацыях удзельнічае велізарная частка насельніцтва краіны, і было б надта проста зводзіць гэтую праблему да аднаго чалавека.

Автор: Виталий Цыганков

Источник: www.svaboda.org

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости