Першым з раніцы быў затрыманы актывіст Руху «За Свабоду» з Слоніму Алесь Масюк, які быў заяўнікам недазволенай уладамі акцыі 30 красавіка. Літаральна праз гадзіну ў Пінску на подступах да перакрытай міліцыяй плошчы быў затрыманы гарадскі каардынатар Алесь Рамановіч.
Ля 12.30 у Баранавічах быў затрыманы абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Юрый Казакевіч.
У адносінах да ўсіх трох улады выкарысталі аднолькавую тактыку: затрыманне на тры гадзіны любым коштам. Так, Рамановіч праходзіў сведкам па трох крымінальных справах, а ў Казакевіча ўзялі адбіткі пальцаў.
«Паўгадзіны я сядзеў, шукалі, хто мной будзе займацца. Потым завялі ў кабінет, туды залятае нейкі начальнік. І адразу да мяне: „Што вы рабілі на плошчы“. „Сёння?“ — пытаюся. „Сёння“. „Я сёння на плошчы не быў. Я выйшаў з пад’езду, і адразу да вас“. „Дык вы не былі?“ „Не быў“. Участковы ўхмыляецца сам сабе і піша паперы», — распавёў сайту Pyx.by Юрый Казакевіч.
Па ягоных словах, яму прапанавалі падпісаць адразу некалькі папераў, дзе яго папярэдзілі, што нельга здзяйсняць «сабатаж, тэрарызм» і праводзіць «несанкцыяваныя мерапрыемствы», потым узялі адбіткі пальцаў.
На месцы правядзенні акцыі ў Брэсце была затрыманая актывістка Руху «За Свабоду» Інга Абрамава. Яе, як і блогера Дзмітрыя Гарбунова, затрыманага ля сваёй кватэры, разам з актывістам Аляксандрам Кабанавым заўтра чакае суд. Па словах гарадскога каардынатара Руху «За Свабоду» ў Брэсце Дзяніса Турчаняка, Гарбунова абвінавачваюць у непадпарадкаванні міліцыі.
У Бярозаўцы была спроба затрымання актывіста Руху "За Свабоду" Вітольда Ашурка.
"Зраніцы 1 траўня і мяне падпільнавалі нашыя бярозаўскія міліцыянты па дарозе на працу. Меліся "запрасіць" у ментоўку дзеля "размовы". Прапанаваў ім пагаварыць паміж сабою. Біцца са мной і затрымліваць гвалтам пасярод люднай вуліцы не адважыліся", - распавёў сайту Pyx.by Вітольд.
У Гарадку актывісты паскардзіліся, што за іх кватэрамі назіралі міліцыянты.
«Страх улады перад народнымі пратэстамі — настолькі вялікі, што рэакцыя на іх перазыходзіць усе разумныя межы. Сёння гэта пацвердзілі прывентыўнымі затрыманнямі актывістаў па ўсёй Беларусі. Людзей на вуліцах усё меней і меней, але ўлада робіць, каб не было нават адзінкавых пікетаў. Каб людзі не маглі перабароць страх і вырашыць адкрыта пратэст», — пракаментаваў сённяшнія падзеі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоным меркаванні, «тое, што пратэсты пайшлі на спад, відавочна, але гэта не звязана з тым, што праблема вырашаная, хутчэй, наадварот».
«Людзі зразумелі, што ўлады не могуць прапанаваць якасны механізм вырашэння праблемаў адсутнасці працы і годных заробкаў. На лета яны сыдуць на агароды, але не выключаю, калі за гэты час праблемы не будуць вырашаныя, што пратэсты паўторацца восенню ці зімой з удвоенай ці ўтроенай сілай», — заключыў Губарэвіч.