Новости Новости Беларуси

Милинкевич: 2006 год был временем демократического белорусского романтизма

Милинкевич: 2006 год был временем демократического белорусского романтизма

2741 просмотр Минск
Движение «За Свободу» организовало «круглый стол», посвященный 10-й годовщине акций протеста против фальсификации властями результатов президентских выборов 2006 года.

«Гэта быў бадай самая буйная акцыя пратэсту ў гісторыі Беларусі і самая доўгая. Яна доўжылася фактычна сем дзён з перапынкамі на арышты і затрыманні», — сказаў, адкрываючы размову, адзін з мадэратараў «круглага стала», журналіст Валер Каліноўскі.

«У кожнага была свая Плошча. Але думаю, усе аб’яднаюцца ў думцы, што гэта была надзвычай энергетычная падзея, надзвычай цёплая. Не было надлому. Была вера, што мы ўсё ж такі можам», — адзначыў адзіны дэмакратычны кандыдат на выбарах-2006, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Па ягоных словах, усе сабраліся, каб разабрацца, «што можа гэтая Плошча сёння, што яна можа заўтра, ці варта было рабіць гэтыя вулічныя акцыі ў такіх жорсткіх аўтарытарных рэжымах?»

«Калі рэжым такі жорсткі, калі пануе такі татальны страх, калі ўсё ў іх у руках, можа здавацца, што і не варта хадзіць падстаўляць людзей. Лічу абсалютна не. Без вулічных акцый не змяняюцца рэжымы. Лічу, што гэта інструмент — вельмі важны», — падкрэсліў Мілінкевіч.

Нам удалося зрабіць усім разам, што Плошча была мірнай, дадаў палітык. «Гэта было вельмі важна, бо мы паказалі грамадству, што мы ідзём не руйнаваць, ідзём не дэструктыўнай справай займацца, а будаваць іншае, не такое, якое зараз у Беларусі», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду».

«Калі я пабачыў перапоўненую плошчу, і людзей з усмехам, з вачыма запаленымі — гэта было ўражанне каласальнае. Для мяне велізарнае значэнне мела дэманстрацыя таго, што ў краіне не варта баяцца, бо можна перамагчы. Для грамадства гэтая плошча, што не верыць БТ, а верыць праўдзе, — была каласальнай падзеяй», — дадаў ён.

Аляксандр Мілінкевіч нагадаў і пра вялізны замежны рух. «Мы не перабольшваем яго значэнне. Але ў Еўропе пасля гэтай плошчы, дзякуючы тым, хто стаяў у плошчы ў намётах, перасталі пытацца: а вы хочаце свабоды? А вы хочаце дэмакратыі? Ці вы савецкія? Ці вы расійскія? Гэта была перамога ў барацьбе за імідж Беларусі», — падкрэсліў ён.

Кулей: нас трымаў на Плошчы дух


«Мы самі былі на Плошчы шмат. Першую ноч 20-га мы стаялі. Дух трымаў, думалася, што варта і трэба выстаяць да канца, да перамогі», — узгадала сябра Рады Руху «За Свабоду», жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей.

Яна прыгадала, як яны пайшлі па палатках, каб даведацца, ці захоўваць намётавае мястэчка. «Мы запытваліся ў кожнага — у дзяўчатак, у хлопцаў, у больш сталых людзей. Запытваліся: а што вы тут, а навошта вы тут? І гэтыя перамовы надалі столькі духу і нам самім, што не тое, што не захацелася заклікаць сысці з плошчы, а захацелася заклікаць: А давайце ніколі не сыдзем з плошчы. У іх была такая ўнутраная сіла, у гэтай моладзі, такое ўнутранае пачуццё годнасці, што яно падпітвала і разважлівых палітыкаў. Таму і я і сказала на гэтай плошчы, што мы застаёмся разам з вамі», — патлумачыла Кулей.


Мазур: Плошча наклалася на сітуацыю ў грамадстве


«Плошча наклалася на агульную атмасферу, якая на той момант стварылася ў грамадстве, якая была выкліканая палітычнай кампаніяй і чаканнем людзей, што былі натхнёныя падзеямі ва Ўкраіне. Тым, што пратэст можа мець свае вынікі», — патлумачыў камендант намётавага мястэчка Алесь Мазур.


«Сапраўды быў пэўны ўплыў Украіны, але ён быў парадаксальным. Праз намётавае мястэчка на Хрышчасціку прайшло ля 200 беларусаў, а пад час намётавага мястэчку ў Мінску братні нам украінскі народ, які, падаецца, жыве значна вальней, здолен быў прыцягнуць дзясятак чалавек», — прыгадаў адзін з арганізатараў мястэчка, адзін з лідараў Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

«Ужо 21 сакавіка ў Мінску абсалютна нечакана для ўсіх ўзнікла перадрэвалюцыйная сітуацыя. Гэта было рэальна. Таму што, колькі нам не казалі, што нас будзе менш, нас станавілася ўсё болей і болей. Гэта не гледзячы на арышты, не гледзячы на рэпрэсіі», — адзначыў ён.

Па падліках Сіўчыка, пад час пратэстаў «арыштаваныя былі 1200 чалавек, можа, нават болей». «Людзей арыштоўвалі па-розных кірунках. Былі паралізаваныя ўсе штабы — і Аляксандра Мілінкевіча, і Аляксандра Казуліна, і да Плошчы былі яшчэ арыштаваныя», — сказаў палітык.

«Я ўдзячны кожнаму чалавеку, які быў на Плошчы. Сапраўды гэта быў асабісты подзвіг. І вельмі хацелася б, каб мы ўсе разам вярнуліся хаця б да духу Плошчы Каліноўскага. Бо мы мусім быць разам», — заключыў Вячаслаў Сіўчык.

Дынько: Плошчы для беларусаў — заканамернасць

У 2006 годзе не быў адзінкавы факт Плошчы, адзначыў шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. «Былі 1996, 1999, 2006, 2010, 2011. Кожны раз на плошчы Мінска выходзілі дзясяткі тысяч людзей. І тое, што такіх падзей было 5-6, цэлыя хвалі і яны паўтараліся, сведчыць, што гэта была не выпадковасць, а заканамернасць», — адзначыў ён.

Журналіст прапанаваў параўнаць гэтыя пратэсты з паўстаннямі ў 19 ст. «Тады паўстанні таксама не прыводзілі да пераменаў і сканчаліся паразай, але паўтараліся раз за разам», — сказаў Дынько.


Ён пабачыў у іх і важнае адрозненне («якое тлумачыцца і зменай гістарычнага перыяду, так і адказнасцю палітычных лідараў»): «тыя паўстанні былі ўзброенныя, а гэтыя мірнымі». «І ў народ не стралялі, што надае мне пэўны гістарычны аптымізм», — заключыў шэф-рэдактар «Нашай нівы».

Карняенка: не было б Плошчы, каб не было прэзідэнцкай кампаніі


«Я павінны зруйнаваць два міты: пра тое, што ні да чаго не рыхтаваліся і ўпусцілі перамогу. Тое, што вуліца павінна быць, тады не было ні ў каго сумневу. І каб гэта атрымалася, мы вырашылі салідарызавацца з Казуліным», — прыгадаў сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча, сябра АГП Віктар Карняенка.

«Галоўная выснова — не было б ніякай Плошчы, калі б не было папярэдняй актывізацыі актыву, каб яны ўсе не паўдзельнічалі ў кампаніі адзінага кандыдата, не было гэтых працэдур, якія скончыліся вылучэннем Мілінкевіча», — лічыць ён.

Па ягоных словах, «сёння не тое, каб няма патэнцыялу, але проста для вялікай колькасці людзей адзінства дэмакратычных сілаў ёсць самакаштоўнасць».

Быкоўскі: намётавае мястэчка было інфармацыйным цэнтрам


«Намётавае мястэчка выкарыстоўвала вялікую інфармацыйную функцыю, бо людзі прыходзілі паглядзець, ці сапраўды яно ёсць, ці сапраўды ёсць апазіцыя. І акрамя простых грамадзянаў былі і журналісты», — сказаў, перадаючы слова выступоўцу, адзін з мадэратараў «круглага стала», медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Мажэйка: 2006 год быў паразай

«2006 год быў жорсткай паразай апазіцыі нават у параўнанні з 2010 годам. Усё ж такі было беспрэцэдэнтнае адзінства, міжрнародная падтрымка, палітызацыя і падтрымка грамадства», — адзначыў журналіст «Белсату», прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка.

Па ягоным меркаванню, «гэта ўсё давала падставы, што апазіцыя выйдзе адтуль з нейкім падмуркам, які дазволіць дзейнічаць і больш стабільна, і больш стратэгічна».

«Але з гэтай кампаніі выйшлі з нулём, — падкрэсліў Мажэйка. — А тое, што было на плошчы — гэта праява духу неабыякавага грамадства».


Мілінкевіч: 2006 быў часам рамантызму


«2006 год быў час дэмакратычнага беларускага рамантызму. Хацелася і верылася. Быў і раней такі рамантызм: у час перабудовы і да прыходу Лукашэнкі. Хто ж з нас думаў, што гэта ўсё абрынецца? Мы думалі, што гэта назаўсёды. Рамантызм — гэта добра, бо без мары не пражывеш», — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч у другой частцы свайго выступу.

Па ягоных словах, «Плошча стала сакральным паняццем». «Плошча — важная, і гэтую традыцыю трэба працягнуць, але не трэба думаць, што толькі яна вядзе да перамогі. Заданняў значна больш», — падкрэсліў палітык.

Давайце працаваць з грамадствам, прапанаваў ён. «Плошча тады можа перамагчы, калі ў грамадстве тая баязлівая частка не выйдзе, але нас падтрымлівае», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду».

Мілінкевіч лічыць, што сёння беларускай апазіцыі трэба адмаўляцца ад ўдзелу ў расійскіх стратэгіях. «Кожная стратэгія Масквы будзе на знішчэнне Беларусі», — падкрэсліў ён. Па ягоным меркаванні, там «ніколі не збіралася здымаць Лукашэнку, хацелі напалохаць, падзяліць прабеларускую, праеўрапейскую апазіцыю».

Кулей: лідары апазіцыі не зрабілі работы над памылкамі


«Беларуская апазіцыя, яе лідары ні разу не зрабілі працы над памылкамі ні ў 2006 ні ў 2010 ні ў 2015 годзе. Мы проста закрываем вочы і пачынаем усё з нуля», — лічыць Іна Кулей.

Яна нагадала, што вялікая хваля салідарных дзеянняў пачалася ў 2006 годзе. «Бабулькі прыносілі апошнія капеечкі, прадпрымальнікі абматываліся сасіскамі. Людзі не баяліся! А сёння ў нас па даследванням, ці ёсць салідарнасць? Няма. Нават паміж грамадскімі арганізацыямі і партыямі. Думаю, таму што не зробленая работа над памылкамі, не саспелі да таго, каб разам сесці і пагаварыць», — падкрэсліла яна.

«У Мілінкевіча не было страху выходзіць на Плошчу. Адзінае, за што баяўся Мілінкевіч — гэта падставіць людзей, сяброў. Была адказнасць за іх жыцці», — заключыла Іна Кулей.

Валер Карбалевіч: 13 урокаў Плошчы-2006


13 урокаў, якія трэба дэмакратычнай супольнасці вывесці з падзеяў Плошчы-2006, прапанаваў палітолаг Валер Карбалевіч.

1. Найбольш спрыяльны час для перамогі — прэзідэнцкія выбары.

2. Электаральная перамога апазіцыйных сілаў. Заваёва большасці насельніцтва. І Плошча — фінальны акорд перамогі на выбарах. І народ выходзіць на вуліцу, калі ён адчувае, што ёсць для гэтага сэнс.

3. Апазіцыя мае шанец на перамогу толькі ва ўмовах крызісу. Сёння беларускае грамадства набліжаецца да такога этапу. У 2006 годзе гэтага не было. Наадварот гэта быў пік эканамічнай магутнасці, калі шальныя нафтадаляры ішлі на падтрымку рэжыму, гэта быў пік электаральнай падтрымкі Лукашэнкі.

4. Неабходнасць кансалідацыі апазіцыі, існаванне адзінага цэнтра і адзінага кандыдата. Тое, што ў 2006 годзе атрымалася, вялікі паказальны ўрок.

5. Неабходная шырокая кааліцыя грамадскіх сілаў, якая выходзіць за традыцыйны апазіцыйны электарат. У 2006 годзе гэтага дасягнуць не атрымалася.

6. Адзінаму кандыдату ад апазіцыі не абавязкова мець вельмі вялікую харызму. Галоўнае, каб ён выконваў ролю сімвалаў пераменаў, меў біяграфію, досвед кіроўнай працы.

7. Неабходны прарыў інфармацыйнай блакады. Гэта не ўдалося ў 2006 годзе, інтэрнэт быў не такі распаўсюджаны, як сёння.

8. Патрэбнае масавае і эфектыўнае выкарыстанне сімволікі, рытуалаў і сродкаў палітычнай камунікацыі. Гэта стварае ўражанне: «нашых шмат», пэўную моду. У 2006 годзе сярод моладзі была мода насіць значкі з нацыянальнай сімволікай.

9. Фальсіфікацыя на выбарах выклікае абурэнне насельніцтва, калі большасць насельніцтва адчувае сябе падманутай. Для гэтага трэба і моцны лідар, эфектыўныя метады кантролю за выбарамі, стварэнне базы фальсіфікацыяў і інш.

10. Ніколі раней так арганізавана не дзейнічалі апазіцыйныя сілы, як пад час намётавага гарадка.

11. Плошча была негвалтоўнай. Да 25 сакавіка, калі Казулін не павёў на Акрэсціна, масавага збіцця не было. Падзеі 2010 году апраўдалі дзеянні Мілінкевіча ў 2006 годзе. Гвалтоўныя дзеянні пужаюць насельніцтва.

12. Поспех апазіцыі — немагчымы без спрыяльнага міжнароднага фону і міжнароднай падтрымкі. Плошча-2006 адбылася пасля спрыяльнай «памаранчвай рэвалюцыі», трагічныя падзеі ў 2014 году стварылі адваротны прыклад.

Ніколі раней прадстаўніка беларускай дэмакратыі Аляксандра Мілінкевіча не прымалі на такім высокім узроўні ў еўрапейскіх сталіцах. Сёння дасягнуць такіх вынікаў — недасягальная мара.

13. Сёння ў апазіцыі дамінуе ідэя мірных пераменаў. Дэлемы — рэвалюцыя ці эвалюцыя — не існуе. Сёння існуе дэлема — рэвалюцыя ці дэградацыя. І беларускае грамадства абрала другое.

Дракахруст: Плошча важная для будучыні Беларусі

«Плошча была важнай не толькі ў тым сэнсе, што падрыхтуе пераможную Плошчу. А яна важная да таго, што будзе пасля», — адзначыў палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Юры Дракахруст.

«Зараз думка, скінем Лукашэнку і потым разбярэмся, а гэта не зусім так. І Плошча робіць нас, беларусаў, больш падрыхтаваных да таго, што будзе потым», — лічыць эксперт.

«Трэба быць падтрыхтаванымі не толькі да таго, што Плошча будзе, а і да таго, што яна будзе нечакана», — заключыў ён.

Автор: Ольга Быковская

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • #64 31.03.2016 23:04 @ квучак

    так... гэто була самая вэлыкая подия для постсоветской Беларуси,алэ ж вона стала амаль нэ зауважной з-за забюракратизировавшойся опозыцыи...

Последние новости