Новости Новости Беларуси

Губаревич: На сегодня есть хорошая основа для коалиции — единство во взглядах

Губаревич: На сегодня есть хорошая основа для коалиции — единство во взглядах

1903 просмотра Минск
Может стать прочной и действительно ценностной правоцентристская коалиция? Почему у нее не вошел БНФ, может к ней присоединиться кампания «Говори правду»? На эти вопросы отвечает первый заместитель председателя движения «За свободу» Юрий Губаревич.

Цыганкоў: У сацыяльных сетках, сярод палітычна актыўных людзей інфармацыя пра ўтварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі было сустрэтая зь вялікай доляй іроніі. Зараз у вас ёсьць магчымасьць патлумачыць важнасьць гэтай падзеі для пэрспэктываў дэмакратычных сілаў.

Губарэвіч: Сапраўды, існуе пэўная іронія адносна заяваў апазыцыі, асабліва калі мова ідзе пра стварэньне новай кааліцыі. Таму мы прынялі прынцыповае рашэньне: спачатку — дамовы, пасьля — канкрэтныя справы, і толькі пасьля гэтага мы пераходзім да агучваньня нейкіх аб’яднаньняў, калі яны атрымаюцца.

Мы прынялі прынцыповае рашэньне: спачатку — дамовы, пасьля — канкрэтныя справы, і толькі пасьля гэтага пераходзім да агучваньня аб’яднаньняў

Было пэўнае скажэньне ў падачы інфармацыі пра кааліцыю — яна не падпісвалася ў Брусэлі. Праца над ёй вялася больш за два месяцы ў Беларусі, мы сустракаліся па некалькі разоў на тыдзень. Сустрэчы адбываліся з удзелам прадстаўнікоў чатырох структураў — Рух «За Свабоду», БНФ, АГП і БХД. У Брусэлі адбыўся адзін з раўндаў нашых міжнародных перамоваў, і ў прысутнасьці прадстаўнікоў нашых партнэраў, Эўрапейскай Народнай партыі, была падпісана шырокая дамова аб каардынацыі нашай дзейнасьці. Мы лічым, што міжнародны накірунак на сёньня вельмі важны для нашай дзейнасьці ў Беларусі.

Пэўная іронія відавочна выкліканая ня толькі абставінамі падпісаньня, але і гістарычнымі паралелямі. За апошнія гады беларускія апазыцыйныя структуры стваралі шмат розных кааліцыяў, але мала якая зь іх жыла доўга. Ці варта спадзявацца, што новае аб’яднаньне чакае лепшы лёс?

Губарэвіч: Я спадзяюся, што мы і нашы калегі навучыліся рабіць высновы з гісторыі. На сёньня ёсьць добры грунт для кааліцыі — адзінства ў поглядах, правацэнтрысцкі характар усіх нашых партнэраў. Таксама ёсьць пэўны момант, які падштрурхоўвае да больш адказнага стаўленьня да аб’яднаньня — гэта міжнародная сытуацыя, размарозка адносінаў ЭЗ з Беларусьсю.

Мы можам прыйсьці да таго, што рэжым Лукашэнкі застанецца адзіным рэальным удзельнікаў перамоваў з Эўразьвязам. Апазыцыя праз разьяднаньне дэманструе слабасьць, выключае сама сябе як суб’екта перамоваў. Але мы разумеем сваю адказнасьць, неабходнасьць уплываць на тое, што адбываецца паміж Эўропай і Менскам.

У самой Эўропе неадназначныя падыходы, гучаць галасы, што нэўтральнай пазыцыі Лукашэнкі і вызваленьня палітвязьняў ужо дастаткова для прызнаньня яго партнэрам — без патрабаваньня істотных зьменаў.

Аб’яднаўшыся, мы ствараем магчымасьць для незалежнага грамадзтва быць пачутым. У перамовах з Лукашэнкам трэба выстаўляць патрабаваньні рэальных зьменаў у Беларусі.

Чаму відавочна правацэнтрысцкая партыя — БНФ — не ўвайшла ў кааліцыю, і наколькі мне вядома, пакуль не зьбіраецца гэта рабіць?

Губарэвіч: БНФ застаецца падпісантам базавага пагадненьня. Абсалютная большасьць пытаньняў і мэтаў, якія там адлюстраваныя, адпавядаюць праграме БНФ. Таму гэта добры грунт для нашай далейшай супольнай працы па накірунках, не зьвязаных з парлямэнцкай кампаніяй наступнага году.

Адзінае разыходжаньне, якое мы маем на сёньня — гэта фармаваньне агульнага сьпісу на парлямэнцкіх выбарах. Апошні Сойм БНФ пакуль выказаў жаданьне заняцца падрыхтоўкай пэрсанальнага сьпісу. Але БНФ пакінутая магчымасьць для супольнай працы па стварэньні агульнага сьпісу.

Аб’яднаньне паводле ідэйных каштоўнасьцяў мае і зваротны бок мэдаля. Калі вы вызначаеце правацэнтрысцкія каштоўнасьці — гэта азначае, што ў кааліцыю ня могуць увайсьці левыя, сацыял-дэмакратычныя партыі, якіх дастаткова шмат у Беларусі. Аднак гісторыя даказвае, што з аўтарытарызмам трэба змагацца супольна, аб’яднаўшы левых і правых.

​Губарэвіч: Натуральна, што мы будзем вітаць любое аб’яднаньне і супрацу з іншымі палітычнымі сіламі, якія вызначаюць для сябе эўрапейскі выбар. Мы б нават хацелі, каб аб’яднаўчыя працэсы праходзілі і на левым флянгу. Каардынацыя паміж двума блёкамі толькі ўзмацніла б нашы агульныя пазыцыі ў Беларусі.

Юры Чавусаў у сваіх камэнтарах выказвае такую думку, што цяперашняе аб’яднаньне правацэнтрысцкіх сілаў мае галоўную мэту — дэзавуяваць Тацяну Караткевіч як галоўнага прадстаўніка дэмакратычных сілаў Беларусі.

Губарэвіч: Шчыра кажучы, гэта вельмі штучная прывязка. У сваіх перамовах мы ня ўзгадвалі чыньнік Караткевіч, мы ня лічым, што тут адбываецца нейкае суперніцтва, што яе наяўнасьць стварае нам нейкія праблемы для працы ў Беларусі ці на эўрапейскім накірунку.

На дадзеным этапе казаць пра магчымасьць далучэньня ГП да правацэнтрыскай кааліцыі не выпадае

На жаль, з прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычныя сілы выйшлі разьяднанымі. Да моманту стварэньня нашага блёку не было ніякіх аб’яднаўчых працэсаў паміж тымі структурамі, якія маюць хоць нейкую вагу ў Беларусі.

Як не было? Была кааліцыя «Народны рэфэрэндум», якая аб’ядноўвае Гавары праўду, Рух За Свабоду і БНФ. Але выбарчая кампанія вас разьвяла. Чаму людзі павінны верыць, што новая выбарчая кампанія не разваліць і вашу кааліцыю?

Губарэвіч: «Народны рэфэрэндум» дэ-факта распаўся яшчэ да прэзыдэнцкай кампаніі. Калі дэкляруюцца адныя мэты, а потым адна са структураў пачынае ісьці не ў нагу, і вырашае, што яна можа прысвоіць сабе вынікі супольнай працы — гэта стварае пэўную напружанасьць і вядзе да разбурэньня. Я думаю, удзельнікі новага аб’яднаньня засвоілі гэтыя ўрокі.

Калі ўявіць такую гіпатэтычную сытуацыю, што «Гавары праўду» падае заяўку на ўдзел у вашай кааліцыі — ці будзе яна туды прынята?

Губарэвіч: Ёсьць пэўныя крытэрыі, паводле якіх фармавалася кааліцыя. Перадусім — прызнаньне эўрапейскага выбару як асноўнай мэты нашай дзейнасьці. Па-другое, мы не дапускаем магчымасьці ўдзелу у працы дзяржаўных структураў — акрамя як трапляньня туды ў выніку свабодных і справядлівых выбараў. У гэтым мы разыходзімся з прадстаўнікамі ГП. Акрамя таго, ёсьць адсутнасьць узаемнага даверу. На дадзеным этапе казаць пра магчымасьць іхняга далучэньня да правацэнтрыскай кааліцыі не выпадае.

Автор: Виталий Цыганков

Источник: www.svaboda.org

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • #36 14.01.2016 09:37 @ Леанід

    Ой, хлопцы, перад навалай з усходу і тутэйшым рэжымам варта быць адзінымі і левым, і правым. І погляд павінен быць шырэйшы: незалежнасць Беларусі, праеўрапейскае развіццё. І тут можа і павінна быць супраца і правых, і левых. Чытайце запавет Васіля Быкава...

    1. #38 14.01.2016 12:28 @ [ нет имени ]

      ад супрацы левых і правых ніхто не адмаўляецца) але кааліцыі ім ствараць складаней, бо розныя погляды на некаторыя пытанні.

Народный референдум

Последние новости