Новости Новости Беларуси

Будет скандал? Чем закончится проверка подписей Короткевич оппозицией

Будет скандал? Чем закончится проверка подписей Короткевич оппозицией

1944 просмотра
Оппозиционеры сразу из нескольких организаций впервые хотят проверить подписи, собранные за выдвижение кандидатом на выборах другого оппозиционера.

26 жніўня у апазіцыі незвычайны сход: вырашаюць, хто і як праверыць праўдзівасць подпісаў, сабраных за вылучэнне Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты. Еўрарадыё разбіраецца, адкуль узнікла такая ідэя і чым усё можа скончыцца.

Навошта

З ідэяй, праверыць подпісы Караткевіч, выступіў Рух «За свабоду». Разам з яго актывістамі Таццяна Караткевіч некалькі гадоў ездзіла па Беларусі па праграме «Народнага рэферэндуму», тады ніякіх рознагалоссяў не ўзнікала. Але перад выбарамі «За свабоду» ад удзелу ў кампаніі адмовіўся. А 24 жніўня рух апублікаваў на сваім сайце зварот да патэнцыйнага кандыдата з просьбай даць на праверку сабраныя 100 тысяч подпісаў.

«Вы самі выдатна памятаеце, наколькі складана і за які доўгі перыяд часу збіраліся чатырма структурамі больш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку „Народнага рэферэндуму“. Сумневы падмацоўваюцца тым фактам, што каманды прэтэндэнтаў Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна адкрыта заявілі, што не змаглі пераадолець подпісны парог. У такіх умовах годным крокам маральнай палітыкі і спосабам паляпшэння іміджу дэмакратычных сілаў можа стаць незалежная грамадская праверка сабраных подпісаў», — гаворыцца ў звароце.

У 100 тысячах сабраных Караткевіч подпісаў насамрэч шмат хто сумняваецца — у сацыяльных сетках нават узніклі гарачыя дыскусіі. Дастаецца і Еўрарадыё — некаторыя дзеячы называюць матэрыялы пра спробу праверкі сапраўднасці подпісаў Караткевіч і Гайдукевіча «праплачанымі» ды «непрафесійнымі».

Праверка, як мяркуе адзін з лідараў «За свабоду» Юрась Губарэвіч, можа зняць усе пытанні: «Мы зразумеем, што насамрэч адбылося. Ёсць гэтыя подпісы, альбо іх няма. Калі праблем няма, камісія пра гэта заявіць абсалютна адкрыта і публічна».

Як і хто будзе правяраць

Канчаткова працэдура яшчэ не вядомая. Але Юрась Губарэвіч перакананы — у апазіцыі дастаткова спецыялістаў, якія могуць знайсці фальсіфікацыі.

«Ёсць некалькі інструментаў, якія дазваляюць праверыць сапраўднасць подпісаў. Перадусім шляхам візуальнага агляду. Можна праверыць почырк, высветліць, ці не падпісваўся адзін чалавек за некалькіх. У выніку можна абзваніць людзей, якія нібыта паставілі свае подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч», — кажа ён.

Першая сустрэча наконт праверкі подпісаў Караткевіч пройдзе ўжо 26 жніўня. На ёй пачнуць вызначаць працэдуру праверкі і асабісты склад. Жаданне ўвайсці ў камісію ўжо выказалі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні гэтай партыі Віталь Рымашэўскі кажа, што ў камісію павінны ўвайсці аўтарытэтныя людзі.

«Мы пакуль абмяркоўвалі, хто ад нас туды ўвойдзе. Думаю, такой асобай з’яўляецца Павел Севярынец. І яшчэ іншыя вядомыя аўтарытэтныя асобы, не толькі ад БХД. У прынцыпе, гэтая камісія павінна быць адкрытай для ўсіх. Кожны чалавек зможа прыйсці і праверыць вынікі працы», — мяркуе Рымашэўскі.

З аўтарытэтнымі асобамі, дарэчы, можа атрымацца праблема. Той жа Віталь Рымашэўскі у 2010 годзе заяўляў, што БХД назбірала неабходныя 100 тысяч подпісаў за яго вылучэнне, аднак сёння ў гэта мала хто верыць. Тая ж гісторыя і з прадстаўнікамі руху «За свабоду», якія працавалі ў штабе Алеся Міхалевіча, ды шматлікімі іншымі. Ці мае аўтарытэт у справе праверкі подпісаў той, каго падазраюць у іх фальсіфікацыі — вялікае пытанне.

Што атрымаецца ў выніку?

Вельмі верагодна, што новы скандальчык. Справа ў тым, што для праверкі рух «За свабоду» хоча мець копіі ўсіх 100 тысяч сабраных за Караткевіч подпісаў.

«Каб адбылася паўнавартасная праверка, неабходна бачыць перад сабой увесь аб’ём сабраных подпісаў. Прадстаўнікі штаба Караткевіч неаднаразова заяўлялі, што ўсе копіі маюцца ў іх ў наяўнасці», — кажа Юрась Губарэвіч.

Тым часам кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў у дзень падрыхтоўкі матэрыялу, то бок 26 жніўня, паведаміў Еўрарадыё, што не ўпэўнены ў існаванні ўсіх копій: «Я не магу сказаць, ці ўсе яны ёсць. Мы цяпер збіраем, абзвоньваем актывістаў, хто мае ксеракопіі, хто фотаздымкі падпісных лістоў рабіў. Не ведаю, ці атрымаецца сабраць копіі ўсіх подпісаў», — кажа Дзмітрыеў.

У выніку апазіцыйная камісія можа атрымаць для праверкі толькі частку сабраных Караткевіч падпісных лістоў. Што абавязкова стане тэмай для спекуляцый.

Ці назбірала Таццяна Караткевіч 100 тысяч подпісаў?

Калі верыць яе штабу — так. Нават крыху больш — у выбарчыя камітэты было здадзена 107 з хвастом тысяч. Што на гэты конт мяркуе Лідзія Ярмошына, даведаемся на пачатку наступнага тыдня. У 2010 годзе прыкладна столькі ж подпісаў здаў БНФ са сваім кандыдатам Рыгорам Кастусёвым. У выніку Кастусёва ледзьве зарэгістравалі, прызнаўшы сапраўднымі толькі 100 870 подпісаў.

Калі верыць ускосным лічбам — узнікаюць сумневы. Лідар БНФ Аляксей Янукевіч ужо заявіў, што яго структура назбірала за вылучэнне Караткевіч усяго 10300 подпісаў. Па інфармацыі Еўрарадыё, сацыял-дэмакраты, якія працавалі на Караткевіч неафіцыйна, паміж сабой гавораць пра 20 тысяч. У выніку яшчэ амаль 80 тысяч павінны былі назбіраць непасрэдна самі актывісты «Гавары праўду». Немаленькая лічба.

Актывісты руху «За свабоду» абяцаюць не здаваць Караткевіч Ярмошынай, калі раптам знойдуць фальсіфікацыі. Маўляў, ЦВК даўно сам сябе скампраметаваў і супрацоўнічаць з ім няма сэнсу. А вось прэсе і грамадскасці абавязкова ўсё раскажуць. Так што, можна запасацца папкорнам, калі вы па нейкай прычыне яшчэ гэтага не зрабілі.

Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости