Новости Новости Движения

Каким должен быть белорусский Гавел?

Каким должен быть белорусский Гавел?

1698 просмотров Минск
9 января в помещении посольства Чехии состоялся четвертый традиционный вечер памяти Вацлава Гавела.

Шэраг пляцовак адмовілі «Руху за свабоду» ў правядзеньні чацьвёртай традыцыйнай вечарыны ўшанаваньня памяці Вацлава Гаўла і гадавіны падпісаньня «Хартыі-77». У выніку вечарына адбылася ў пасольстве Чэхіі.

9 студзеня у памяшканьні Чэскай амбасады сабраліся некалькі дзясяткаў вядомых у палітычнай і грамадзкай прасторы Беларусі людзей — палітыкі, праваабаронцы, журналісты, пісьменьнікі.

Гасьцей віталі амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экэрт і амбасадар Славаччыны Міраслаў Мойжыта, а таксама экс-старшыня Вярхоўнага савету Беларусі Мечыслаў Грыб. Вёў вечарыну палітык і намесьнік старшыні ​«Руху за свабоду» Алесь Лагвінец.

Алесь Бяляцкі і Алесь Лагвінец

На адной з папярэдніх вечарынаў лідэр «Руху за Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч назваў Вацлава Гаўла «амбасадарам Беларусі на Захадзе». Сапраўды, Гавэл шмат зрабіў для таго, каб перамены прыйшлі ў Беларусь, пасьлядоўна выступаў супраць рэпрэсіўных дзеяньняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. ​

Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экэрт і амбасадар Славаччыны Міраслаў Мойжыта

Адным з апошніх напісаных Гавэлам тэкстаў стала віншаваньне з Калядамі і Новым годам, адрасаванае беларускім палітвязьням. ​

Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч нагадаў, што Гавэл быў сябрам і гэтай арганізацыі. Хадановіч напоўніў сваю прамову цытатамі з гаўлавых твораў, а ў якасьці доказу гэтаму ўзяў у рукі важкі том перакладаў Гаўла на беларускую пад назвай «Жыцьцё ў праўдзе». Выдадзеныя ў выдавецтве Ігара Логвінава тэксты — апошняя кніга ў так званай «чэскай калекцыі» перакладаў.

«Вельмі не хацелася б, каб гэтая кніга стала адной з апошніх і для самога выдавецтва», — сказаў Хадановіч, згадаўшы і галоўную падзею пятніцы — рашэньне у справе Ігара Логвінава, якому беларускі суд прысудзіў штраф амаль у мільярд рублёў, паставіўшы прадпрымальніка на мяжу банкруцтва.

«Беларусь — цудоўная краіна. У нас няма палітычных іншадумцаў, злачынцаў і вязьняў, — сказаў Хадановіч. — Усіх няўгодных перасьледуюць па эканамічных матывах. Прысутныя тут „эканамічныя злачынцы“ не дадуць мне схлусіць»... Такія ў залі сапраўды былі.

Гавэл на доўгія гады застаўся для Беларусі ўзорам палітыка і гуманіста, дзеяньні якога зрабілі з акупаванай камуністычнай краіны перспэктыўную дэмакратыю. На дзеяча кшталту Гаўла, як на мэсію, спадзявалася беларуская эліта, паўтараючы цытаты са славутага гаўлавага ліста прэзыдэнту сацыялістычнай Чэхаславаччыны Густаву Гусаку ці натхняючыся ягонай «Сілай бясьсільных». У 1997 беларусы падпісалі і сваю Хартыю, далучыўшы да яе год падпісаньня.

Але выглядае, што час гэтых спадзяваньняў мінуў і ўласныя перамены трэба рыхтаваць ужо паводле іншых прыкладаў.

«У маім уяўленьні Гавэл непаўторны палітык, — кажа прысутны на вечарыне пісьменьнік Ўладзімер Арлоў. — Выклікі, якія стаяць перад Беларусьсю, адрозьніваюцца ад тых, што стаялі тады перад Чэхаславаччынай, калі Гавэл стаў прэзыдэнтам. Таму я думаю, што беларускі Гавэл павінен быць чалавекам іншага кшталту, безумоўна, узяўшы ўсё найлепшае ад спадара Вацлава».

«Я вас расчарую, але для моладзі імя Гаўла ўжо нічога ня значыць, — кажа заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер. Паводле яго, такі «мяккі» чалавек, як Гавэл, мог стаць прэзыдэнтам толькі ў краіне з больш дэмакратычным мэнталітэтам і перакананьнямі.

«У Беларусі Гаўла зломяць, — тлумачыць Юры Зісер. — Тут пераможа чалавек, які ўмее шмат абяцаць. Былі ж выбары 1994-га году і мы бачылі, што адбылося. У нас розныя краіны. Думаю, Гавэл Беларусі не пагражае».

Такі прагноз Зісер робіць на найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. «Але нарэшце грамадзтва дарасьце», — кажа ён. //Радыё "Свабода"

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Вечер памяти Гавела

Последние новости