Новости Аналитика

Пафала нагадаў Макею пра асабістую адказнасць

Пафала нагадаў Макею пра асабістую адказнасць

2949 просмотров
Беларуска-нямецкія адносіны пагоршалі да свайго найгоршага ад 1991 года стану. Германія рэзка негатыўна ацаніла ход выбараў і пагром апазіцыі пасля іх. У сваю чаргу, беларускае кіраўніцтва і афіцыёзныя СМІ абвінавацілі нямецкія спецслужбы ў тым, што яны стаялі за арганізацыяй беспарадкаў у Мінску.

Варта адзначыць, што ніводнага дакумента ў падмацаванне гэтых абвінавачванняў прыведзена не было. Гаварылася пра ролю Нямецкага фонду Маршала, але гэтая фундацыя амерыканская, слова «нямецкая» ў ёй фігуруе толькі як даніна гісторыі.

Гэта выклікала здумленне аналітыкаў: чаму Мінск нібы адмыслова пайшоў на гэтыя крокі? У сваю чаргу, Германія з прыхільніцы дыялогу з Мінскам перайшла на пазіцыю падтрымкі санкцый супраць лукашэнкаўцаў.

31 студзеня Еўрасаюз такія санкцыі ўвёў. Больш за тое, еўрапейскія дыпламаты не хаваюць, што ў выпадку расправы з палітвязнямі ці інтэнсіфікацыі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці санкцыі будуць узмоцнены.

«Наша Ніва» папрасіла кіраўніка ведамства канцлера Германіі Рональда Пафалу адказаць на некалькі пытанняў адносна бягучай сітуацыі.

Пафала мае вялікі ўплыў на фармаванне беларускай палітыкі Германіі. Ён і асабіста заангажаваны ў беларускае пытанне, бо наведваў Мінск яшчэ да таго, як заняў пасаду, эквівалентную беларускаму кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта.

— Рада міністраў ЕС наклала на лукашэнкаўцаў візавыя санкцыі, але, насуперак закліку Еўрапарламента, у рашэнні не згадваецца пра эканамічныя меры. Чаму Еўрасаюз не захацеў накласці эканамічныя санкцыі на лукашэнкаўцаў? Ці ён не мог?

— Дазвольце спачатку сказаць некалькі слоў з нагоды сітуацыі ў Беларусі.

Падзеі 19 снежня трагічныя. Трагічныя для тых людзей, якія атрымалі траўмы і былі арыштаваныя, і трагічныя для ўсёй краіны.

У дадзенай сітуацыі Еўрапейскі Саюз мае дзве мэты — з аднаго боку, шляхам прымянення санкцый да прадстаўнікоў рэжыму ён збіраецца паказаць, што абраны шлях рэпрэсій і дыктатуры — памылковы. Таму ЕС 31 студзеня 2011 года абвясціў пра абмежаванне паездак і блакаванне актываў у адносінах да 157 асоб. Ад шэрагу раней запланаваных кантактаў з урадам з прычыны сітуацыі, што склалася, нам прыйшлося адмовіцца.

З другога боку, мы збіраемся пашырыць нашу падтрымку для грамадзянскай супольнасці.

Мы хочам падтрымаць сілы свабоды, хочам павялічыць колькасць кантактаў.
Бо ў адным я асабіста перакананы: Беларусь — краіна еўрапейская, якую нельга навекі адхіліць ад вяршэнства закона, ад павагі да правоў чалавека і дэмакратыі.

Канкрэтна гэта азначае, што трэба нарошчваць і дыферэнцыяваць падтрымку і спрашчаць доступ да візаў. Па гэтых пытаннях мы дасягнулі сур’ёзнага прагрэсу на канферэнцыі донараў, якая прайшла 2 лютага ў Польшчы.

Германія ў гэтым годзе надасць беларускай грамадзянскай супольнасці дапамогу ў памеры 6,6 млн еўра.

За кошт гэтых сродкаў фінансуюцца, сярод іншага, стыпендыі, павышэнне кваліфікацыі журналістаў і праекты па садзейнічанні дэмакратыі і вяршэнству права. Акрамя таго, Германія будзе бясплатна выдаваць нацыянальныя візы. Нароўні з гэтым, Федэральны ўрад дабіваецца таго, каб і шэнгенскія візы для прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці афармляліся ў большым аб’ёме і без спагнання звычайных збораў.

— Санкцыі прынятыя. Што далей?

— Галоўным нашым патрабаваннем застаецца вызваленне палітычных зняволеных. У рамках ЕС мы вырашылі з усёй паслядоўнасцю дамагацца гэтай мэты. Магу Вас запэўніць, што я, таксама з улікам шматлікіх кантактаў з людзьмі, якія непасрэдна трапілі пад рэпрэсіі, не буду аслабляць сваіх намаганняў.

Як я ўжо намякаў: калі прэзідэнт Лукашэнка не зрушыцца са сваёй пазіцыі, то паўстане неабходнасць абмяркоўваць дадатковыя крокі.

Маюцца на ўвазе і разглядаюцца дзяржавамі-членамі ЕС дадатковыя мэтанакіраваныя меры па ўсіх кірунках супрацоўніцтва. Рашэнні, прынятыя ЕС 31 студзеня, з’яўляюцца прамым адказам на падзеі ў дзень выбараў у снежні мінулага года. У залежнасці ад далейшага развіцця сітуацыі ў Беларусі будуць неабходныя іншыя рэакцыі ў адказ. Пры гэтым трэба забяспечыць, каб пад ударам апынуліся тыя, хто нясе адказнасць, а насельніцтва ад прынятых дзеянняў не пацярпела.

Аднаго, аднак, не пазбегнуць: у цяперашніх абставінах ужо зараз кожны патэнцыйны інвестар будзе старанна абдумваць пытанне, ці варта яму ў дадзенай сітуацыі інвеставаць у Беларусь.

— Якім будзе Ваша асабістае пасланне Вашаму калегу, спадару Макею?

— Мой заклік да яго наступны: унясіце свой уклад у вызваленне палітычных зняволеных.

Займанне ўладных пазіцый у аўтарытарным урадзе заўсёды звязана з вялікай доляй асабістай адказнасці.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости