«Тое, што сёння адбываецца ў сферы вышэйшай адукацыі ў краіне з'яўляецца агульнанацыянальнай катастрофай», - лічыць намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.
Ён назваў прыклады: прымусовае размеркаванне, ідэалагічны кантроль за студэнтамі, недынамізм выкладчыкаў, прывязанасць студэнтаў да аднаго месца навучання, незмененыя праграмы навучання.
«Усё гэта стварае такую сітуацыю, што наша адукацыя глядзіць назад», - падкрэсліў Лагвінец.
Рашэнне праблемы ён бачыць у рэформах і адмове прымусовага размеркавання студэнтаў.
«Вельмі важна, каб Беларусь далучылася да Балонскага працэсу. Вельмі важна, каб маладыя беларусы маглі вандраваць, атрымліваць найлепшы досвед і вяртацца ў Беларусь і прымяняць гэты досвед у нас у краіне. Толькі так мы зможам палепшыць нашае жыццё», - падкрэсліў Лагвінец.
Не лепей, па меркаванні Лагвінца, сітуацыя ў школах Беларусі. «Трыццаць балаў атрымлівае сёння сярэднестатыстычны выпускнік на цэнтралізаваным тэставанні», - прывёў ён статыстыку і задаўся пытаннем, ці гэта школа такая кепская, ці дзеці сапсаваліся, ці настаўнікі не здольныя выкладаць.
«Праблема не ў гэтым, - адзначыў Лагвінец. - Праблема ў тым, што беларуская сістэма адукацыі знаходзіцца ў вельмі кепскім стане».
Па ягоным меркаванні, трэба рэфармаваць школу, спрыяць большай спецыялізацыі школаў, разняволіць настаўнікаў. «У рэшце рэшт, трэба зрабіць так, каб нашая школа была сапраўды адкрытай, дынамічнай і паспяховай», - заключыў намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.