Новости Новости Движения

Пофала: Беларускія выбары — «еўрапейская трагедыя»

Пофала: Беларускія выбары — «еўрапейская трагедыя»

2415 просмотров
«Еўрапейскай трагедыяй» назваў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі — міністр па асаблівых даручэннях Рональд Пофала.

У інтэрв’ю нямецкаму часопісу Focus, фрагменты якога прыводзіць агенцтва DTS, Пофала зазначыў, што людзі, якія выступілі за свабоду і дэмакратыю, «збітыя дубінкамі, знявечаныя і кінутыя ў турму». Паводле яго слоў, выбар Аляксандрам Лукашэнкам шляху насілля «нельга зразумець і апраўдаць».

Пофала падкрэсліў, што ў межах Еўрасаюза Германія «выкарыстоўвае ўсе магчымыя дзеянні і не будзе мірыцца з тым, што ў сэрцы Еўропы парушаюцца правы чалавека». «Таму мы павінны, у прыватнасці, вярнуцца да забароны на ўезд і мэтанакіраваных санкцый», — заявіў кіраўнік ведамства Ангелы Меркель.

31 студзеня міністры замежных спраў краін ЕС разгледзяць пытанне аб санкцыях у адносінах да Беларусі. У сувязі з гэтым Пофала заклікаў да адзінай лініі паводзін: «Мы павінны выкарыстаць такія арганізацыі, як ЕС, Савет Еўропы і АБСЕ, каб дзейнічаць разам».

Прадстаўнік нямецкіх улад зноў запатрабаваў ад Лукашэнкі вызвалення палітзняволеных. «Першым крокам павінна стаць па меншай меры забеспячэнне неадкладнага і бесперашкоднага доступу да іх адвакатаў і сваякоў, а таксама поўнае медыцынскае забеспячэнне», — сказаў Пофала.

У пачатку лістапада Рональд Пофала наведаў Мінск, дзе заявіў, што адносіны Беларусі з Еўропай будуць залежаць ад таго, наколькі прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць сумленна і свабодна, падае БелаПАН. Пры гэтым, паводле яго слоў, Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў «у тым сэнсе, як мы гэта разумеем».

«Упэўненасць у тым, што працэс выбараў не сфальсіфікаваны, з’яўляецца асновай дэмакратычнай легітымацыі Беларусі», — падкрэсліў Пофала ў сярэдзіне лістапада.

6 студзеня ў тэлефоннай гутарцы з лідарам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам кіраўнік ведамства федэральнага канцлера заявіў, што пазіцыя ФРГ у дачыненні да беларускіх вязняў сумлення застаецца нязменнай: усе яны павінны быць выпушчаныя на волю ў адпаведнасці з прынцыпамі прававой дзяржавы, а сваякам зняволеных павінна быць дадзена магчымасць наведаць іх.

Пофала падкрэсліў, што Германія будзе цвёрда адстойваць гэтую пазіцыю, пакуль ахвяры рэпрэсій не будуць вызвалены.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости