Дарагія суайчыннікі!
Шаноўныя сябры!
Звяртаюся да Вас у гэтыя святочныя дні, калі мы ўсе глядзім на здзейсненае, падсумоўваем вынікі, адначасова спадзяемся на лепшае, на цуд у будучыні.
Цуд, які зробіць нас усіх здаровымі, шчаслівымі ды заможнымі.
Цуд, які дазволіць пабудаваць па-людску адносіны паміж намі і дзяржавай.
Цуд, які адправіць на сметніцу гісторыі ўсё нялюдскае, што спатыкаецца на нашым шляху.
Цуд, які дасць магчымасць захаваць і ўмацаваць надзею на лепшы лёс … для сябе, сваіх родных і для нашае Беларусі.
Мы пражылі вельмі няпросты 2010 год.
Было шмат добрых пачынанняў. Беларусы сваёй стваральнай працай у самых разнастайных галінах жыцця далі безліч прыкладаў і доказаў, што яны годныя, каб жыць у дабрабыце і ў свабодзе, што яны хочуць жыць цывілізавана, у міры і супрацоўніцтве з усімі людзьмі добрай волі.
Нягледзячы на цынічную прапаганду з дзяржаўнага тэлебачання, людзі ў Беларусі здольныя адрозніваць дабро і зло. Сваім рэальным волевыяўленнем у снежні яны ўжо паказалі жаданне пазбавіцца дыктатуры. Толькі нашы галасы ніхто не лічыў. Аўтарытарны рэжым зноў разламаў наша грамадства, зноў паздзекаваўся з права народу выбіраць сваю ўладу. Ізноў запушчана карусель нянавісці і хлусні, ізноў нас спрабуюць падзяліць на правільных і неправільных, на чэсных і нячэсных.
Аднак у нашай краіне ўсё болей і болей людзей, якія годна супрацьстаяць тэрарызму дзяржавы супраць уласнага народу.
Ведаю, беларусы заслужылі цуд збавення ад несправядлівасці і афіцыйнай хлусні. Але цуд прыходзіць да тых, хто моцна верыць і шчыра робіць усё, каб ён адбыўся.
Самадзяржаўе, самавольства пярэчыць самой натуры беларускага чалавека.
Я Вас заклікаю: Не бойцеся!
Не трэба баяцца, трэба яднацца ў салідарнасці і свабодзе. Толькі так мы памнажаем шансы на перамогу дабра і справядлівасці.
Праз цяплыню і спагаду ў адносінах паміж сабой, праз салідарнасць і нацыянальную еднасць.
Будзьма папросту сумленнымі людзьмі, што б мы ні рабілі, і Бог нас не пакіне.
Маю надзею, перакананы, што лёс Беларусі будзе лепшым.
Абяцаю Вам: буду і ў 2011 годзе працаваць для вас, для Беларусі. Буду гуртаваць людзей унутры краіны, буду падымаць свет на абарону свабодных беларусаў.
Шчыра жадаю Вам усім — шчасця, моцы, здароўя, веры, веры ў сябе, у нас, у беларускі народ і яго лепшую будучыню.
З Новым годам! Жыве Беларусь!
Теги: віншаванне, Новы год,
Люди: Аляксандр Мілінкевіч,
Места: Мінск,