Новости Новости Движения

Вынікі назірання ПАГА «Рух «За Свабоду»

Вынікі назірання ПАГА «Рух «За Свабоду»

3628 просмотров Минск Брест Гродно Витебск Могилев Гомель Мосты Горки Бобруйск Речица Мозырь Новополоцк
Рух «За Свабоду» накіраваў сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў на 625 участкаў для галасавання у Беларусі і 9 участкаў створаных за мяжой. Увага была скіравана на назіранне за выбарамі і працэсам падліку галасоў у асноўны дзень галасавання, 19 снежня.

Рашэнне аб правядзенні нацыянальнай кампаніі назірання за прэзідэнцкімі выбарамі было прынятае ў адпаведнасці са Статутам арганізацыі, на паседжанні Рады ПАГА «Рух «За Свабоду» 08.12.2010

Рух «За Свабоду» накіраваў сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў на 625 участкаў для галасавання у Беларусі і 9 участкаў створаных за мяжой. Увага была скіравана на назіранне за выбарамі і працэсам падліку галасоў у асноўны дзень галасавання, 19 снежня 2010 г.

Назіральнікі Руху «За Свабоду» працавалі ў Менску, Берасці, Гародні, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Мастах, Зельве, Баранавічах, Пінску, Барысаве, Маладэчне, Наваполацку, Гарадку, Горках, Бабруйску, Рэчыцы, Мазыры і шэрагу іншых гарадоў і мястэчак Беларусі.

Асноўныя заўвагі назіральнікаў тычыліся амаль татальнай немагчымасці непасрэднага назірання за працэдурай падліку галасоў. Там, дзе назіральнікі нешта бачылі ў часе падліку, яны былі пазбаўлены магчымасці спраўдзіць афіцыйныя вынікі паводле фактычнага зместу бюлетэняў.

1. Парушэнні ў часе падліку галасоў

Найбольш распаўсюджаным і сур’ёзным парушэннем у асноўны дзень галасавання стала недапушчэнне назіральнікаў да працэдуры падліку галасоў.

Пастановамі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў № 93 і 95 ад 5 лістапада 2010 г. у адпаведныя Метадычныя рэкамендацыі было ўнесена палажэнне аб тым, што назіральнікам павінна быць забеспечана рэальная магчымасць ажыццяўляць назіранне ва ўмовах, што забяспечваюць агляднасць працэдуры падліку бюлетэняў.

Нягледзячы на гэта, на абсалютнай большасці ўчасткаў назіральнікам не дазвалялася падыходзіць да камісіі, якая лічыла бюлетэні, на адлегласць, з якой можна было ўбачыць змест бюлетэняў. Назіральнікі паведамлялі, што стаялі на адлегласці ў 3, 5, 6, 10 і 15 метраў.

На тых жа ўчастках, дзе ўдалося дамагчыся рэальнага падліку галасоў дзякуючы забеспячэнню незалежнага назірання разам з наяўнасцю незалежнага прадстаўніка ў камісіі, паводле афіцыйных пратаколаў кандыдат А.Лукашэнка не набраў 50 % галасоў выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні. Так, на ўчастку № 104 Маскоўскага раёна г. Мінска А.Лукашэнка атрымаў менш за 47% галасоў. На ўчастку № 49 Ленінскага раёна г. Мінска А. Лукашэнка атрымаў 39%, а А. Саннікаў — 25%. Галасы, пададзеныя на гэтым участку за У. Някляева, А. Саннікава і Я. Раманчука, складаюць разам 46%. На ўчастку № 57 Кастрычніцкага раёна г. Мінска за А. Лукашэнку прагаласавала 42%. Неабходна адзначыць, што гэта дадзеныя з улікам датэрміновага галасавання, кантраляваць скрыні з бюлетэнямі якога назіральнікі не мелі магчымасці.

Паводле дадзеных асноўнага дня галасавання з участкаў № 3 і № 4 Верхнядзвінскага раёна, участка № 3 Чыгуначнага раёна, участка № 45 Першамайскага раёна г. Віцебска, А.Лукашенка не набіраў 50%.

На асобных участках, дзе не было магчымасцяў паўнавартаснага кантролю за дзеяннямі камісіяў, але дзе камісіі дазвалялі падыходзіць бліжэй і часткова бачыць змест бюлетэняў, назіральнікамі адзначалася немагчымасць параўнаць выніковыя дадзеныя з фактычнымі. Тым не менш, некаторым з іх удалося зафіксаваць на фотоздымках стосы складзеных за розных кандыдатаў бюлетэняў. Пры гэтым відавочна, што лічбы ў пратаколах не адпавядалі фактычным дадзеным, якія можна ацаніць візуальна (участак № 59 Першамайскага раёна, участак № 25 Ленінскага раёна г. Мінска). Стосы бюлетэняў за асобных кандадатаў альбо не саступаюць афіцыйнаму фаварыту, альбо разам са стосамі іншых кандыдатаў складаюць стосы такой жа велічыні. Аднак выніковыя пратаколы ўтрымліваюць дадзеныя аб прыкладна 60% галасоў за А. Лукашэнку (па асноўным дні галасавання). З улікам таго, што дадзеныя па асноўным дні галасавання на такіх участках не агучваліся асобна, магчымасць фальсіфікацыяў крыецца менавіта ў тым, што падлічвалі камісіі адно, а абвяшчалі зусім іншае. Пра гэта сведчыць і зафіксаваны на відэа факт (выбарчы ўчастак № 48 Савецкага раёну г.Мінска), калі камісія ў часе падліку галасоў называла прозвішча А.Міхалевіча, пацвярджаючы наяўнасць пададзеных за яго галасоў, а паводле выніковага пратакола галасоў за яго ніхто не падаваў.

Не на ўсіх участках бюлетэні складаліся ў стосы паводле кандыдатаў. На некаторых участках парушалася правіла аб раздзельным падліку галасоў. Так, на ўчастку № 108 г. Гродна ўсе бюлетэні былі змяшаныя разам. Амаль усе назіральнікі звярталі ўвагу на тое, што праверыць правільнасць падліку было немагчыма, паколькі сябры камісіі вялі падсумаванне паралельна, пасля чаго лічбы перадаваліся старшыні камісіі, які агучваў толькі канчатковы вынік.

2. Парушэнні ў часе галасавання

Датэрміновае галасаванне.

Многія назіральнікі заўважалі адсутнасць на ўчастках пратаколу аб датэрміновым галасаванні (№ 51 Першамайскага раёну г. Мінска, № 27 Маскоўскага раёну г. Мінска). На апошнім камісія адмовілася даваць інфармацыю пра агульную колькасць выбарцаў на ўчастку і колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова.

Парушэнні назіраліся ў парадку афармлення скрыняў датэрміновага галасавання. На скрынях на некаторых участках шчыліны ўздоўж крышак, дзе скрыні закрываліся, былі такой шырыні, што ў іх без асаблівых праблемаў можна было ўкінуць якую заўгодна колькасць бюлетэняў. На ўчастку № 29 Цэнтральнага раёну г. Мінска на працягу асноўнага дня галасавання стаяла скрыня датэрміновага галасавання, шчыліна для ўкідвання бюлетэняў на якой не была апячатана, а толькі заклеена звычайнай паперай без подпісаў сябраў камісіі. На ўчастку № 27 Маскоўскага раёну г. Мінска была пашкоджана пячатка на скрыні, на што звярнуў увагу адзін з выбарцаў.

Галасаванне па месцы знаходжання выбарцаў.

Істотныя парушэнні былі зафіксаваны падчас галасавання па месцы знаходжання грамадзян. Да назірання за працэсам галасавання назіральнікаў дапускалі не заўсёды, а ў пэўных выпадках стваралі вялікія перашкоды. Так, на ўчастку № 15 Фрунзенскага раёну г. Мінска камісія спрабавала пазбавіцца ад назіральніка ў часе галасавання па месцы знаходжання выбарцаў, спаслаўшыся на адсутнасць для назіральніка месца ў машыне. На просьбу паведаміць адрасы, па якіх камісія збіралася ехаць (назіральнік быў гатовы дабірацца сваім ходам), было адмоўлена. На участку № 41 Савецкага раёну г. Мінска ў спісах на галасаванне па месцы жыхарства аказаліся ўжо прагаласаваўшы выбарца, выбарца, прыпісаны да іншага выбарчага ўчастку, чалавек, які за тры дні да гэтага з’ехаў за мяжу і нябожчык.

Дзень галасавання.

На асобных участках назіральнікаў размяшчалі такім чынам, што для іх практычна немагчыма было назіраць за выдачай бюлетэняў і кіданнем іх у скрыні (№ 65 г. Барысава, № 15 г. Жодзіна). Падчас галасавання і падліку галасоў назіральнікам нярэдка забаранялася карыстацца мабільнай сувяззю, фатаграфаваць і здымаць без згоды старшыні камісіі.

Зафіксаваны выпадкі забароны весці альтэрнатыўны падлік колькасці прагаласаваўшых (№ 99 Кастрычніцкага раёну г. Магілёва — старшыня камісіі забараніла карыстацца асадкамі, № 46 Савецкага раёну г. Мінска). Пасля звароту кандыдата ў прэзідэнты А. Міхалевіча і яго даверанай асобы А. Чарняковіча раённая камісія папярэдзіла камісію ўчастка № 46 Савецкага раёну г. Мінска пра недапушчальнасць забараняць назіральнікам лічыць колькасць прагаласаваўшых.

На асобных участках назіральнікамі былі зафіксаваны факты ўкідвання бюлетэняў у скрыні выбарцамі. Так, на ўчастку № 22 г. Наваполацка, паводле ацэнкі назіральніка, было ўкінута ня менш за 15 бюлетэняў. На ўчастку № 30 Цэнтральнага раёна г. Гомеля на заўвагу назіральніка, што выбарца ўкінула ў скрыню адначасова пяць бюлетэняў, камісія не адрэагавала.

Назіральнікі былі сведкамі сітуацый, калі выбарца, прыйшоўшы галасаваць, бачыў што за яго ўжо нехта распісаўся і атрымаў бюлетэнь (участак № 104 Маскоўскага раёна г. Мінска).

На шэрагу ўчасткаў назіральнікі звярталі ўвагу на неадпаведнасць афіцыйнай лічбы прагаласаваўшых колькасці фактычна ўзяўшых удзел у галасаванні. Так, паводле ацэнак назіральнікаў, на ўчастку № 48 Савецкага раёна г. Мінска афіцыйная колькасць выбарцаў была завышана на 280 чалавек, што складае больш за траціну фактычна ўзяўшых удзел у галасаванні.

Сярод іншых парушэнняў — галасаванне па копіі пашпарту, пасведчанні кіроўцы; выдача некалькіх бюлетэняў аднаму чалавеку; нявыверанасць выбарчых спісаў і іншае.

3. Агучванне вынікаў/пратаколы аб выніках галасавання

На большасці ўчасткаў асобна не агучваліся вынікі асноўнага дня галасавання. На некаторых увогуле агучваліся толькі канчатковыя вынікі, адсутнічаў раздзельны падлік галасоў, не падлічваліся нявыкарыстаныя бюлетэні. На асобных учатках не вывешваўся выніковы пратакол.

4. Назіранне за мяжой

Назіранне вялося на ўчастках для галасавання ў Берліне, Боне, Варшаве, Вільні, Празе, Вашынгтоне. Большасць назіральнікаў паведамляла пра прыязнае стаўленне камісіяў у часе галасавання. Разам з тым, на тэрыторыі некаторых выбарчых участкаў (Берлін, Вільня) прысутнічалі асобы з нявызначаным статусам (асобы, якія не з’яўляліся сябрамі камісіі, назіральнікамі альбо журналістамі). Спробы іх выдаліць у Берліне нічым не скончыліся. Вядома, што ў Празе на працягу асноўнага дня галасавання былі дадаткова надрукаваны 100 бюлетэняў. У Вільні бліжэй да сярэдзіны дня старшыня камісіі заявіў, што бюлетэняў можа не хапіць, у сувязі з чым некаторыя грамадзяне Беларусі прынялі рашэнне адмовіцца ад галасавання.

Падлік галасоў адбываўся паводле адной схемы на ўсіх участках: назіральнікам было забаронена падыходзіць да камісіі бліжэй чым на адлегласць 3-5 м, працэдура падліку была схавана за спінамі сяброў камісій. На некаторых участках (Варшава) назіральнікам нават не дазвалялі назіраць стоячы. Магчымасці што-небудзь бачыць назіральнікі не мелі. Просьбы, накіраваныя на забеспячэнне празрыстасці працэдуры падліку, адхіляліся.

5. Перашкоды для незалежных назіральнікаў

Арганізацыя назірання таксама сутыкнулася з перашкодамі. Ад вечара 18 снежня быў заблакаваны прыём смс-паведамленняў, а ў другой палове дня 19 снежня — уваходныя званкі на нумары мабільных тэлефонаў аператараў Velcom i Life, якія выкарыстоўваліся кампаніяй Руху «За Свабоду» адмыслова для аператыўнага прыёму інфармацыі з выбарчых участкаў краіны і маніторынгу назірання.

Трэба адзначыць таксама перашкоды, што чыніліся незалежным назіральнікам з боку назіральнікаў ад лаяльных да ўлады арганізацыяў. Відавочна, ім было дадзена адпаведнае ўказанне. Яны разам з камісіямі пазбаўлялі незалежных назіральнікаў магчымасці бачыць працэдуру падліку галасоў. Напрыклад, паведамлялі камісіі, што незалежны назіральнік падышоў бліжэй вызначанай для яго адлегласці, альбо робіць фото- ці відэаздымку. Былі выпадкі падпісання такімі назіральнікамі актаў, складзеных на незалежных назіральнікаў, пры тым што яны адсутнічалі на месцы здарэння. Вядома таксама, што назіральнікам ад БРСМ былі раздадзены бланкі скаргаў, якія яны мусілі запоўніць на незалежных назіральнікаў. Пры гэтым прынамсі ў адным выпадку такі назіральнік ад БРСМ, не дапяўшы, запоўніў бланк скаргі ў дачыненні да самога сябе.

6. Інфармацыя аб выніках галасавання.

Для аператыўнага збору і размяшчэння інфармацыі аб выніках галасавання бла створана адмысловая інтэрнет старонка: www.pyx.by

Назіральнікі Руху «За Свабоду» дасылалі дадзеныя двух тыпаў: інфармацыю пра вынікі падліку бюлетэняў са скрыні асноўнага дня галасавання і агульныя вынікі па ўчастку. Варта адзначыць, што інфармацыя пра вынікі галасавання ў асноўны дзень выбараў была атрыманая назіральнікамі толькі ў 34% выпадкаў.

Аналіз наяўных дадзеных паказвае істотнае адрозне паміж працэнтам падтрымкі кандыдатаў, атрыманай імі ў дзень выбараў, і агульнымі вынікамі. Так, па кандыдату А.Лукашэнка, гэтая розніца дасягае 10-15% у бок павелічэння. Па іншых кандыдатах, адпаведна зніжэнне ўзроўню падтрымкі ў афіцыйна агучаных агульных дадзеных. Таксама назіраецца неадпаведнасць рэйтынгавых месцаў кандыдатаў дадзеным, зацьверджаным цэнтральнай выбарчай камісіяй.

Высновы.

1. Мінулыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нельга назваць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі.

2. Асноўныя парушэнні адбываліся ў часе датэрміновага галасавання (падмена бюлетэняў) і ў дзень галасавання — немагчымасць паўнавартаснага кантролю працэдуры галасавання і падліку галасоў.

3. Старшыні выбарчых камісіяў ігнаравалі заўвагі і звароты назіральнікаў ад Руху «За Свабоду», у якіх назіральнікі заклікалі выконваць выбарчае заканадаўства і забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу.

Каардынатар кампаніі назірання за прэзідэнцкімі выбарамі 2010

Автор: Юрий Губаревич

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости