Новости Новости Движения

Як праходзілі выбары за мяжой

Як праходзілі выбары за мяжой

2977 просмотров Берлин Варшава Вильнюс Прага Вашингтон
Паступіла інфармацыя ад назіральнікаў Руху «За Свабоду» у Берліне, Боне, Варшаве, Вільні, Празе, Вашынгтоне.

Берлін

Назіральнікам ад Руху «За Свабоду» Усяволаду Сіняку і Іне Валіцкай падчас падліку галасоў не дазвалялі падыходзіць да сталоў з бюлетэнямі, у сувязі з чым яны не мелі магчымасці бачыць пазнакі выбаршчыкаў. Да таго ж, на тэрыторыі выбарчага ўчастку прысутнічалі асобы, якія не з’яўляліся сябрамі камісіі, назіральнікамі альбо журналістамі. Просьбы назіральнікаў выдаліць асобаў, прысутнасць якіх не прадугледжана Законам, і даць магчымасць бачыць пазнакі ў бюлетэнях не была задаволена. Назіральнікі на знак пратэсту пакінулі выбарчы ўчастак.

Афіцыйныя вынікі галасавання ў Берліне:

  1. Аляксандр Лукашэнка — 60,5%
  2. Андрэй Саньнікаў — 13%
  3. Яраслаў Раманчук — 5,5%
  4. Уладзімір Някляеў — 5%
  5. Алсеь Міхалевіч — 2,5%
  6. Віталь Рымашэўскі — 2,5%
  7. Мікола Статкевіч — 2,5%
  8. Дзмітры Ус — 1,5%
  9. Віктар Цярэшчанка — 1,5%
  10. Рыгор Кастусёў — 1%
  11. Супраць усіх — 3%
  12. Несапраўдныя бюлетэні — 1,5%

Бон

Да назіральнікаў ставіліся падкрэслена прыязна, але толькі да пачатку падліку галасоў. Сябры камісіі закрылі працэдуру падліку галасоў сваімі спінамі. Калі назіральніца ўсё ж убачыла, што бюлетэнь без пазнакі ў другім радку быў пакладзены ў стос «За Лукашэнку», яна папрасіла паказаць гэты бюлетэнь. Сябра камісіі з хуткасцю фокусніка выцягнуў для дэманстрацыі іншы бюлетэнь, з пазнакай за дзейснага кіраўніка краіны. Старшыня камісіі папярэдзіла назіральніцу пра недапушчальнасць умешвання ў працу камісіі. Сябры камісіі сталі адзін да аднаго яшчэ больш шчыльна. Нічога ўбачыць было немагчыма. Пасля падліку галасоў старшыня адмовіўся падпісваць акт пра парушэнне парадку правядзення выбараў.

Вільня

На ўчастку прысутнічалі асобы з нявызначаным статусам. Часта назіраліся спробы галасавання адным чалавекам за ўсю сям’ю. Прыходзіла шмат людзей, якіх не было на ўліку ў консульстве. Бліжэй да сярэдзіны дня старшыня заявіў, што бюлетэняў можа не хапіць. Некаторыя грамадзяне Беларусі ў сувязі з абмежаванай колькасцю бюлетэняў прынялі рашэнне адмовіцца ад галасавання ў Вільне.

Старшыня камісіі дазволіў назіральнікам знаходзіцца падчас падліку галасоў не бліжэй пяці метраў. Была забаронена таксама фатаграфаваць працэс падліку. Падлік доўжыўся 20 хвілін у поўнай цішыні.

Варшава

Назіранне ў апошні дзень датэрміновага галасавання выявіла вельмі нізкую яўку выбаршчыкаў (4 чалавекі), што выглядала дзіўным на фоне высокай яўкі ў першыя чатыры дні.

Падчас галасавання 19 снежня стасункі паміж назіральнікамі і камісіяй былі даволі прыязныя. Аднак, падчас падліку галасоў камісія цалкам ігнаравала спачатку просьбы, а потым і патрабаванні назіральнікаў, накіраваныя да забеспячэнне празрыстасці працэсу. Назіральнікам не дазвалялі набліжацца да сталоў з бюлетэнямі і нават назіраць стоячы. Сябры камісіі стаялі спінамі да назіральнікаў, бюлетэні не паказвалі, падлік ажыццяўлялі фармальна (перабіралі непадлічаныя бюлетэні, складалі па некалькі штук і клалі ў стос за галоўнага кандыдата).

Просьба назіральнікаў паказаць некалькі выпадковых бюлетэняў са стосаў за кандыдатаў Лукашэнку і Саннікава (лідэраў падліку) выклікала лёгкую паніку і была рашуча адхілена.

Доля фаварыта выбараў у датэрміновым галасаванні склала 92%, у асноўны дзень галасавання — 42%. Адпаведна, у асноўны дзень галасавання істотна павялічылася падтрымка альтэрнатыўных кандыдатаў.

Афіцыйныя вынікі выбараў:

  1. Кастусёў Рыгор — 1.33%
  2. Лукашэнка Аляксандр — 56.7%
  3. Міхалевіч Аляксей — 0.9%
  4. Някляеў Уладзімір — 6.7 %
  5. Раманчук Яраслаў — 9.1%
  6. Рымашэўскі Віталь — 2%
  7. Саннікаў Андрэй — 17.9%
  8. Статкевіч Мікола — 2.2%
  9. Цярэшчанка Віктар — 0.7%
  10. Ус Дзмірты — 0.5%
  11. Супраць усіх — 1.6%

Вашынгтон

Спачатку стаўленне сябраў камісіі да назіральнікаў было амаль сяброўскае: ім дазвалялі аглядаць скрыні, паказвалі ўсе дакументы. Але калі справа дайшла да падліку, сітуацыя змянілася. Месца падліку бюлетэняў было закрыта спінамі сябраў камісіі. Прапанова агучваць прамежкавыя вынікі падліку была адхілена. На прапанову паглядзець артыкул № 55 Выбарчага кодэксу старшыня камісіі параіў назіральнікам больш уважліва вывучаць артыкулы, у якіх прапісаныя іх абавязкі. Маўляў, іншыя артыкулы ВК назіральнкаў не тычацца.

Прага

Назіральнік у дзень выбараў у Празе ніякіх парушэнняў не выявіў. Аднак, знаходзячыся на адлегласці трох метраў ад сталоў з бюлетэнямі, магчымасці назіраць пазнакі ў бюлетэнях таксама не было. Старшыня камісіі агучыў толькі канчатковыя вынікі падліку і зрабіў назіральніку копію пратакола з подпісамі сябраў камісіі.

***

Прааналізаваўшы паведамленні назіральнікаў з-за мяжы можна зрабіць выснову, што камісіі працавалі па адной схеме: хавалі падлік галасоў сваімі спінамі, усе просьбы назіральнікаў, накіраваныя на забеспячэнне празрыстасці працэдуры, адхілялі.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости