Новости Новости Беларуси

Дзень выбараў

Дзень выбараў

3408 просмотров Минск Барановичи Гомель Могилев Витебск Борисов Жодино
Тут размяшчаюцца аператыўныя паведамленні з выбарчых участкаў ды іншыя здарэнні 19 снежня у рэжыме on-line.

23.53 Затрыманні удзельнікаў акцыі пратэста

Пасля мірнай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці праведзены массавыя затрыманні ўдзельнікаў. Затрыманых, па меншай меры на пяці транспартных машынах міліцыі (у кожнай па сорак чалавек) адвезлі на Акрэсціна.

19.13 Назіральнікаў размясцілі на адлегласці 15 метраў

У аператыўны штаб Руху «За Свабоду» прыйшло паведамленне ад выбаршчыка, які галасаваў на ўчастку для галасавання № 47 (Мінск, вул. Далгінаўскі тракт д.152). Назіральнікі, паводле яго слоў, знаходзяцца на адлегласці больш 15 метраў ад месца галасавання.

19.05 На участку размешчаны ўзор для галасавання за Лукашэнку

У кабінках для запаўнення бюлетэняў на ўчастке № 2 Цэнтральнага раёна Гомеля быў размешчаны ўзор запаўнення бланка для галасавання. Прычым пазнака размяшчалася насупраць прозвішча Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў каардынатар Руху «За Свабоду» Пётр Кацора. Паводле актывіста, у горадзе таксама зафіксаваныя шматлікія іншыя парушэнні: у прыватнасці, выпадкі выдачы некалькіх бюлетэняў аднаму чалавеку і галасавання аднаго выбаршчыка за іншага.

18.59 У Баранавічах галасуюць нябожчыкі?

Надзвычай высокія паказнікі датэрміновага галасавання, якія прадэманстравалі Баранавічы (у горадзе датэрмінова аддалі свой голас ад 30 да 40% выбаршчыкаў), маюць нетрывіяльнае тлумачэнне.

Як паведаміў актывіст Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца, спісы выбаршчыкаў вельмі кепска вывераныя. У іх унесеныя прозвішчы людзей, якія памерлі некалькі гадоў таму. На іх былы адрас ў кожную выбарчую кампанію прыходзяць запрашэнні ўдзелу ў галасаванні. Падобная сітуацыя на выбарчым участку № 2 (Паўночны мікрараён) і на участку № 42 (Цэнтральны мікрараён). У той жа час студэнта-каліноўца Аляксея Пятровіча, які прапісаны і пражывае ў Баранавічах, у спісах участка № 2 няма.

18.32 Назіральнікі заўважылі ўкідванне бюлетэняў у Гомелі

На участку № 30 Цэнтральнага раёна Гомеля выбаршчыца закінула ў скрыню пяць бюлетэняў. Гэта заўважылі назіральнікі і звярнулі на гэта ўвагу сябраў камісіі. Камісія зрабіла выгляд, што нічога не здарылася. Выбаршчыца хутка рэціравалася.

17.59 Выбаршчык заўважыў, што скрыня была ўскрытая

Як паведаміў назіральнік участка № 27 Маскоўскага раёна Багуслаў Унгур, выбарца, які прыйшоў на ўчастак для галасавання, звярнуў яго і камісіі ўвагу на той факт, што пячаткана скрыні, пашкоджана, а паперы, якімі яна нібыта аклеена, замацаваныя не на клей, а на скоч. Старшыня камісіі Анатоль Захарнёў адмовіўся даваць звесткі пра колькасць выбаршчыкаў на участку і прагаласаваўшых датэрмінова. Маўляў, гэтыя звесткі ён прадаставіць пасля падліку галасоў. Па дадзеным фактам складаюцца скаргі ў ЦВК і пракуратуру.

17.29 На участку № 104 зноў зафіксавана парушэнне

Назіральнік Віктар Меляшкевіч выявіў на выбарчым участку 104 Маскоўскага раёна Мінска яшчэ адзін выпадак галасавання за іншага чалавека. Выбаршчык заявіў, што за яго ужо нехта распісаўся і атрымаў бюлетэнь для галасавання. Факт зафіксаваны актам за падпісамі выбаршчыка і назіральнікаў. Складзена скарга ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру. Копія накіравана старшыні камісіі № 104 Насонаву Ю. А.

17.22 Міліцыя выломвае дзверы ў кватэру назіральніка

Супрацоўнікі міліцыі пазвані на кватэру назіральніка участка № 52 Фрунзенскага раёна, калі той прыйшоў на абед, і патрабвалі адчыніць дзверы. Прычыну свайго з’яўлення міліцыя не патлумачыла. Калі Яўген Іванюк адмовіўся адчыняць дзверы, міліцыя выбіла першыя дзверы, пасля чаго спыніліся, бо другія былі металёвыя. Пасля нейкай размовы прагучала — «Мы здымаем пост.» І міліцыянты з’ехалі.

17.13 Алесь Сілкоў: Рыхтуецца татальны нядопуск назіральнікаў да падліку галасоў

«У Магілёве вельмі многа парушэнняў. Рыхтуем скаргі. Асноўнае — назіральнікі не бачаць скрыняў для галасавання. Пішам заявы ў ЦВК, пракуратуру. Шмат праблемаў вырашаем з дапамогай давераных асобаў і міжнародных назіральнікаў», — кажа каардынатар Руху «За Свабоду» па Магілёўшчыне Алесь Сілкоў. Паводле асабістых адчуванняў Алеся Сілкова ў Магілёве асноўны шквал парушэнняў будзе пасля закрыцця ўчасткаў, бо, на яго думку, рыхтуецца татальны нядопуск назіральнікаў да падліку галасоў.

17.07 Для старшыні камісіі прэзідэнт вышэй за Закон

Старшыня камісіі участка № 99 Кастрычніцкага раёна Магілёва спадарыня Зямцова забараніла назіральнікам карыстацца асадкамі, каб яны не маглі весці альтэрнатыўны падлік прагаласаваўшых. «Мне усё роўна, што напісана ў Выбарчым кодэксе. Для мяне галоўнае — што сказаў прэзідэнт краіны», — заявіла яна назіральнікам.

16.50 Назіральнікам у лякарні не дазвалялі прысутнічаць пры галасаванні і бачыць бюлетэні пры падліку

На участку № 3 Першамайскага раёна Мінска (1-я Гарадская клінічная лякарня) назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці бачыць працэс галасавання, бо ім не дазвалялі праходзіць у пакоі з хворымі. Назіральнікі таксама не бачылі пазнакі ў бюлетэнях, бо ім не дазволілі падысці да сталоў, дзе праводзіўся падлік галасоў, бліжэй 7 метраў.

16.30 Вядомыя вынікі галасавання на закрытым участку ў Мінску

Участковая камісія № 3 Першамайскага раёну завяршыла падлік галасоў.

Кастусёў — 4 голаса (0,5%)
Лукашэнка — 574 (76,7%)
Міхалевіч — 7 (0,9%)
Някляеў — 22 (2,9%)
Раманчук — 16(2,1%)
Рымашэўскі — 10(1,3%)
Саннікаў — 49 (6,6%)
Статкевіч — 2 (0,3%)
Усс — 2 (0,3%)
Цярэшчанка — 8 (1,1%)
Супраць усіх — 53 (7,1%)
Сапсаваных бюлетэняў — 0 (0%)
УСЯГО: 748

16.10 Улады фальшуюць вынікі галасавання на даму за кошт «мёртвых душаў»?

На участку № 41 Савецкага раёну Мінска ў спісах на галасаванне па месцу жыхарства аказаліся выбаршчык, які ужо прагаласаваў, жанчына, якая прыпісана да іншага выбарчага ўчастку, чалавек, які з’ехаў тры дні таму за мяжу і... нябожчык. Што было б з гэтымі выбаршчыкамі, калі б скрыню не суправаджаў назіральнік? Назіральнікі ад Руху «За Свабоду» рыхтуюць паводле выяўленых фактаў скаргу.

15.52 У Віцебску знік назіральнік

Назіральнік ад Руху «За Свабоду» Валеры Раманенка знік пры нявысветленых абставінах. Яго няма ні на працы, ні дома. Ягоны мабільны тэлефон не адказвае.

15.20 Блакіравалі ўваходныя званкі на нумары кампаніі па назіранні Руху «За Свабоду»

Сёння ў другой палове дня былі заблакаваныя уваходныя званкі на сім-карты аператараў Life (+375299179626) i Velcom (+375257906422), якія выкарыстоўваліся для аператыўнага прыёму інфармацыі з выбарчых участкаў краіны. Як вядома, учора вечарам быў блакаваны прыём СМС-паведамленняў на гэтыя сім-карты.

15.14 Не даюць магчымасці назіраць за галасаваннем на даму

Старшыня камісіі выбарчага ўчастка № 15 Фрунзенскага раёна Аксана Якубоўская не паведамляе назіральнікам пра выхад сябраў камісіі са скрыняй для галасавання па месцу жыхарства выбарцаў. Назіральнікі не маюць магчымасці бачыць колькасць бюлетэняў, якія выносяцца за межы ўчастка, а таксама не могуць суправаджаць вынасную скрыню, якую перавозяць аўтамабілем. Сябры камісіі таксама не паведамляюць назіральнікам, па якому адрасу будзе дастаўлена скрыня.

14.54 Камісія цісне на назіральніка

Сяргея Бахуна, які з’яўляецца назіральнікам на участку № 77 Фрунзенскага раёну Мінска (Матусевіча, 5), папярэдзілі, што, ў выпадку яшчэ адной заўвагі да працы камісіі з яго боку, яго выдаляць з участка. Падставай будзе з’яўляцца нібыта недакладнасць у пратаколе аб вылучэнні Сяргея Бахуна назіральнікам.

14.15 Назіральнікі зафіксавалі закідванне бюлетэняў

Назіральнік Руху «За Свабоду» Міхал Новікаў стаў сведкам закідвання стоса бюлетэняў у скрыню для галасавання на участку № 22 у Наваполацку. Закідванне бюлетэняў рабіў адзін з выбаршчыкаў. На думку назіральнікаў, у яго руках было не меней 15 аркушаў. Зараз складаецца акт пра парушэнне.

14.06 На участку нявызначаная асоба пагражала назіральніку расправай

Інцыдэнт здарыўся на участку № 52 Фрунзенскага раёна Мінска (Пушкіна, 5а). Там знаходзілася невядомая пабочная асоба. Назіральнік Яўген Іванюк зрабіў заўвагу на гэты конт. Асоба пагадзілася пакінуць участак толькі пасля напісання адпаведнай скаргі. Падчас выдалення ад гэтай асобы ў бок назіральніка паступіла пагроза аб фізычнай расправе. Як пасля высветлілася пагражаў кіроўца аўтамабіля, што абслугоўвае камісію.

13.56 Назіральніку адмовілі ў інфармацыі пра агульную колькасць выбаршчыкаў

На участку для галасавання № 27 Маскоўскага раёна (Чыгуначная, 124) назіральніку Багуславу Унгуру адмовіліся даваць інфармацыю пра агульную колькасці выбарцаў на ўчастку і пра колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Складзена скарга.

13.42 На тэрыторыі участка неўпаўнаважаная асоба

Невядомая асоба знаходзіцца за сталамі сярод сябраў камісіі № 44 Цэнтральнага раёна Мінска. На просьбу прадставіцца, не рэагуе. На тым жа ўчастку сябры камісіі ўзялі 70 «запасных» бюлетэняў для галасавання на даму і пакінулі участак.

13.30 Назіральнікам забараняюць карыстацца мабільнай сувяззю

На участках 40 і 36 Савецкага раёну Мінска назіральнікаў пад пагрозай выдалення папярэдзілі пра недапушчальнасць выкарыстання мабільных тэлефонаў.

13.26 Назіральнікам не дазваляюць назіраць

Месцы для назіральнікаў на участку № 65 (Барысаў) размешчаны такім чынам, што з іх практычна немагчыма назіраць за выдачай бюлетэняў і кіданнем іх у скрыні.
Аналагічная сітуацыя на участку № 15 (Жодзіна)

13.10 Участак 104 лідзіруе па зафіксаваных парушэнняў

Назіральнікі участка № 104 Маскоўскага раёна г. Мінска напісалі восьмую скаргу на парушэнні выбарчага заканадаўства. Зараз рыхтуецца заява з патрабаваннем аб непрызнанні выбараў на ўчастку. Апошні зафіксаваны выпадак парушэння — выбаршчык, які прыйшоў галасаваць, убачыў, што за яго ўжо нехта распісаўся і атрымаў бюлетэнь.

13.00 Агітацыя за Лукашэнку на участку

Ад пачатку галасавання да 12 гадзін на участку № 47 Савецкага раёну Мінска над месца старшыні камісіі вісела перадвыбарчая праграма Лукашэнкі. Па патрабаванню назіральніка яна была знятая.

12.50 Першыя вынікі па закрытым участку

Назіральнікі ад Руху «За Свабоду» атрымалі дадзеныя падліку галасоў па закрытым участку № 55 (Магілёўская гарадская лякарня) Галасы былі былі размеркаваныя наступным чынам: Кастусёў — 1,03%; Лукашэнка — 75,66%; Міхалевіч — 1,17%; Някляеў — 4,84%; Раманчук — 3,23%; Рымашэўскі — 0,29%; Саннікаў — 4,40%; Статкевіч — 1,91%; Усс — 0,29%; Цярэшчанка - 1,17%; супраць усіх — 6,01% У галасаванні прыняло ўдзел 687 выбарцаў.

12.48 Раённая камісія дазволіла падлічваць выбарцаў

Выбарчая камісія Савецкага раёна пасля звароту кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і яго даверанай асобы Алеся Чарняковіча папярэдзіла камісію ўчастка № 46 пра недапушчальнасць забараняць назіральнікам лічыць колькасць прагаласаваўшых.

12.10 На участку № 29 скрыню на ноч заклеілі чыстай паперай

Увечары 18 снежня шчыліну скрыні з бюлетэнямі датэрміновага галасавання участка № 29 Цэнтральнага раёна Мінска не апячаталі, а толькі заклеілі звычайнай паперай без подпісаў(!) сябраў камісіі. Скрыня з бюлетэнямі датэрміновага галасавання, на якой няма подпісаў, знаходзіцца па адрасу Веры Харужэй, 46, корп. 3.

11.47 Забарона альтэрнатыўнага падліку

Старшыня выбарчай камісіі участка № 46 Савецкага раёна г. Мінска без тлумачэння прычынаў забараняе назіральнікам падлічваць колькасць выбаршчыкаў, якія прыйшлі галасаваць.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости