Новости Беларусь и Мир

Беларусы — ахвяры шэнгенскай заслоны

Беларусы — ахвяры шэнгенскай заслоны

417 просмотров
Сярод усіх еўрапейскіх народаў-суседзяў ЕС беларусы вылучаюцца тым, што Еўрасаюз прымяняе да іх самую жорсткую візавую палітыку. З-за адсутнасці дамовы паміж Брусэлем і Мінскам, брамы шэнгенскага муру застаюцца для беларусаў зачыненымі. Аднак адчыненне іх надзвычай важнае для кансалідацыі і еўрапеізацыі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Да нядаўняга часу маладыя сербы справядліва скардзіліся на той парадаксальны факт, што іх бацькам і дзядам падарожнічаць па Еўропе было значна прасцей, чым ім самім. Жыхары Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ніколі не мелі такой шчаслівай мажлівасці. Грамадзянам сучаснай Беларусі выпала не нашмат лепшая доля. Краіны ЕС за нешматлікімі выключэньнямі працягваюць прад’яўляць самыя суровыя патрабаванні да беларусаў, якія жадаюць атрымаць візы. Акрамя складаных бюракратычных працэдур, жадаючыя атрымаць запаветны ключык у Еўропу павінны заплаціць 60 еўра, што складае чацьвёртую частку сярэдняй заработнай платы ў сучаснай Беларусі. У той жа час расіяне плацяць толькі 35 еўра. Усім відавочна, што беларусы, якія з’яўляюцца закладнікамі аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, атрымаўшы мажлівасць ездзіць у краіны ЕС, маглі б больш кантактаваць са сваімі суседзямі з еўрапейскіх дэмакратычных краін. Чым жа тлумачыцца тады такая дыскрымінацыя?

Двайныя стандарты, якія ўзмацняюць рэжым

Шмат беларусаў абураюцца на двайныя стандарты, якія прымяняе у адносінах да іх Еўрасаюз. У ліпені гэтага году падчас сустрэчы Дзмітрыя Мядзведзева і Ангелы Меркель апынулася, што ЕС пад націскам краінаў, найбольш залежных ад імпарту расійскіх вуглевадародаў, гатовы пайсці на далейшае спрашчэнне візавага рэжыму з Расіяй, нягледзячы на відавочныя праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека ў гэтай краіне. Украінцы і малдаване абяцаюць хутка выканаць умовы, неабходныя для спрашчэньня выдачы візаў. Беларусам жа спадзявацца няма на што.

Пратэстуючы супраць «канстытуцыйнага перавароту» 1996 году, у выніку якога Лукашэнка стварыў сабе мажлівасць заставацца ва ўладзе пажыццёва, Еўрасаюз замарозіў падпісанне Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцве з Беларуссю. З-за адсутнасці прававых рамак супрацоўніцтва з Беларуссю заставалася мінімальным на працягу 15 гадоў. Еўракамісія атрымала дазвол ад Савета ЕС на пачатак перамоваў па пытаньні заключэння дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і дамовы аб рэадмісіі толькі ў лютым 2011 году. У лепшым выпадку гэтыя перамовы прывядуць да некаторага спрашчэння працэдуры выдачы віз (пра поўную лібералізацыю візавага рэжыму няма нават гаворкі) толькі ў 2013 годзе. Нягледзячы на шматлікія рэкамендацыі экспертаў [1], у ЕС не знайшлося палітычнай волі, каб дэпалітызаваць візавае пытанне. Тым часам большасць беларускіх грамадзян успрымаюць візавую палітыку Еўрасаюза як яшчэ адзін від санкцыяў у дачыненні да іх дзяржавы, які стаіць у адным шэрагу з забаронай на ўезд у ЕС 180 беларускім чыноўнікам. Гэта выклікае ў людзей пачуццё несправядлівасці і крыўду на адрас Еўрасаюза.

Пасля пераабрання Лукашэнкі 19 снежня 2010 году, якое прайшло са шматлікімі парушэннямі, а таксама хвалі рэпрэсіяў, што захлынула краіну, дзяржавы ЕС, якіх хвалюе лёс беларусаў (Польшча, Літва, Латвія і Эстонія), у аднабаковым парадку панізілі, а некаторыя нават адмянілі консульскія зборы за выдачу візаў. Гаворка, аднак, ідзе толькі пра нацыянальныя візы (былыя візы катэгорыі D). Іх маюць права атрымаць толькі тыя беларусы, якія падарожнічаюць у дзелавых мэтах альбо выяжджаюць на вучобу на тэрмін, даўжэйшы за 3 месяцы. Іншымі словамі, звычайныя турысты ці беларусы, якія б хацелі наведаць іншыя краіны Шэнгенскай дамовы, у гэтую катэгорыю не трапляюць.

Калі Еўропа зачыніцца ў «шэнгенскай крэпасці», то гэта толькі ўзмоцніць рэжым Лукашэнкі, які зможа далей трымаць жалезнай хваткай грамадства, а яго антызаходняя прапаганда будзе далей ізаляваць беларусаў ад уплываў дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Урэшце, яго рызыкоўная знешнепалітычная стратэгія прывядзе да таго, што Беларусь незваротна патрапіць у сферу ўплыву Расіі.

Калі б беларусы падарожнічалі больш...

Толькі невялікая частка беларускага насельніцтва ездзіць за мяжу. Паводле вынікаў нядаўняга сацыялагічнага апытання НІСЭПД [2], 60% беларусаў ніколі не пакідалі сваёй краіны. А сярод тых, хто ездзіў за мяжу, толькі чацвертая частка наведвала краіны ЕС, якія суседнічаюць з Беларуссю — Польшчу, Літву ці Латвію. Нават тыя нешматлікія беларусы, якія былі за мяжой, не ведаюць свету вакол, акрамя Расіі і Украіны. У іншыя былыя савецкія рэспублікі беларусы таксама не ездзяць.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, 600 тысяч беларусаў працуюць за мяжой. У асноўным у Расіі — краіне, з якой Беларусь злучаюць даўнія эканамічныя і гандлёвыя сувязі, а руская мова і блізкая культура яшчэ больш спрашчаюць кантакты. Дзве краіны ўдзельнічаюць у шматлікіх інтэграцыйных утварэннях — Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі, СНД, Адзінай эканамічнай прасторы, а цяпер і ў Мытным саюзе, што стварае спрыяльныя юрыдычныя рамкі для перамяшчэння працоўнай сілы. Гаворка ідзе пра прызнанне дыпломаў, пералічэнне пенсіяў, выдачу відаў на жыхарства і г.д. Расія і Украіна прыцягваюць беларусаў вышэйшымі заробкамі і больш ліберальным бізнэс-кліматам. Да лічбаў афіцыйнай міграцыі трэба дадаць тысячы беларусаў, якія альбо працуюць нелегальна, альбо ездзяць на сезонныя працы ў суседнія краіны, а таксама чаўнакоў, якія возяць тавары праз адкрытую мяжу з Расіяй.

Паток турыстаў з Белаусі надзвычай слабы. Паводле дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэту Белстат, у 2010 годзе менш за 5% насельніцтва краіны выехала за мяжу ў рамках арганізаваных падарожжаў, сярод якіх больш за траціну накіравалася ў краіны СНД. Тыя 257 тысяч беларусаў, якія выправіліся ў «далёкае замежжа», выбралі краіны, у якія проста атрымаць візу — Егіпет, Балгарыю, Чэхію [3]. Транспартныя выдаткі — не адзіная праблема. Для большасці з тых, хто хоча наведаь Еўропу, галоўнай перашкодай з’яўляецца «візавы бар’ер». Шматлікіх падарожнікаў палохае кошт шэнгенскай візы, доўгія чэргі ля консульстваў, вялікая колькасць часу і энэргіі, якія трэба патраціць, каб сабраць неабходныя дакументы, не кажучы ўжо пра стўленне консульскага персаналу, якое часта нараджае ў людзей пачуццё прыніжанасці і знявагі [4]. Асабліва гэта датычыцца дзяўчын, якіх часта падазраюць у намеры заняцца прастытуцыяй.

Малы памежны рух мог бы прабіць дзіру ў шэнгенскім муры

Тыя нешматлікія беларусы, якія ездзяць у ЕС, робяць гэта часта. Гаворка ідзе пра эліту, якая складаецца з наменклатуры, багатых бізнэсоўцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія карыстаюцца праграмамі падтрымкі дэмакратыі — гэта сябры апазіцыйных арганізацый, праваабаронцы, студэнты і выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту, які працуе ў выгнанні ў Вільні. З-за немажлівасці зарэгістравацца ў Беларусі, у Вільні працуюць шэраг амерыканскіх НДА, тут сканцэнтраваныя консульскія службы і камерцыйныя структуры краінаў ЕС, якія не маюць прадстаўніцтва ў Беларусі. Сталіца Літвы, якая знаходзіцца ўсяго ў 180 кіламетрах ад Мінска, з’яўляецца свайго роду еўрапейскім аванпостам для тых прывілеяваных асобаў, што маюць шэнгенскія візы.

Тым не менш, нядаўна з’явілася мажлівасць больш свабоднга перамяшчэння ў рэгіёнах ЕС, што мяжуюць з Беларуссю. У 2006 годзе Шэнгенская дамова была мадыфікаваная, каб палегчыць сітуацыю краінаў Цэнтральнай Еўропы, якія пасля далучэння да Шэнгенскай прасторы павінныя былі ўзмоцніць кантроль на сваіх усходніх межах. Новыя палажэнні стварылі мажлівасць падпісання дамоваў аб тзв. «малым памежным руху на знешніх сухапутных межах». Цяпер краіны ЕС могуць выдаваць грамадзянам суседніх дзяржаваў дазвол на свабоднае перасячэнне мяжы ў перыметры 30 кіламетраў па абодвы бакі граніцы (у выключных выпадках гэты калідор пашыраецца да 50 км). Тэрмін дзеяння дазволаў — ад 1 да 5 гадоў. Выдаюцца яны бясплатна і дазваляюць уладальнікам персякаць мяжу неабмежаваную колькасць разоў і знаходзіцца ў памежнай зоне суседняй краіны да 3 месяцаў у год [5].

Пачынаючы з 2008 году ўступілі ў сілу такія дамовы, падпісаныя паміж Украінай і Венгрыяй, Славакіяй ды Польшчай, а таксама паміж Румыніяй і Малдовай ды Расіяй і Нарвегіяй. Перамовы з Расіяй наконт Калінінградскай вобласці затармазіліся, але перамовы з Беларуссю прасунуліся далёка. Паміж лютым і кастрычнікам 2010 году Мінск падпісаў дамовы аб малым памежным руху з Польшчай, Латвіяй і Літвой. Гэтыя дамоўленасці, адрасатамі якіх патэнцыйна могуць стаць 2 мільёны беларусаў, былі ратыфікаваныя, але ўступленне іх у сілу было адкладзенае па прычыне юрыдычных і тэхнічных складанасцяў, звязных з дэмаркацыяй мяжы і супрацьдзеяннем злоўжыванням. Шэнгенскае заканадаўства патрабуе ад дзяржаваў стасавання «люстэркавых» узаемных мераў, на што беларускія ўлады пагадзіцца не гатовыя, бо тады яны павінныя будуць перастаць патрабаваць ад замежнікаў медыцынскую страхоўку і не абавязваць іх рэгістравацца ў міграцыйнай службе. Перасцярогі адчуваюцца і па другім баку мяжы. Многія думаюць, што калі эканамічны і сацыяльны крызіс у Беларусі паглыбіцца, то гарады, якія знаходзяцца ў 30-50 км ад беларускай мяжы (польская Бяла-Падляска, латвійскі Даўгаўпілс ці літоўскі Друскенінкай) беларусы возьмуць штурмам.

Тым не менш, усе тыя жыхары памежжа, на кім негатыўна адбіліся пасляваенныя змены мяжы (напрыклад, 300-тысячная польская нацыянальная меншасць у Беларусі), альбо тыя, хто вымушаны пастаянна ездзіць у сталіцу і там рабіць візу, каб усяго толькі наведаць сваякоў, што жывуць у некалькіх кіламетрах на другім баку «шэнгенскай заслоны», ускладаюць на малы памежны рух вялікія надзеі. У бліжэйшай будучыні спрашчэння працэдуры выдачы візаў беларусам спадзявацца не належыць, але дамова аб малым памежным руху магла б прабіць дзіру ў шэнгенскім муры і дапамагчы беларусам адчуць сябе еўрапейцамі.

*Ларыса ЦІТАРЭНКА, **Анаіс МАРЭН, RSE

(Пераклад з французскай Аляксандра ПАПКО)

--------------------

[1] Дзяніс Мельянцоў і Віталь Сіліцкі, «Як знізіць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў»
BISS Policy Paper, 2 чэрвеня 2008 г. Гл. таксама дакументы Кааліцыі за еўрапейскі кантынент не падзелены візавымі бар’ерамі

[2] Апытанне праводзілася НІСЭПД з 2 да 12 сакавіка 2011 году . Апытана 1524 асобы

[3] «В Беларуси выездной туризм в три раза превышает въездной», Агенцтва фінансавых навінаў АФН, 21 лютага 2011 г.

[4] Stefan Batory Foundation, Changes in Visa Policies of the EU Member States. New Monitoring Report

[5] Сукупнасць прававых актаў у гэтай галіне можна знайсці на сайце Еўрасаюза

-----------------------------
* Прафесар кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (БДУ, Мінск)

**Даследчыца Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў (FIIA, Хельсінкі)

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости