Новости Новости Движения

Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з мінскімі актывістамі

Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з мінскімі актывістамі

2796 просмотров Минск
Падчас гутаркі абмяркоўваліся апошнія змены ў знешняй палітыцы краіны, асаблівасці бліжэйшай палітычнай кампаніі ды агульнай сітуацыі ў Беларусі.

На пытанне, ці паўплывае абранне прэзідэнтам Польшчы Браніслава Камароўскага на стасункі Польшчы з беларускай грамадзянскай супольнасцю, лідэр Руху «За Свабоду» выказаў упэўненасць, што падтрымка працэсаў дэмакратызацыі Беларусі будзе працягвацца.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, нягледзячы на пэўныя рознагалоссі ва ўнутранай палітыцы Польшчы, асноўныя палітычныя сілы краіны адносна Беларусі гавораць адным голасам. Польшча выступае за развіццё супрацоўніцтва нашай краіны з ЕЗ, удасканаленне дыялога. Адначасова наш заходні сусед стала падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць БЕЛСАТ, Радыё «Рацыя», праграма імя Кастуся Каліноўскага. Польшча разам са Швецыяй былі ініцыятарамі «Усходняга Партнёрства» і далучэння да гэтай праграмы Беларусі. Для нашага заходняга суседа стратэгічна важна, каб наша дзяржава была дэмакратычнай, незалежнай, прадказальнай. Новаабраны кіраўнік Польшчы — палітык дасведчаны, быў актывістам «Салідарнасці», заўсёды цікавіўся сітуацыяй у Беларусі і займаў актыўную і прынцыповую пазіцыю адносна падзеяў у нашай краіне. Да таго ж мае пэўны сантымент да Беларусі, бо належыць да шляхецкага роду, што мае і беларускія карані, — кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Прысутныя абмеркавалі вытокі «газавых войнаў» паміж Беларуссю і Расіяй.

З прыходам да ўлады Пуціна, на думку Аляксандра Мілінкевіча, Лукашэнка страціў жаданне аб’ядноўвацца. Засталася аднае рыторыка. Масква ж патрабавала справаў, а не словаў. Урэшце распачаўся ціск з яе боку. Расія імкнецца да стварэння палітычных, ваенных, эканамічных блоках з з постсавецкімі краінамі. Нам вельмі важна захаваць з ёю добрасуседскія, узаемавыгадныя, празрыстыя адносіны, але стратэгічнай мэтай павінна быць еўраінтэграцыя. Вельмі верагодна, што Расія падтрымае на прэзідэнцкіх выбарах фігуру, альтэрнатыўную Лукашэнка.

— Абмежаванне экспарту беларускіх тавараў ў Расію, рост цэнаў на газ, выплата з 2011 вялізных адсоткаў па крэдытах Расіі, пабудова нафта- і газаправодаў у абыход Беларусі — усё гэта вельмі ускладніць эканамічны стан нашай краіны. Мы, на жаль, маючы энэргаёмістую, неэфектыўную, у асноўным неканкурэнтную вытворчасць, не гатовыя да рынкавых адносін. Адказнасць за неправедзеныя ў час рэформы ляжыць на цяперашнім кіраўніцтве, час крытычна абмежаваны, — мяркуе лідэр Руху «За Свабоду».

Адзінае выйсце, на думку Аляксандра Мілінкевіча — неадкладныя эканамічная і палітычная мадэрнізацыя. Дыялог з Брусэлем дае нам вялікія шансы на паспяховыя рэформы і ўваход у еўрапейскую эканамічную прастору. Спробы «перажыць» з дапамогай імітацыі лібералізацыі могуць скончыцца фатальна. А такая мілая сэрцу кіраўніка дзяржавы кітайская мадэль у нас не можа быць рэалізавана, бо мы жывем не ў Азіі.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі магчымыя варыянты развіцця падзей падчас бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў, верагоднасць з’яўлення кандыдата, які будзе абапірацца на падтрымку Расіі, сцэнары дзеяння нацыянальнай апазіцыі.

Лідэр Руху «За Свабоду» ахарактарызаваў спробы вызначэння «адзінага» кандыдата сярод усіх жадаючых, без ідэйных крытэраў, — небяспечнай гульнёй у палітыку. Інфантыльныя конкурсы «А ну-ка, парни!» не ў стане рэальна аб’яднаць ні апазіцыю, ні пратэстнае грамадства. Сёння галоўнае не столькі «хто», а «куды». Не хто мае замяніць Лукашэнку, а па якому шляху новы кіраўнік павядзе Беларусь.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, расійскі кандыдат вызначыцца крыху пазней. Ён не будзе на словах ані прарасійскі, ані празаходні і паспрабуе яднаць пратэстны электарат не на пазітыўнай беларускай ідэі, а па прынцыпу «супраць каго сябруем». Прабеларускія сілы мусяць прадаманстраваць адказнасць, яднацца і запрапанаваць сваю мадэль беларускай дзяржавы, сваё бачанне будучыні краіны, незалежнай і еўрапейскай.

Выбараў як такіх у Беларусі няма. Лідэр Руху «За Свабоду» лічыць, што вельмі важна скарыстаць палітычную кампанію на мабілізацыю людзей, пашырэнне камунікацыі з імі. Вялікая спакуса — байкатаваць так званыя выбары. Гэта пазіцыя маральная. Але ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы гэты сцэнар мусіць мець вельмі сур’ёзныя аргументы, а не быць абгрунтаваным толькі «правільнай пазіцыяй».

— Ва ўмовах сур’ёзных эканамічных праблемаў у краіне, становіцца верагодным прыход да ўлады і новага папуліста, прарасійскага напрыклад. Важна, каб усе разумелі, што ідзе барацьба не толькі за правы чалавека, але і за незалежнасць краіны, якую мы лёгка можам страціць. Вось чаму я не магу пагадзіцца з тымі, хто лічыць: «Грошы не пахнуць» і рыхтуюцца праводзіць кампанію на расійскія грошы. Бо раней ці пазней будзе прад’яўлены рахунак з вядомым патрабаваннем.

На пытанне пра тое, як здабыць перамогу, калі сапраўдных выбараў фактычна няма, Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што не заўсёды можна разлічваць атрымаць усё адразу. Важна бывае падрыхтаваць глебу. Мы займаемся падтрымкай грамадзянскай супольнасці, яе развіццем. Гэта доўгі шлях, фармаваннем пачуцця грамадзяніна будзем займацца і пасля перамогі над аўтарытарызмам.

— Праблема не толькі ў Лукашэнку, а, перш за ўсё ў галовах людзей. Каб яны зразумелі, што так жыць не дастойна, не па-людску, сорамна. Улада не знойдзе новых прыхільнікаў, бо стала страчвае давер. Але і мы яшчэ не маем падрымкі большасці. Эвалюцыя адбываецца, ідуць пазітыўныя працэсы. У людзей расце пачуццё годнасці і пратэстнасці, і гэта дадае аптымізма, — мяркуе лідэр Руху «За Свабоду».

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости