Новости Аналитика

Профессиональная армия в Беларуси: недостижимый ориентир или близкая реальность?

Профессиональная армия в Беларуси: недостижимый ориентир или близкая реальность?

3210 просмотров Минск
Пытанне ўвядзення прафесійнага войска — адно з найболей дыскусійных у беларускім грамадстве. Эксперты «Народнай праграмы» (Prahrama.by) паспрабавалі разабрацца, ці выгаднае скасаванне прызыву.

Збавенне ад «дзедаўшчыны»

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў зазначае, што, па-першае, у прафесійным войску будуць служыць людзі, добраахвотна абраўшыя вайсковую кар’еру, а не прызыўнікі, якія імкнуцца як мага хутчэй адбыць ненавісную павіннасць. Гэта значыць, падвысіцца ўзровень кваліфікацыі вайскоўцаў і баяздольнасць беларускага войска.

Па-другое, прафесіяналізацыя войска дазволіць выкарыстоўваць больш высокатэхналагічнае абсталяванне і ўзбраенне, а таксама скараціць колькасны склад войска пры захаванні ўзроўню яго баяздольнасці. Сучасныя ўзброеныя канфлікты не патрабуюць усеагульнай мабілізацыі. Яны патрабуюць мабільных войскаў хуткага разгортвання, высокадакладнай тэхналагічнай зброі і, адпаведна, кваліфікаваных кадраў.

Па-трэцяе, пераход да кантрактнага войска дасць грамадзянам свабоду выбару: служыць або не служыць. Будзе таксама зліквідаванае свавольства прызыўных камісій, і дзяржава не здолее пагражаць грамадзянскім актывістам «палітычным прызывам». Акрамя таго, такія з’явы як ухіленне ад прызыву, адтэрміноўкі і альтэрнатыўная служба страцяць актуальнасць самі па сабе. У ВНУ будуць паступаць выключна каб атрымаць адукацыю, а не каб «адкасіць» ад службы.

Чацвертае: прафесійнае войска — найлепшы сродак збавення ад «дзедаўшчыны».

«Найбольш істотны контраргумент — фінансавы. Прыхільнікі ўсеагульнай вайсковай павіннасці небеспадстаўна сцвярджаюць, што перавод войска на прафесійную аснову запатрабуе вялікіх выдаткаў і вырашэння пытання падрыхтоўкі асабістага складу», — кажа эксперт.

Паміж NATO і Расіяй

Плюсаў нямала, даводзіць і ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін: больш кваліфікаваныя вайсковыя кадры, беражлівыя адносіны да ваеннай тэхнікі і эканомія рэсурсаў. Нарэшце, прафесійнае войска пазбавіць службы тых, хто не хоча служыць з-за фізічнай слабасці ці маральнай непадрыхтаванасці.

Аднак ёсць адзін мінус, што пераважае над плюсамі, адзначае эксперт: «Утрыманне прафесійнага войска павінна быць такім, каб у таго, хто ідзе туды служыць, не было ваганняў ні ў матэрыяльным плане, ні ў ідэалагічным. Чалавек павінен быць упэўнены, што будзе мець магчымасць пракарміць сям’ю, даць адукацыю дзецям, не будзе мець праблемаў з жыллём.

То бок, з эканомікай павінна быць усё добра. Але і пры гэтым нашу армію давядзецца скарачаць у шмат разоў — мінімум у чатыры, каб забяспечыць прафесійным вайскоўцам узровень жыцця «сярэдняга класу».

Сапраўды, нешматлікія краіны могуць сабе дазволіць прафесійнае войска. Нядаўна пасля некалькіх спробаў на яго перайшла Германія, але і ёй давялося скарачаць штат вайскоўцаў.

Нарэшце, акрамя добрай эканамічнай сітуацыі, у краіне не павінна быць небяспекі знешняй пагрозы. Беларусь знаходзіцца не ў лаяльным асяроддзі, даводзіць Аляксандр Алесін. Гіпатэтычна магчымы тэрытарыяльныя прэтэнзіі і агрэсіі. Вайсковы рэзерв у 400-500 тысяч чалавек адпуджвае патэнцыйных ворагаў.

«Удзел у ваенных блоках дае магчымасць скарачаць войска. Скажам, Беларусь магла бы гэта зрабіць пры ўмове, што нас абароніць NATO (увайдзі мы туды), калі пры пэўных умовах наш саюзнік Расія стане варожай сілай. Што тычыцца сённяшняга ваеннага супрацоўніцтва Мінска і Масквы, наш саюзнік проста не ў стане прыкрываць заходнія межы — яму бы абараніць каўказскі і кітайскі кірункі. Для нас жа гэта свайго кшталту абавязак, плата за эканамічныя ільготы. Таму мы і ўтрымліваем такое войска, як цяпер. Нават не пераходзячы на прафесійную аснову, яго можна значна скарачаць з наступнай мадэрнізацыяй ужо сёння», — кажа эксперт «Народнай праграмы».

Аднак «войска не можа быць само па сабе, і таму сур’ёзна нешта зменіцца толькі ў выпадку карэкціроўкі эканамічнай і палітычнай канфігурацыі краіны».

Не аўтаматам адзіным

Сваё меркаванне выказаў Іван Шыла, маладафронтавец, што нядаўна адслужыў:

«Тое, што пераход да кантрактнай сістэмы і адмова ад прызыву неабходныя, для мяне пытанне відавочнае. Больш за тое, падчас службы ў войску і дзейнасці ў межах ініцыятывы па рэфармаванні беларускай арміі мне даволі часта даводзілася мець нефармальныя размовы з афіцэрамі, у тым ліку з тымі, хто займае высокія і адказныя пасады. Магу сказаць: разуменне неабходнасці і непазбежнасці адмовы ад агульнага прызыву ёсць».

Шыла нагадвае, што няглядзечы на афіцыйную пазіцыю Міністэрства абароны, якое вымушана бараніць існуючы стан рэчаў, нават на афіцыйным узроўні робяцца пэўныя захады ў гэтым кірунку. Напрыклад, канцэпцыя развіцця войска з 2005 па 2010 гады прадугледжвала рост колькасці «кантрактнікаў» да 51% ад агульнай колькасці ваеннаслужачых шараговага і сяржанцкага складу. Пры дасягненні гэтага паказчыка планавалася скараціць тэрмін абавязковай службы да аднаго года. Аднак казаць пра рэалізацыю дадзенага памкнення, безумоўна, не выпадае — прапанаваны заробак у 700-900 тысяч беларускіх рублёў для маладых хлапоў, што завяршылі тэрміновую службу, канешне, ёсць слабым аргументам пры выбары месца далейшай працы. Болей пры сённяшнім бюджэце Мінабароны прапанаваць не можа — «тут грошай на нармальныя прыбіральні няма, не тое, каб на прафесійнае войска».

«Наогул, грошы ёсць хіба адзінай істотнай перашкодай для змены поглядаў на будучыню айчыннага войска. Хоць інертнасць і закрытасць дадзенага інстытута таксама можна залічыць да прычынаў, напрыклад, нежадання скарачаць колькасць асабістага складу, даваць адзнакі і займацца аптымізацыяй, спрабаваць больш эфектыўна выкарыстоўваць людскія рэсурсы. Асноўная тэза ваенных СМІ і многіх афіцэраў адносна неабходнасці захавання прызыўной сістэмы — маўляў, ніводнае прафесійнае войска войны не выйгравала.

Як па мне, дык аргумент кволенькі як з пункту гледжання наяўнасці паспяховых і выніковых кампаніяў прафесійных войскаў, так і, адпаведна, наяўнасці правальных кампаніяў войскаў, укамплектаваных за кошт усеагульнага прызыву. Тут, на маю думку, варта дадаць яшчэ і тое, што ніводная нацыянальная армія, якая адмовілася ад тэрміновай службы, да яе так і не вярнулася. Таму мы і тут знаходзімся ў класічнай для двух апошніх дзесяцігоддзяў незалежнасці сітуацыі — адмаўляюцца відавочныя тэндэнцыі, прынцыпы і падыходны, якія рана ці позна будуць прызнаныя і выкарыстаныя і ў нас. Толькі час губляецца», — лічыць Шыла.

На яго думку, эфектыўнасць, большую падрыхтаванасць і матываванасць асабістага складу прафесійных войскаў абмяркоўваць наогул не варта. Разам з тым, трэба казаць пра плюсы адмовы ад прызыву: «Перадусім, гэта вырашэнне праблемы пазастатутных узаемаадносінаў, канкрэтна звязаных і пабудаваных на прызыву, змяншэння ўзроўню карупцыі сябраў медычных камісіяў і супрацоўнікаў ваенкаматаў, магчымасць выбару для маладых людзей. Апошняе мяне таксама падаецца істотным — бараніць Радзіму можна не толькі з аўтаматам у руках, атрыманне адукацыі — таксама плюс нацыянальнай бяспецы краіны».

Але ж «проста казаць пра пераход да прафесійнага войска і крытыкаваць уладу ў сувязі з наяўнасцю агульнага прызыву азначае займацца папулізмам. Хто б не быў сярод кіраўнікоў краіны, раптоўнай і імгненнай змены не адбудзецца — граюць ролю тыя ж фінансавыя чыннікі і сацыяльныя наступствы скарачэння Узброеных сілаў. Аднак мне падаецца важным прызнаць сёння наяўнасць праблемаў і вызначыцца з канцэпцыяй, якая б тыя праблемы ўлічвала. Бо сённяшняя пазіцыя Мінабароны, што ў нашым войску праблемаў няма, вельмі шкодная для яго перспектываў».

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Народная программа

Последние новости