Навіны Навіны Руху

Рух «За Свабоду» патрабуе прызнаць залежнасць ад Расіі пагрозай для суверэнітэту

Рух «За Свабоду» патрабуе прызнаць залежнасць ад Расіі пагрозай для суверэнітэту

1888 Праглядаў Мінск
Еўрапейская інтэграцыя павінна быць прызнаная адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі, уладам варта выконваць рэкамендацыі міжнародных арганізацыяў, а таксама прызнаць залежнасць ад Расіі пагрозай для незалежнасці і выйсці з саюзаў з ёй, лічаць сябры арганізацыі.

Сябры Руху «За Свабоду» у выніковай рэзалюцыі справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая прайшла 15 снежня ў Мінску, «Аб еўрапейскім выбары Беларусі» заявілі пра падтрымку больш цеснага супрацоўніцтва з краінамі дэмакратычнага Захаду і далейшага ўключэння Беларусі ў агульнаеўрапейскую прастору, а таксама пра неабходнасць дыялогу ЕС і Беларусі з улікам не толькі эканамічных і палітычных інтарэсаў, але і абароны правоў чалавека.

«Мы падтрымліваем далейшы ўдзел Беларусі ў праграме ЕС „Усходняе партнерства“ і лічым доўгатэрміновай мэтай для краіны ўступленне ў Еўрапейскі Саюз», — сказана ў рэзалюцыі.

Сярод першачарговых крокаў развіцця Беларусі і ЕС у арганізацыі бачаць завяршэнне перамоваў па спрашчэнню візавага рэжыму, пашырэнне кантактаў у эканамічнай сферы, узмацненне супрацоўніцтва з недзяржаўнымі арганізацыямі, незалежнымі СМІ і адукацыйнымі інстытутамі.

«Мы лічым недастатковымі крокі беларускіх уладаў для абароны беларускага суверэнітэту і эканамічнай незалежнасці ад Расійскай Федэрацыі і выказваем заклапочанасць працягам наступу на правы і свабоды беларускіх грамадзянаў, рэпрэсіямі ў адносінах да незалежных прафсаюзаў, СМІ і палітычных апанентаў з боку беларускіх уладаў», — падкрэслілі аўтары рэзалюцыі.

Рух «За Свабоду» запатрабаваў ад ад беларускіх уладаў паважаць свабоду слова, сходаў і асацыяцыяў, адмовіцца ад практыкі пераследу палітычных апанентаў.

Акрамя таго, як лічаць у арганізацыі, афіцыйны Мінск павінны прызнаць «эканамічную і палітычную залежнасць ад Расійскай Федэрацыі пагрозай для беларускага суверэнітэту», таму трэба «выйсці з палітычных, ваенных і эканамічных саюзаў з гэтай краінай», а таксама «абвесціць курс на інтэграцыю з Еўрапейскім Саюзам адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі».

Беларускім уладам таксама варта выконваць рэкамендацыі еўрапейскіх і міжнародных арганізацый, у тым ліку ў сферы лібералізацыі выбарчага заканадаўства і правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў, увядзення мараторыю з далейшай адменай смяротнага пакарання, сістэмных эканамічных рэформаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны