Навіны Навіны Беларусі

Удзельнікі экспедыцыі ў гонар 100-годдзя БНР прайшлі па Нёмане больш за 50 кіламетраў

Удзельнікі экспедыцыі ў гонар 100-годдзя БНР прайшлі па Нёмане больш за 50 кіламетраў

1969 Праглядаў Бярозаўка
Больш за тыдзень працягнулася экспедыцыя на плытах па Нёмане ў гонар 100-годдзя БНР. Кепскае надвор’е перашкодзіла дайсці да канцавой кропкі маршруту, але арганізатары, сябры Руху «За Свабоду», ўсё роўна ацэньваюць выправу як паспяховую.

Ад Бярозаўкі ў сплаў 21 верасня накіраваліся два плыты. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы экспедыцыі адыграла грамадская ініцыятыва «Спадчына».

«Пры ўсіх хібах — кепскае надвор’е, кепскае надвор’е і кепскае надвор’е — мэты экспедыцыі былі дасягнутыя цалкам», — сказаў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак.

Па ягоных словах, гэтым разам яны пратэставалі нашыя магчымасці ў арганізацыі такога маштабу акцыі — «100 год БНР». «Гэта ўжо нацыянальны ўзровень. Былі правераныя тэхнічныя сродкі, адпрацаваная сістэма сувязі рэгіянальных суполак і арганізацый — Мінск, Ліда, Бярозаўка, Гародня, Масты», — дадаў Ашурак.

«Прайшло ўсё проста выдатна, хоць і не ўвесь маршрут прайшлі. Планавалі да Лунна прайсці, але, нажаль, моцны сустрэчны вецер не дазволіў ісці далей. Апошні дзень змагаліся з ветрам літаральна за кожны метр», — адзначыў яшчэ адзін арганізатар экспедыцыі, сябра Руху «За Свабоду» Сяргей Пантус.

Жыхары вёсак ставіліся нармальна, распавёў ён. «Рыбакоў было не шмат, але, некаторыя з тых, што былі, віталі нас словамі: „Жыве Беларусь!“», — прыгадаў актывіст Руху.

Па ягоным меркаванню такія вандроўкі важныя таму, што па-першае, гэта візуальна паказвае, што ёсьць неабыякавыя людзі, і тыя, хто пабачыў нашыя банеры, сцягі, магчыма, упершыню пацікавяцца гісторыяй БНР.

«Па-другое, гэта яднае людзей. Таму мы запрашалі людзей з розных рэгіёнаў далучацца. І па-трэцяе, такія ўзварушэнні, на маю думку, бадзёраць і даюць сілы для далейшага змагання за будучыню Беларусі, для далейшага будаўніцтва Беларусі!» — заключыў Пантус.

«Наступным годам будзе нешта іншае. Будзе больш удзельнікаў. Будзе больш разнастайная праграма. Думаем зрабіць на грунце такіх вандровак пляцоўку для сустрэчы і дыялогу усіх партыйных і грамадскіх арганізацый нашага рэгіёну. У перспектыве — усёй Беларусі», — упэўнены Ашурак.

«Трэба быць рэалістамі і ставіць перад сабою нерэальныя мэты. тады мы і зменім нашу шэрую рэальнасць», — дадаў ён.

Фота Арцёма Лявы, Сяргея Пантуса і Вольгі Быкоўскай

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны