Навіны Навіны Беларусі

Сябры Руху «За Свабоду» паскардзіліся ў пракуратуру на абразу беларускай мовы ў раёнцы

Сябры Руху «За Свабоду» паскардзіліся ў пракуратуру на абразу беларускай мовы ў раёнцы

1468 Праглядаў Ліда
Аўтар «Лідскай газеты» абразліва выказаўся ў артыкуле пра беларускую мову, а таксама «змагароў» і «свядомых», якія аддаюць сваіх дзяцей у беларускамоўныя групы ў садках.

Падставай для артыкула «Интерес в этом деле скорее личный» за аўтарствам Антона Быстрыцкага, які быў надрукаваны ў «Лідскай газеце» ад 27 чэрвеня, стала колькасць абітурыентаў, што здаюць беларускую мову пры паступленні.

«Тэма «мовы» даўно выкарыстоўваецца беларускай апазіцыяй. Сярод беларусаў бытуе меркаванне, што беларускую мову любілі б болей, каб «змагары» не каверкалі яе і не выкарыстоўвалі «мову» ў якасці інструмента ў сваёй «незалежнай» дзейнасці», - робіць высновы аўтар.

Ён пагардліва выказваецца пра беларускамоўны ўніверсітэт, адкрыццё якога рыхтуе кіраўнік Таварыства беларускай мовы і пра бацькоў, якія аддаюць дзяцей у беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках (называючы іх «свядомымі»).

«Артыкул, відавочна, распальвае варожасць паміж рознамоўнымі часткамі адзінага беларускага грамадства. Змест артыкула цалкам супярэчыць патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у частцы моўных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь», - лічаць сябры Руху «За Свабоду» Валер Мінец і Сяргей Пантус, якія накіравалі сёння скаргу на раёнку пракурору рэгіёну, Міністэрства інфармацыі, Лідскі райвыканкам і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Аўтары звароту запатрабавалі ад Мінінфармацыі прыняць меры па недапушчэнню распальвання варожасці ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі на моўнай глебе, надаць магчымасць сапраўднай роўнасці ў выкарыстанні абедзвюх дзяржаўных моваў.

Яны просяць пракуратуру і следчы камітэт даць прававую ацэнку як выказванням аўтара, так і дзеянням кіраўніцтва газеты, якое дапусціла друк дадзенага артыкула, і пакараць вінаватых, бо лічаць, што дзеянні «трапляюць пад дзеянне артыкула 9.22 КоАП РБ (парушэнне заканадаўства аб мовах)». Актывісты Руху «За Свабоду» просяць райвыканкам разгледзіць «мэтазгоднасць знаходжання на пасадзе галоўнага рэдактара «Лідскай газеты»».

«Мы ўжо былі на прыёме кіраўніка ідэалогіі райвыканкама Ірыны Рабец, яна з паразуменнем паставілася да такой рэакцыі. Такія артыкулы – недапушчальныя», - пракаментаваў сайту Pyx.by яшчэ адзін мясцовы сябра Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак.

Актывіст адзначыў, што за час працы галоўным рэдактарам Кацярыны Серафіновіч газета зрусіфікавалася, і абразлівыя артыкулы ў бок беларускай мовы з'яўляюцца там не ўпершыню – таму ў скарзе ёсць патрабаванне пра звальненне кіраўніка СМІ.

«Падобныя дэмаршы нельга ігнараваць, і мы не будзем», - заключыў Вітольд Ашурак.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:

Апошнія навіны