«Жудасныя умовы. Прыбіральні ў камерах не прадугледжаныя, стаіць вядро. Смурод у камеры як у прыбіральні на вакзале. У нармальную прыбіральню выводзяць раз на дзень», — распавёў сайту Pyx.by Ігар Салавей.
Па ягоных словах, калі выводзяць, вырашае начальнік ІЧУ.
«Кармілі тры разы на дзень. Ежа, у прынцыпе, нармальная, есці можна.Кружкі не даюць, яны ёсць ёсць, проста не хочуць мыць пасля нас. Таму людзі карыстаюцца абрэзанымі напалову бутэлькамі. У „вядро“ з-пад маянэзу наглядчык наліваў гарбату і кісель, і з яго ўсе пілі», — дадаў актывіст Руху «За Свабоду».
Часам не хапала і лыжак: у адзін дзень на камеру з шэсці чалавекам выдзялілі ўсяго тры. «Я спытаў, што я павінны есці як сабака з талеркі? На што наглядчык заявіў, што мы можам есці лыжкамі па чарзе», — дадаў Салавей.
«На пачатку мы сядзелі з Алесем Рамановічам у розных камерах, але пад час укамплектацыі перасялілі ў адну. Алесь трымаецца добра, мы жартавалі, што яшчэ зробіш у такой сітуацыі», — дадаў Ігар Салавей.
Па ягоных словах, Алесь хацеў абскардзіць прысуд, але нягледзячы на абяцанні начальніка ІЧУ, да яго так і не прыйшоў адвакат.
У камеры, дадаў актывіст Руху, было халодна, на прагулкі не вадзілі, бо «няма дворыку».
Перадачы прымаюць, але толькі ад сваякоў, пінскі актывіст распавёў сайту Pyx.by, што ў яго перадачу для Рамановіча прымаць адмовіліся.