Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію імя Віктара Сырыцы

Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію імя Віктара Сырыцы

1473 праглядаў Мінск
Рашэннем Рады Руху «За Свабоду» заснаваная прэмія імя Віктара Сырыцы у памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі. Ёй будуць уганароўвацца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны.

«Віктар Сырыца, які год таму пайшоў з жыцця, быў асобай, вядомай не толькі ў Баранавічах. Ён усё жыццё аддаў асвеце, беларушчыне. Віктар быў выкладчыкам, арганізатарам фэстаў і мерапрыемстваў па нацыянальным адраджэнні і папулярызацыі беларускай мовы, сабраў культурны асяродак. Мы прынялі рашэнне ўшанаваць ягоную памяць праз заснаванне прэміі», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, прадстаўляючы праект палажэння прэміі перад Радай.

Па ягоных словах, стварэнне прэміі прадугледжвае дазвол на выкарыстанне імя ад сям’і, і гэтая згода была атрыманая.

«Сэнс прэміі у тым, каб знаходзіць, выяўляць рэгіянальныя культурніцкія ініцыятывы, якія часам не заўважныя на нацыянальным узроўні, але маюць вялікае значэнне для мясцовай супольнасці», — патлумачыў Губарэвіч.

«Прапановы намінантаў на прэмію высоўваюцца сябрамі Рады Руху «За Свабоду» і структурамі арганізацыі, сказана ў палажэнні, прынятым радай. Галасаванне за кандыдатаў будзе весціся да 25 лютага, прэмія будзе ўручацца 5 сакавіка, у дзень народзінаў Сырыцы. Грашовая частка прэміі будзе фарміравацца за кошт добраахвотных ахвяраванняў.

Рада прызначыла каардынатарам прэміі сябра Рады з Баранавічаў Анэлю Камбалаву.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны