Навіны Навіны Беларусі

Суд аштрафаваў сябраў Руху «За Свабоду» за патрабаванне сумленных выбараў

Суд аштрафаваў сябраў Руху «За Свабоду» за патрабаванне сумленных выбараў

2151 прагляд Мінск
Агулам на 65 базавых велічыняў аштрафаваў суд сябра Рады Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца і сябра Руху Алеся Марчанку па абвінавачванні ў парушэнні закона «Аб масавых мерапрыемствах».

12 верасня, адразу пасля галасавання на парламенцкіх выбарах, ў Мінску прайшла акцыя «За сапраўдныя выбары». Яна была ініцыяваная палітыкам Мікалаем Статкевічам. Па выніках на шэраг удзельнікаў былі складзеныя пратаколы.

14 кастрычніка прайшоў суд над актывістам Руху «За Свабоду» Алесем Марчанкам. «Марчанка з 18 да 18.50 парушыў усталяваны ст.10 закона „Аб масавых мерапрыемствах“ парадак правядзення мітынгу, што выразілася ў прыняцці ім актыўнага ўдзелу ў правядзенні мітынгу без дазволу», — сказана ў пастанове суда.

Марчанка сваёй віны не прызнаў. Аднак супраць яго выступалі два супрацоўнікі міліцыі, якія не змаглі звязна прадставіць сваю пазіцыю і адказаць на ўсе пытанні актывіста Руху. Аднак, суд у выніку прыняў бок абвінавачвання і прызнаў актывіста вінаватым, аштрафаваўшы на 15 базавых велічыняў (315 рублёў).

19 кастрычніка суд разгледзеў справу ў адсутнасці сябра Рады Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца. Супраць Алеся Лагвінца сведчылі тыя ж міліцыянты, што і супраць Марчанкі — Алебовіч і Бусянкоў, акрамя таго, суд гэтак сама ж выкарыстаў у якасці доказаў «фотаздымкі з месца здарэння».

Суд палічыў неабходным пакараць сябра Рады Руху «За Свабоду» больш вялікім штрафам — 50 базавых велічыняў — 1050 рублёў. Бо, па іх дадзеных, гэта не першае парушэнне за год.

«Гэта трэці адміністрацыйны штраф у гэтым годзе за нібыта парушэнне закону „Аб масавых мерапрыемствах“ (папярэднія былі за 19 і 25 сакавіка). Таксама 28 кастрычніка атрымаў уведамленне з міліцыі, што яны скончылі „падрыхтоўку справы“ аб нібыта правапарушэнні ля Мінскага гарадскога суду ў першы дзень працэсу над Эдуардам Пальчысам. Відаць, будзе 4 штраф па той жа ч. 3 арт.23.34», — пракаментаваў справу ў сябе ў Facebook Алесь Лагвінец.

Алесь Лагвінец плануе абскардзіць рашэнне суда. Алесь Марчанка вырашыў ад гэтага адмовіцца.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны