Навіны Навіны Беларусі

Кандыдатам прапануюць прайсці незалежную экспертызу подпісаў

Кандыдатам прапануюць прайсці незалежную экспертызу подпісаў

2504 праглядаў
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч выступіў з ініцыятывай правядзення незалежнай экспертызы па выяўленні несапраўдных подпісаў грамадзян за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Створаная для гэтага грамадская камісія стане на гэтым этапе выбараў альтэрнатывай Цэнтрвыбаркаму і падкантрольным яму рэгіянальным выбарчым камісіям.

Мэта — не дапусціць параду кандыдатаў, якія былі б зарэгістраваныя з сумнеўнымі 100 тысячамі подпісамі, як гэта было на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году.

Пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў Юрась Губарэвіч збіраецца звярнуцца да іх з пытаннем пра гатоўнасць прайсці падобную праверку подпісаў. У грамадскую камісію могуць увайсці праваабаронцы, незалежныя назіральнікі, журналісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, любых дэмакратычных структур, якія не бяруць удзелу ў выбарах і не падтрымліваюць якога-кольвек з кандыдатаў.

Юрась Губарэвіч так тлумачыць мэтазгоднасць дадатковай праверкі подпісаў:

«У Цэнтрвыбаркаме выказалі засцярогу, што выбары-2015 будуць нецікавымі пры малой колькасці кандыдатаў. Гэта азначае, што, як і пяць гадоў таму, ва ўлады і яе апанентаў могуць супасць жаданні рэгістраваць і рэгістравацца любым коштам, без сумленнага пераадолення падпіснога цэнзу ў 100 тысяч подпісаў грамадзян».

Адзін з кіраўнікоў Руху «За Свабоду» нагадаў, што з часу апошніх выбараў не суціхаюць размовы, што сярод зарэгістраваных кандыдатаў хапала тых, хто гэтыя самыя неабходныя 100 тысяч аўтографаў беларусаў рэальна не сабраў:

«Прычым народная пагалоска не шкадуе большасць тагачасных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва — і тых, хто пасля выбараў у дэмакратычных колах стаў нерукапаціскальным, і тых, хто даказаў, што ўмее трымаць удар рэпрэсіўнай сістэмы».

Цяпер, на думку Губарэвіча, сабраць 100 тысяч подпісаў будзе яшчэ складаней:

«Рух „За Свабоду“ як адзін з ініцыятараў „Народнага рэферэндуму“ у гэтым пераканаўся на практыцы. Усе выдатна разумеюць, што за апошні час сіл у апазіцыі больш не стала. Вось і адзін з кандыдатаў на выбарах-2010, у подпісах якога, мабыць, было менш за ўсё сумневаў пяць гадоў таму, заяўляе, што яго ранейшая каманда наўрад ці збярэ гэтыя самыя 100 тысяч зараз ужо за іншую персону».

На коне стаіць пытанне рэпутацыі апазіцыйных сіл, адзначае палітык:

«Памятаючы 2010 год, гаворка вядзецца аб неабходнасці яе ачышчэння. Таму што недавер да апазіцыйных кандыдатаў рыкашэтам б’е па іміджы ўсіх дэмакратычных сілаў. У тым ліку і тых, хто выбары ігнаруе.

У рэальны збор 100 тысяч подпісаў павінен у першую чаргу паверыць дэмакратычны электарат. Толькі тады ён зможа разгледзець у прэтэндэнтах на прэзідэнцтва тых, хто не з’яўляецца статыстам або спарынг-партнёрам Лукашэнкі. Інакш цяперашняя апазіцыя прайграе і ў маральна-палітычным плане ў вачах мільёнаў прыхільнікаў пераменаў. Маючыя адбыцца выбары, якія і так нічога добрага не абяцаюць, могуць зусім стаць для яе апошнімі».

«Рэвізія не спалохае палітыкаў, якія сур’ёзна настроены на збор рэальных 100 тысяч подпісаў і наступную рэгістрацыю ў якасці кандыдата. Незалежна ад таго, ці будуць збірацца гэтыя подпісы з аплатай або без аплаты працы зборшчыкаў», — разважае Губарэвіч.

Што тычыцца тэхнічных момантаў, то незалежная праверка подпісаў можа быць праведзена паралельна з аналагічнай працай афіцыйных выбарчых камісій. Падпісныя лісты як у арыгіналах, так і ксеракопіях могуць быць правераны ў прысутнасці прадстаўнікоў кандыдатаў. Ацэнка подпісаў цалкам можа ажыццяўляцца дэцэнтралізавана — у любым абласным або буйным горадзе.

«Гэтая працэдура не зойме шмат часу, няма ў ёй і нічога архіскладанага, — кажа Юрась Губарэвіч. — Як чалавек, праз якога ў свой час прайшлі дзясяткі тысяч подпісаў у падтрымку кандыдатаў усіх узроўняў, а таксама „Народнага рэферэндуму“, я ведаю многія тонкасці выяўлення нядобрасумленных зборшчыкаў. Так, вызначыць „левыя“ подпісы, намаляваныя ў адну-дзве валанцёрскія рукі, можна нават пры беглым візуальным аглядзе падпіснога ліста. Само сабой павінна быць ажыццёўлена і выбарачная „празвонка“ грамадзян, якія падпісаліся за прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва».

На думку першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду», вынікі праверкі павінны стаць публічнымі:

«Каб выбаршчыкі ведалі, хто мае права весці адкрытую выбарчую барацьбу далей, а хто зарэгістраваны для масоўкі. Пэўныя высновы можна будзе зрабіць і на падставе адмовы патэнцыйных кандыдатаў прайсці гэты своеасаблівы дэтэктар фальшывых подпісаў».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны