Пра Рух «За Свабоду»

Ідэя стварэння Руху "За Свабоду" ўзнікла падчас хваляў грамадcкіх пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2006 году. Ад самага пачатку Рух яднае прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння, дэмакратычнага і еўрапейскага шляху развіцця Беларусі.

У снежні 2008 Рух "За Свабоду", з чацвертай спробы, атрымаў рэгістрацыю Міністэрства юстыцыі як праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне. Ад моманту стварэння Рух ачольваў Аляксандр Мілінкевіч, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах-2006, лаўрэат прэміі Еўрапейскага Парламенту імя Сахарава "За свабоду думкі". У кастрычніку 2016 года арганізацыю ўзначаліў палітык Юрый Губарэвіч.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 году Рух "За Свабоду" праводзіў уласную кампанію па назіранні. Некаторыя сябры Руху працавалі ў камандах кандыдатаў, якія ўвайшлі ў кааліцыю "Беларускі выбар". Пасля выбараў Рух "За Свабоду" засяродзіўся на дапамозе пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў, а таксама на працы па кансалідацыі грамадства і дэмакратычных сілаў.

Паводле статуту, мэтай ПАГА "Рух "За Свабоду" з'яўляецца абарона правоў і свабодаў чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў міжнародных дакументах па правах чалавека і асвета грамадзян у гэтай сферы.

Задачамі ПАГА "Рух "За Свабоду" з’яўляюцца:

  • садзейнічанне пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, сцвярджэнню прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека;
  • садзейнічанне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, падвышэнню яе міжнароднага аўтарытэту;
  • садзейнічанне стварэнню ўмоваў для правядзення ў Беларусі ўсеагульных, свабодных і роўных выбараў прэзідэнта, дэпутатаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Таксама прыярытэтам дзейнасці ПАГА Рух "За Свабоду" з’яўляецца паступовая інтэграцыя Беларусі з Еўрапейскім Звязам.

У 2007 годзе Рух "За Свабоду" падрыхтаваў праект платформы Наша бачанне будучай Беларусі.

Сацыяльныя сеткі:

Кампаніі

Дзейнасць